Украіна спрасціла парадак атрымання віду на жыхарства для некаторых беларускіх грамадзян
Урад Украіны на ініцыятыву Міністэрства ўнутраных спраў ухваліў пастанову аб спрашчэнні працэдуры атрымання віду на часовае жыхарства для беларусаў.
Скарыстацца гэтым парадкам змогуць толькі тыя беларусы, якія з’яўляюцца прадпрымальнікамі або высокакваліфікаванымі спецыялістамі ў сферы інфармацыйных тэхналогій і інавацый ды адмыслоўцамі, якіх «востра патрабуе эканоміка Украіны» — менавіта такім чынам сфармулявана ва ўрадавай пастанове, перадае Радыё Свабода.
«Мы гаворым пра высокакваліфікаваных спецыялістаў, якія хочуць жыць і працаваць ва Украіне. Прапануецца, што такія асобы і чальцы іх сем’яў адначасова з дазволам на іміграцыю могуць падаваць заявы на від на жыхарства. Апроч таго, працэдура разгляду па атрыманні такіх відаў на жыхарства будзе ажыццяўляцца ў скарочаны тэрмін за тры працоўныя дні», — сказаў прэмʼер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль на пачатку пасяджэння, анансуючы рашэнне ўрада.
Такі парадак будзе працаваць да 31 снежня 2021 года.
На пачатку кастрычніка прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў указ №420/2020 «Аб некаторых захадах для прыцягнення прадпрымальнікаў, высокакваліфікаваных спецыялістаў — грамадзянаў Рэспублікі Беларусь».
Беларускі бок назваў гэты дакумент недружалюбным і дыскрымінацыйным крокам, а МЗС Беларусі ўручыў ноту ўкраінскаму амбасадару з прычыны таго, што Украіна прыняла гэты ўказ «у парушэнне агульнапрынятых праўных нормаў распаўсюджвае сваё дзеянне выключна на грамадзян суседняй дзяржавы».
Пазней украінскія ўлады паабяцалі спрасціць парадак легалізацыі беларусаў, якія са жніўня пачалі ўцякаць ва Украіну ад рэпрэсій за ўдзел у выбарчай кампаніі альтэрнатыўных кандыдатаў і ў акцыях пратэсту. Але на практыцы ўсе гэтыя змены неістотныя, і тычацца толькі адной катэгорыі грамадзян — уласнікаў ІТ-бізнесу і іх супрацоўнікаў.
Беларусы звяртаюцца да Зяленскага
На мінулым тыдні грамадзяне Беларусі, якія знаходзяцца ва Украіне ўжо больш за 90 дазволеных заканадаўствам дзён, пікетавалі Офіс прэзідэнта Украіны з заклікам спрасціць парадак атрымання віду на жыхарства, каб яны маглі працаўладкавацца.
Большасць беларускіх уцекачоў прызнаюцца, што найчасцей звяртаюцца ў міграцыйныя органы па від на жыхарства як валанцёры, якімі яны насамрэч не з’яўляюцца. 22 снежня адна з украінскіх грамадскіх арганізацый зладзіла «круглы стол» з удзелам беларускіх уцекачоў аб праблемах іх легалізацыі ва Украіне, але мерапрыемства праігнаравалі запрошаныя прадстаўнікі двух міністэрстваў — замежных і ўнутраных справаў.
Адсутнасць спрошчанай сістэмы легалізацыі ва Украіне прымушае большасць беларусаў выязджаць далей у Еўропу. Найчасцей ужо на ўкраінскай тэрыторыі яны звяртаюцца ў консульствы Літвы ці Польшчы па атрыманне гуманітарных візаў.