Партыя БНФ звярнулася па тлумачэнні ў Раду бяспекі і Мінабароны Беларусі
Управа Партыі БНФ 19 чэрвеня накіравала ў Дзяржаўны сакратарыят Рады бяспекі і ў Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь зварот, дзе просіць даць тлумачэнні наконт наяўнасці расійскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі.
"Па інфармацыі агенцтва “Інтэрфакс”, 15 чэрвеня 2015 г. каардынатар Упраўлення генеральных інспектараў міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі генерал арміі Ю. Якубаў заявіў, што ў бліжэйшы час “претерпит значительные изменения российская общевойсковая группировка в Белоруссии” (www.interfax.ru).
Паводле дадзеных з адкрытых крыніц, Управа Партыі БНФ мае звесткі пра наяўнасць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь двух вайсковых аб’ектаў Расійскай Федэрацыі, — радыёстанцыі
“Антэй” і радыёлакацыйнай станцыі “Волга”, — а таксама аб дыслакацыі звяна расійскіх ваенных самалётаў у раёне г. Баранавічы. Звесткі пра наяўнасць на
тэрыторыі Рэспублікі Беларусь “расійскай агульнавайсковай групіроўкі” ў адкрытых крыніцах адсутнічаюць.
На падставе артыкула 40 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і артыкула 59 Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, Управа Партыі БНФ звяртаецца да Савета бяспекі Рэспублікі Беларусь і
Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь з патрабаваннем пацвердзіць альбо абвергнуць факт дыслакацыі агульнавайскавой групіроўкі Узброеных сілаў Расійскай Федэрацыі на тэрыторыі Рэспублікі
Беларусь.
У выпадку пацверджання наяўнасці названай групіроўкі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, Управа Партыі БНФ патрабуе ад названых структураў публічна паінфармаваць грамадзян Рэспублікі Беларусь на
падставе якіх прававых актаў гэтая групіроўка знаходзіцца на тэрыторыі нашай дзяржавы, яе колькасны склад і раёны дыслакацыі.
Адказ на зварот просім даць па сутнасці і ў вызначаныя заканадаўствам Рэспублікі Беларусь тэрміны".
Паводле прэс-службы Партыі БНФ