Расія. У Дзярждуме прапануюць, каб рэклама расказвала пра супрацу кампаній з Трэцім Райхам

Кіраўнік расійскай партыі «Родина», чалец камітэту Дзярждумы па абароне Аляксей Жураўлёў накіраваў на разгляд расійскага парламенту законапраект, паводле якога грамадзянаў РФ трэба больш поўна інфармаваць пра кампаніі, якія некалі супрацоўнічалі з гітлераўскай Нямеччынай.



nacysty_article_big.jpg

Расійскі народны абраннік упэўнены, што прадукцыі гэтых фірмаў адмовіцца частка расіян. Дэпутат лічыць сімвалічным, што законапраект уносіцца ў дзень пачатку Вялікай Айчыннай вайны — 22-га чэрвеня.

Паводле законапраекту, рэклама прадукцыі падобных кампаній мусіць абавязкова мець указанне на дачыненні з фашыстамі, сцверджанне пра злачыннасць якіх — таксама абавязковае. Парламентарый адзначае, што гаворка не ідзе пра забарону той ці іншай прадукцыі, а толькі пра больш поўнае інфармаванне патэнцыйных пакупнікоў, падаюць izvestia.ru.


Па словах Жураўлёва, яго ініцыятыва накіравана, каб перадухіліць скажэнне гістарычных фактаў і інфармаваць маладое пакаленне. Ён упэўнены, што гэтыя захады неабходныя ў перыяд абвастрэння стасункаў Расіі з Захадам. 


«Трэба прызнаць, што адбываецца скажэнне вынікаў Другой сусветнай вайны. Некаторыя медыі пішуць пра тое, што ў Японіі шмат хто з падлеткаў упэўненыя, што Хірасіму і Нагасакі бамбаваў Савецкі Саюз, а амерыканцы аддана іх ратавалі. Тое самае робіцца і ў Еўропе. Не ва ўсёй, але тэндэнцыя відавочная і зразумелая, — тлумачыць аўтар законапраекту. — Каб наша гісторыя не скажалася, неабходна маладому пакаленню памятаць і ведаць, што адбывалася ў ХХ стагоддзі, і што ёсць у Расіі на сённяшні дзень тыя фірмы, якія ў свой час актыўна працавалі на Трэці Рэйх, выраблялі атрутныя рэчывы, якімі труцілі наш народ, выраблялі зброю і самалёты».

Народны абраннік таксама аргументуе неабходнасць прыняцця законапраекту тым, што прадстаўнікі заходніх кампаній нярэдка разбэшчваюць расійскіх чыноўнікаў, падбухторваючы да хабараў.


«На самай справе да нас прыходзяць заходнікі і разбэшчваюць грашыма нашых чыноўнікаў», — упэўнены дэпутат.


У прыклад, калі кампаніі пагражаюць нацыянальнай бяспецы Расіі, Жураўлёў ставіць кампанію «Siemens», якая, па ягонай інфармацыі, доўгія гады цесна супрацоўнічае з Федэральнай разведвальнай службай Нямеччыны. Кампанія «Ikea», на думку парламентарыя, нажываецца на паборах з прадпрымальнікаў. 


Падтрымаў ініцыятыву Жураўлёва чалец камітэту Дзярждумы па інфармацыйнай палітыцы, інфармацыйных тэхналогіях і сувязі Аляксей Казакоў (ЛДПР). Ён упэўнены, што будзе правільным ведаць тых, хто зарабляў на бядзе.
 


«Гэта будзе нядрэнны закон. Напэўна, закране шмат якія амерыканскія кампаніі, якія зараблялі, прадаючы тавары ў час Вялікай Айчыннай вайны і нацыстам, і СССР», — растлумачыў дэпутат.


Іншы дэпутат Дзярждумы Віктар Клімаў («Единая Россия») лічыць, што ў шматлікіх кампаніях даўно змяніліся ўласнікі — прыйшлі іншыя людзі з іншым менталітэтам і ўяўленнямі. Да таго ж, на ягоную думку, змянілася палітычная прастора ды адносіны паміж народамі, што не дазваляе цяпер рабіць акцэнты на супрацы некага з гітлераўскай Нямеччынай.


Віцэ-прэзідэнт «Siemens» у Расіі і Цэнтральнай Азіі па сувязях з дзяржаўнымі органамі Сяргей Крылоў негатыўна паставіўся да прапановы Жураўлёва.


«Спадзяюся, што гэты законапраект не будзе прыняты. Усе гэтыя рэчы даўно вядомыя, і няма сэнсу вярэдзіць мінулае. Тым больш, што калі пайсці па гэтым шляху, то можа адкрыцца вельмі шмат рознага, што датычыцца не толькі нямецкіх і італьянскіх кампаній», — адзначыў бізнесовец.
 


Па дадзеных медыяў з нямецкім рэжымам пасля прыходу да ўлады Гітлера супрацоўнічалі шматлікія амерыканскія і еўрапейскія кампаніі: «Chase Bank» (цяпер «JP Morgan Chase»), «Ford», «Allianz», «Nestle», «General Electric» ды іншыя.
 

belsat.eu