Ва Украіне прапануюць павысіць адказнасць за невакцынацыю дзяцей

Міністэрства аховы здароўя Украіны мае намер ініцыяваць змены заканадаўства, каб прадугледзець дадатковую адказнасць за невакцынацыю дзяцей. Прычынай стала ўспышка адзёру, ад якога ў краіне ўжо памерлі тры чалавекі.

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Паводле слоў в.а. міністра аховы здароўя Украіны Ульяны Супрун, "трэба ўнесці змены ў законы, якія рэгламентуюць пытанні вакцынацыі і ўзмацніць адказнасць за адмову ад вакцынацыі, як гэта зроблена ва ўсім цывілізаваным свеце", піша liga.net.
"Лячэнне ад адзёру не існуе. Імунітэт ад хваробы стварае вакцынацыя. Невакцынаваныя дзеці і дарослыя хварэюць цяжка. Адзін з 900 памірае ад ускладненняў. Толькі вакцынацыя дае імунітэт. З больш за 1 млн 300 тыс вакцынаваных за мінулы год няма ніводнага смяротнага выпадку", — сказала Супрун.
Яна патлумачыла, што ўспышка захворвання на адзёр паўстала цяпер таму, што ў 2016 годзе ахоп вакцынацыяй ад адзёру быў ніжэй за 50%.
Сярод тых, хто захварэў на адзёр, больш за 85% не былі цалкам абаронены прышчэпкай (гэта значыць, двума дозамі вакцыны супраць адзёру, краснухі і паратыту).
У Еўрапейскім рэгіянальным бюро Сусветнай арганізацыі аховы здароўя занепакоеныя тым, што ва Украіне ёсць умовы для эндэмічнага (характэрнага для канкрэтнай тэрыторыі) распаўсюджванне віруса. Ад ускладненняў у выніку захворвання на адзёр у Адэскай вобласці ў першыя дні студзеня памёрла пяцігадовае дзіця, 17 студзеня ў Адэсе памёр дарослы чалавек. 18 студзеня ад адзёру памёрла дзіця. Гэта трэцяя пацверджаная афіцыйна ахвяра з пачатку 2018 года.
***
Інкубацыйны перыяд (час, калі сімптомы хваробы яшчэ не праяўляюцца) адзёру складае ад 6 да 21 сутак, пасля чаго ў хворага павышаецца тэмпература, з'яўляецца галаўны боль, насмарк і сухі кашаль. Таксама павялічаны лімфавузлы і запалёная слізістая абалонка вачэй (назіраюцца слязістасць, святлабоязь і гнойныя выдзяленні), пазней сярод сімптомаў — панос і ваніты. На 4-5 дзень праявы хваробы з'яўляецца чырвоная сып, якая пачынаецца з скуры галавы і твару, а затым распаўсюджваецца на ўсё цела. Хвароба з сімптомамі доўжыцца да месяца і больш.
У адзёру могуць быць сур'ёзныя ўскладненні — пнеўманія, вушная інфекцыя, энцэфаліт і іншае, што можа прывесці да інваліднасці і нават смерці.