Ва Украіне звыш тысячы ўдзельнікаў АУН-УПА атрымаюць статус ветэранаў вайны
Вярхоўная Рада Украіны на заканадаўчым узроўні замацавала статус удзельнікаў баявых дзеянняў за тымі грамадзянамі, якія змагаліся за незалежнасць у ХХ стагоддзі, паведамляе svaboda.org.
Размова ідзе пра грамадзян, якія змагаліся ў шэрагах Украінскай паўстанцкай арміі, Украінскай паўстанцкай арміі атамана Тараса Бараўца (Бульбы) «Палеская сеч», Украінскай народнай рэвалюцыйнай арміі (УНРА) і ўзброеных падраздзяленняў Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў.
Адпаведныя змены ў закон «Аб статусе вэтэранаў вайны, гарантыях іх сацыяльнай абароны» падтрымалі 236 з 326 дэпутатаў, зарэгістраваных у сесійнай залі.
Цяпер Кабінет міністраў Украіны мае зацвердзіць адпаведны парадак аб наданні такім грамадзянам статусу ветэранаў. Паводле інфармацыі Усеўкраінскага брацтва АУН-УПА імя генэрал-харунжага Рамана Шухевіча, цяпер колькасць удзельнікаў нацыянальна-вызваленчага руху ХХ стагоддзя складае 1201 асобу. Найбольшая іх частка пражывае ў Заходняй Украіне — у Ровенскай вобласці (217 грамадзян), у Карпатах (191), Валынскай (164) і Львоўскай (105) абласцях. З наступнага году ўсе удзельнікі гэтых фармаванняў змогуць звярнуцца спачатку па рэабілітацыю як палітычна рэпрэсаваныя, а потым — па атрыманне статусу ветэранаў вайны.
Вядома, што ў шэрагах АУН-УПА ваявалі і беларусы. Паводле ўкраінскіх гісторыкаў, прысутнасць беларусаў ва ўкраінскім вызваленчым руху была абумоўлена найперш тым, што гэты рух развіваўся на землях, якія мяжуюць з Беларуссю — у Валынскай і Ровенскай абласцях. Сетка АУН і атрадаў УПА дзейнічала таксама і на тэрыторыі сучаснай Берасцейскай вобласці.