Цяпер беларусам не трэба будзе выязджаць з Украіны праз 90 дзён

Кабінет міністраў Украіны апублікаваў пастанову, згодна з якой павялічваецца тэрмін часовага знаходжання грамадзян Беларусі на тэрыторыі краіны.



zaglushka_granica_novaya_guta_720_480.jpg

У пастанове Кабміна Украіны № 1302 ад 23 снежня сказана, што грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія прыбылі ва Украіну на законнай падставе, могуць часова знаходзіцца на яе тэрыторыі не больш за 180 дзён на працягу 365 дзён.

Парадак вылічэння гэтага тэрміну ўстанаўліваецца МУС. Раней гэты тэрмін быў абмежаваны 90 днямі на працягу паўгода.

Новае правіла будзе дзейнічаць да канца 2021 года.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў пачатку кастрычніка падпісаў указ аб прыцягненні прадпрымальнікаў і высокакваліфікаваных спецыялістаў з Беларусі. Пасля чаго паслу Украіны ў Беларусі Ігару Кізіму ўручылі ноту пратэсту.

У кастрычніку кіраўнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун паведаміў, што ва Украіну з верасня з'ехалі каля 3 тысяч беларусаў. Пазней Лукашэнка заявіў, што тых, хто з'ехаў за мяжу спецыялістаў, у тым ліку ўрачоў, не пусцяць на радзіму.

Паводле tut.by, www.currenttime.tv