Па росце спажывецкіх цэн у студзені—маі Беларусь заняла трэцяе месца на тэрыторыі былога СССР
Рост спажывецкіх цэн у Беларусі па выніках студзеня—мая 2015 года склаў 6,5%. На тэрыторыі былога СССР гэта трэці паказчык, сведчыць праведзены БелаПАН аналіз даных нацыянальных органаў статыстыкі. Па выніках студзеня (2,4%), студзеня—лютага (4,1%) і першага квартала (4,9%) Беларусь была чацвёртай, студзеня—красавіка (5,9%) — трэцяй.
Наперадзе Украіна (40,1%) і Расія (8,3%). За Беларуссю размясціліся Малдова (5,6%), Азербайджан (4,3%), Таджыкістан (2,6%), Грузія (2,4%), Латвія (2,3%), Казахстан, Эстонія (па 1,5%), Арменія (1,4%), Кыргызстан (1,2%) і Літва (0,3%). Няма даных з Узбекістана. У Туркменістане за першы квартал цэны павялічыліся на 5,8% (больш свежая статыстыка адсутнічае).
У самаабвешчанай Прыднястроўскай Малдаўскай Рэспубліцы, якая мае ўласную фінансавую сістэму, цэны знізіліся за пяць месяцаў на 0,6%.
У маі з ростам цэн на 0,7% Беларусь заняла другое месца пасля Украіны (2,2%). Далей ідуць Грузія, Латвія (па 0,6%), Літва, Малдова (па 0,5%), Расія (0,4%), Казахстан, Таджыкістан (па 0,3%) і Эстонія
(0,2%). У Арменіі цэны знізіліся на 0,5%, у Азербайджане — на 0,6%, у Кыргызстане — на 0,8%.
Па выніках года фінансавыя ўлады Беларусі прагназуюць інфляцыю на ўзроўні 16—20%. Раней, да снежаньскай дэвальвацыі рубля, планавалася ўтрымаць рост цэн у межах 12%. У 2014 годзе цэны
павялічыліся на 16,2%.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН