Эксперт: расійская эканоміка не рухне
Але Расія будзе станавіцца ўсё больш беднай, ізаляванай і варожай да Захаду.
Рэзкае падзенне цаны на нафту і заходнія санкцыі не прывялі да калапсу расейскай эканомікі. Прэзідэнт краіны Уладзімер Пуцін нават заявіў, што глыбокага крызісу ў Расіі няма. Пры сённяшнім узроўні цэнаў на нафту расійская эканоміка можа пратрымацца некалькі гадоў — сцвярджае эксперт маскоўскага Інстытуту Гайдара Кірыл Рогаў. Аднак Расея будзе станавіцца ўсё больш беднай, ізаляванай і варожа настаўленай да Захаду. Колькі пражыве пуцінская эканоміка — высвятляў у эканаміста Аляксандр Папко.
Доўгія гады, дзякуючы высокім цэнам на нафту, у Расеі раслі заробкі, павялічваліся выдаткі на інфраструктуру, армію й паліцыю, падтрымліваўся эканамічны рост. Аднак у 2014 годзе цэны на нафту рэзка ўпалі. З-за санкцыяў, накладзеных на Расею пасля анексіі Крыму, Масква страціла магчымасць пазычаць грошы за мяжой.
Расейская эканоміка не абвалілася ў выніку санкцыяў. Аднак яна ўвайшла ў доўгі перыяд павольнага падзення. Пра гэта піша эканаміст Кірыл Рогаў у сваім дакладзе «Ці можа «пуціноміка» выжыць?», апублікаваным Еўрапейскай радай па замежных стасунках.
Спад даходаў насельніцтва выклікае падзенне попыту і вытворчасці, закручваючы спіраль стагнацыі — кажа эксперт.
К. Рогаў: Скарачэнне ўнутранага спажыванне выклікае скарачэнне вытворчасці, якое, у сваю чаргу, выклікае скарачэнне занятасці і далейшае падзенне спажывання. Эканоміка Расеі зараз развіваецца паводле гэтай базавай мадэлі.
Дэвальвацыя расейскага рубля падштурхнула вытворчасці, якія працуюць на экспарт. Гэта дрэваапрацоўка, вытворчасць угнаенняў, металургія і вытворчасць абсталявання. Аднак падзенне заробкаў прывяло да абвалу ў галінах прамысловасці, якія працавалі на ўнутраны расейскі рынак. Скарацілася вытворчасць аўтамабіляў, тэкстылю, бытавой тэхнікі, спынілася будаўніцтва.
Золатавалютныя рэзервы за год упалі на чвэрць — з 510 мільярдаў даляраў да 385. Цяпер падзенне золатавалютных рэзерваў спынілася. Аднак яно ўзновіцца, калі цэны на нафту пойдуць уніз.
К. Рогаў: Вялікі карпарацыйны доўг і немагчымасць яго рэфінансаваць шляхам пазыкаў на знешніх рынках робіць макраэканамічныя паказчыкі Расеі менш прывабнымі. Калі кошты на нафту ўпадуць яшчэ больш і сальда яшчэ больш пагоршыцца, то праблема карпарацыйнага доўгу абвострыцца. Ціск на рубель узмацніцца.
Скарачэнне попыту на расейскім рынку моцна ўдарыла па беларускіх прадпрыемствах. Сітуацыя хутка ня выправіцца. Пастаўкі беларускіх тавараў у Расею ўзновяцца толькі тады, калі яны стануць нашмат больш таннымі за заходнія — кажа Кірыл Рогаў.
К. Рогаў: Калі беларуская прамысловасць зможа скараціць выдаткі і стаць больш канкурэнцыйнай, то яна ў перспектыве зможа замяніць тавары заходніх краінаў, якія ў выніку дэвальвацыі рубля, сталі менш даступнымі.
У 2015 годзе Расея павялічыла выдаткі на войска, міліцыю і выплату пенсіяў. Павялічылася субсідаванне прадпрыемстваў у так званых «монагарадах». Акрамя таго Масква павялічыла выдаткі на прапаганду. Прыярытэтам Крэмль лічыць устойлівасць улады, а не эканамічнае развіццё — кажа Кірыл Рогаў.
К. Рогаў: У «антыкрызісным» бюджэце 2015 году выдаткі на абарону, унутраную бяспеку і праваахоўную дзейнасць складаюць 35%. Таксама высокія выдаткі на сацыяльныя патрэбы, на дзяржаўны апарат. Рэсурсаў на тое. Каб інвеставаць у эканоміку, ужо не хапае.
Як будзе развівацца сітуацыя ў расійскай эканоміцы і палітыцы ў бліжэйшыя гады? Расейская эканоміка, насуперак прагнозам шматлікіх каментатараў, не разваліцца. Аднак краіна будзе станавіцца ўсё больш беднай, ізаляванай і варожай да Захаду.
К. Рогаў: Улады спрабуюць стварыць больш бедную, зачыненую, немадэрнізаваную эканоміку. Яна будзе знаходзіцца ў стагнацыі і пры гэтым будзе даволі самадастатковай. А варожасць да Захаду будзе заставацца дамінантай палітычнага курсу.
«Аднак я не стаў бы заяўляць, што ізаляваная стагнуючая расейская эканоміка пратрымаецца 10-15 гадоў», — кажа Кірыл Рогаў. На думку эксперта, эканамічныя працэсы разгайдаюць канструкцыю Пуціна нашмат хутчэй.
Размаўляў Аляксандр Папко