Расійскія сілавікі распавялі сваю версію затрымання Паўла Грыба

Расійскія аператыўнікі крымінальнага вышуку, якія праходзіць сведкамі ў працэсе па справе ўкраінца Паўла Грыба, распавялі, што затрымалі яго ў Смаленскай вобласці Расіі. Сам Грыб сведчыць, што быў затрыманы іншымі асобамі і наагул у беларускім Гомелі, паведамляе Белсат.

pavel_gryb_660x371.jpg


У канцы жніўня 2017 года Павел Грыб знік падчас паездкі ў Беларусь. Пасля ФСБ Расіі паведаміла ўкраінскім дыпламатам аб тым, што Грыб затрыманы і знаходзіцца ў СІЗА Краснадара.

Паўлу Грыбу прад’яўленае абвінавачванне ў тым, што ён пераконваў знаёмую жыхарку Краснадарскага краю падарваць самаробнае выбуховае прыстасаванне на выпускной лінейцы ў адной з сочынскіх школ. 7 лістапада суд падоўжыў тэрмін арышту да 24 красавіка 2019 года. 15 лістапада Паўночна-Каўказскі акруговы вайсковы суд у Растове-на-Доне прыступіў да разгляду справы Грыба.

Паводле сайту «Каўказскі вузел», падчас судовых пасяджэнняў сведкі абвінавачвання далі паказанні, якія супярэчаць іх ранейшым сведчанням. Раней яшчэ адна сяброўка галоўнай сведкі таксама часткова адмовілася ад сваіх ранейшых паказанняў на судзе, заявіўшы, што Яршова і Грыб не абмяркоўвалі планы тэракту і палітыка не была асноўнай тэмай іх гутарак.

На апошнім судовым пасяджэнні 6 снежня допыт трох сведак адбываўся па відэасувязі з гарнізонным ваенным судом Смаленска.

Першым даваў паказанні Аляксандр Бяспалаў, які ў жніўні 2017 года займаў пасаду старшага оперупаўнаважанага ўпраўлення крымінальнага вышуку па Смаленскай вобласці, а цяпер — дырэктар аўтасэрвісу.

«Я знаходзіўся на працоўным месцы ў вячэрні час, паступіла аператыўная інфармацыя, і я сумесна з Яўгенам Мацюховым выехалі на машыне ў горад Ярцава, дзе ў райаддзеле нам выдзелілі супрацоўніка Аляксандра Мазурава. Мы прыехалі на вакзал, дзе на пероне каля будынку ўбачылі невядомага нам падазронага маладога чалавека. Мы падышлі, прадставіліся, паказалі свае службовыя пасведчанні. Грамадзянін ніяк не адрэагаваў, падаў пашпарт грамадзяніна Украіны. Вёў сябе падазрона. Мы папрасілі яго прайсці з намі ў аддзел, ён пагадзіўся праехаць з намі. Мы яму «адкаталі» пальцы, было ўстаноўлена, што ён знаходзіцца ў вышуку. Было паведамлена ініцыятару вышуку — ФСБ аб тым, што ён затрыманы», — распавёў Аляксандр Бяспалаў.

Бяспалаў удакладніў, што затрыманне Грыба адбывалася каля 20.00–21.00. Павел Грыб «растлумачыў, што едзе да знаёмай у горад Сочы», пры сабе ў яго быў толькі пашпарт, заявіў былы аператыўнік.

Адказваючы на пытанні адваката Марыны Дубровін, сведка сказаў, што Грыб знаходзіўся на пероне вакзалу адзін і прыцягнуў увагу «падазронымі паводзінамі».

«Калі адзін чалавек на адным месцы ходзіць па пероне і глядзіць туды-сюды, па баках —гэта падазрона. Я 10 гадоў працаваў ва ўпраўленні крымінальнага вышуку, паверце мне», —сказаў сведка.

Сам Павел Грыб не стаў задаваць пытанні сведку і абверг яго словы: Я гэтага чалавека бачу ўпершыню, ён мяне не затрымліваў, і я не ведаю, пра што яго пытацца», —выказаўся праз перакладчыка падсудны.

«Я быў затрыманы ў горадзе Гомель, Беларусь, 24 жнiўня 2017 года. Невядомыя людзі закінулі мяне ў мікрааўтобус і вывезлі праз мяжу», —дадаў Грыб, абвінаваціўшы ў затрыманні супрацоўнікаў ФСБ.

Адказваючы на пытанні суда, Аляксандр Бяспалаў сказаў, што арыенціроўку на Паўла Грыба ён не атрымліваў, а паступала «вусная інфармацыя». Крыніцу інфармацыі сведка назваць адмовіўся, але дадаў, што гэта асоба «раней працаваў у УБАЗ».

Па словах паліцэйскага, Грыб аб ужыванні да яго гвалту і прымусовым дастаўленні яго праз мяжу не заяўляў. «Мы прывезлі яго ў дзяжурную частку аддзелу «Ярцэўскі». Без яго згоды мы б не маглі зняць адбіткі яго пальцаў. Ён не супраціўляўся, да яго не ўжываліся кайданкі і фізічная сіла», – запэўніў суддзяў Бяспалаў.

Па просьбе пракурора Аляксея Ханені канвойныя падвялі Грыба да відэакамеры ў куце залы для апазнання. Бяспалаў сказаў, што пазнае Грыба.