Вайна тыранам ці павага да дзяржаўнага суверэнітэту?
Дваццаць гадоў таму, 20 сакавіка (па мясцовым часе) 2003 года, пачалася наземная аперацыя войскаў ЗША і іх саюзнікаў у Іраку, мэтай якой было звяржэнне рэжыму Садама Хусейна. Якія наступствы гэта мела для тырана, амерыканцаў, іракцаў і ўсяго рэгіёна Сярэдняга Усходу?
Гэтая падзея вартая таго, каб заняць сваё пачэснае месца ў найноўшай гісторыі. Яна прымусіла задумацца над метадамі і прынцыпамі сучаснай міжнароднай палітыкі. Роўна як і над тым, хто з дзяржаў з’яўляецца дамінуючай сілай, лідарам у свеце і якія прыкметы, рысы, характарыстыкі дазваляюць нам такога лідара вызначыць.
Нельга казаць, што гэтая падзея была зусім новай і ўнікальнай з’явай. Напрыклад, праведзеная амаль за дваццаць гадоў да гэтага амерыканская аперацыя на Грэнадзе таксама мела мэтай звяржэнне палітычнага рэжыму, і яна таксама не атрымала ўхвалення з боку ААН і міжнароднай супольнасці. Але што адрознівае аперацыю ў Іраку ад усіх астатніх падзей, у якіх можна знайсці падобныя рысы, гэта менавіта маштабы ўспрыняцця яе як экспертамі, так і шырокімі масамі насельніцтва ў самых розных рэгіёнах планеты. Гэта прыводзіць да фарміравання новых запытаў да міжнароднай палітыкі і да паводзін на міжнароднай арэне.
Некаторых уварванне ў Ірак і наступныя за гэтым падзеі прымусілі зрабіць выснову, што нават, падавалася б, адназначна станоўчыя мэты і эфектыўныя метады могуць мець разбуральныя наступствы, а пераможная ваенная кампанія зусім не з’яўляецца гарантыяй перамогі ў цэлым. З гэтага выцякаюць дзве праблемы, над вырашэннем якіх давядзецца працаваць людзям у бліжэйшай перспектыве: наколькі дапушчальным можа быць уварванне ў суверэнную краіну з мэтай замены кіраўніцтва гэтай каріны і наколькі апраўданым з’яўляецца выкарыстанне вайсковай сілы для дасягнення сваіх мэт у чужой краіне. Ад таго, якія адказы знойдуць на іх людзі, будзе залежаць наша агульная будучыня.
Складанасці і супярэчнасці ў сувязі з гэтай аперацыяй з’явіліся яшчэ на стадыі падрыхтоўкі да яе.
«Кепскі хлопец»
Ніхто не аспрэчваў (за рэдкім выключэннем), што Садам Хусейн – «кепскі хлопец». Не дарэмна яго найчасцей параўноўвалі з Гітлерам і Сталіным. Ягоны «паслужны спіс» сапраўды цягне на класічнага тырана, які нясе пагрозу як уласнаму народу, так і суседнім. Што Садам не аднойчы даказваў на практыцы.
Па сваіх палітычных поглядах ён быў прадстаўніком арабскага нацыяналізму ў спалучэнні з арабскім сацыялізмам — плыняў, якія зрабіліся папулярнымі ў арабскім свеце пасля Другой сусветнай. З 1968-га ён займаў пасаду віцэ-прэзідэнта Ірака, але ўжо ў гэты перыяд меў значны ўплыў на палітыку краіны. Вялікія прыбыткі ад нафтаздабычы ён накіроўваў на мадэрнізацыю сельскіх рэгіёнаў, што прыносіла яму папулярнасць сярод бяднейшых слаёў насельніцтва. Ён будаваў сабе рэнамэ «апошняга абаронцы арабскай нафты» ад ізраільскіх і іранскіх канкурэнтаў, што таксама ўздымала ягоныя рэйтынгі сярод іракцаў. У 1975-м ён падпісаў 15-гадовую дамову з СССР аб сяброўстве і супрацоўніцтве. Чым, па меркаванні гісторыкаў, кінуў сур’ёзны выклік сістэме бяспецы на Сярэднім Усходзе, архітэктарамі якой з’яўляліся Злучаныя Штаты.
Зрабіўшыся ў 1979-м прэзідэнтам, Хусейн, перш за ўсё, правёў дэманстратыўную чыстку сярод лідараў партыі БААС, якую сам і ўзначальваў. У выніку частка лідараў апынулася ў турме на доўгія гады, 22 чалавекі былі расстраляны. Усяго за гады ягонага кіравання ад рэпрэсій загінула да 250 000 чалавек. І гэта — толькі ў Іраку.
На ягоным сумленні яшчэ і агрэсія супраць суседніх краін. У верасні 1980-га ён напаў на Іран, які, падавалася, будзе лёгкай ахвярай праз тое, што там за год да гэтага адбылася рэвалюцыя. Але вайна расцягнулася амаль на восем гадоў і кашатвала да паўмільёна жыццяў вайскоўцаў з абодвух бакоў і яшчэ больш за сотню тысяч цывільных грамадзян. Уварванне іракскіх войскаў у Кувейт у 1990-м прывяло да гібелі тысячы жыхароў гэтай краіны. Дзеля таго, каб вырашыць крызіс, была ўтворана кааліцыя з 35 краін на чале з ЗША, якая правяла ваенную аперацыю па вызваленні Кувейта. Пры гэтым загінулі, былі паранены ці трапілі ў палон сотні тысяч іракцаў.
Дагэтуль раз-пораз усплывае пытанне: чаму ўжо тады не была вырашана «праблема Садама» і ён застаўся ва ўладзе. Існуе меркаванне, што гэта адбылося дзякуючы высілкам вядомага савецкага, а потым расійскага выведчыка, палітыка і дыпламата Яўгенія Прымакова. Падчас крызісу ў Заліве Прымакоў быў спецыяльным пасланнікам савецкага прэзідэнта Гарбачова ў Іраку з мэтай схіліць Садама да вываду іракскіх войскаў з Кувейта. У той час вайсковая сіла кааліцыі была больш эфектыўная, чым угаворы Прымакова. Але ў выніку Прымакоў, за якім стаялі аўтарытэт Гарбачова і ягонай «perestroyki», прыклаў сваю руку да захавання Садамам улады.
Частковае вырашэнне праблемы не з'яўляецца вырашэннем
Нават пасля паражэння ад міжнароднай кааліцыі ў 1991-м Садам не змяніў сваіх паводзін. Больш за тое, захаваўшы прэзідэнцкую пасаду, ён лічыў сябе пераможцам у вайне супраць ЗША і міжнароднай кааліцыі. Што ўздымала ягоны аўтарытэт сярод арабаў. Ён працягваў праводзіць крывавыя аперацыі супраць нацыянальных меншасцей Ірака, у першую чаргу — курдаў. Зноў былі дзясяткі тысяч ахвяр.
Для ЗША і іх саюзнікаў гэта было падставай для занепакоенасці. Тым больш што падчас вайны з Іранам, а таксама ў аперацыях супраць курдаў ён прымяняў забароненыя міжнародным правам сродкі масавага знішчэння. У першую чаргу — хімічную зброю. Акрамя таго, пачалі з’яўляцца чуткі, што Садам гатовы да распрацоўкі ўласнай ядзернай зброі. З улікам ягонага характару, можна было чакаць вельмі цяжкіх наступстваў для рэгіёна Персідскай затокі (роўна як і для ўсяго свету), калі б такая зброя сапраўды апынулася ў ягоных руках. Не змяншала гэтай занепакоенасці і адмысловая камісія ААН, чальцы якой вялі маніторынг вытворчасці зброі ў Іраку. Яна за ўвесь час сваёй дзейнасці не знайшла прыкмет вытворчасці менавіта забароненай зброі масавага паражэння, але нельга казаць, што іракскі рэжым не замінаў ёй працаваць і даваў доступ да ўсіх падазроных аб’ектаў.
Калі жадаеш быць лідарам свету
З 1998-га замена ўрада ў Іраку зрабілася афіцыйнай мэтай знейшняй палітыкі ЗША. Што ж тычыцца метаду дасягнення гэтай мэты, дык стаўка была зроблена на старую добрую вайсковую сілу. Што можа быць прасцей за выкарыстанне падрыхтаванага сучаснага высокатэхналагічнага амерыканскага войска супраць адсталай ва ўсіх адносінах, узброенай састарэлымі савецкімі танкамі і самалётамі арміі Ірака? Ваеннае рашэнне — самае лепшае, як сцвярджаюць некаторыя і ў наш час.
Тым не менш, фармальных падстаў для рэалізацыі задуманага не было. Тэрарыстычная атака на ЗША 11 верасня 2001-га скранула справу з «мёртвай кропкі». Нельга сказаць упэўнена, што тэрарысты былі звязаны з Іракам. Былі толькі меркаванні, што адбываліся нейкія таемныя сустрэчы і кансультацыі паміж іракскім кіраўніцтвам і Аль-Каідай. Але аніякіх пацвярджэнняў таму не існавала. Тым не менш, Джордж Буш-малодшы, які тады займаў пасаду прэзідэнта Злучаных Штатаў, быў настроены рашуча.
12 верасня 2002-га ён выступіў са зваротам да Генеральнай Асамблеі ААН, у якім, спасылаючыся на шматлікія выпадкі парушэння правоў чалавека, а таксама на меркаваныя факты распрацоўкі зброі масавага паражэння іракскімі ўладамі, настойваў на неабходнасці ліквідацыі рэжыму Садама. У кастрычніку таго ж года Кангрэс ЗША прыняў рэзалюцыю, якая ўхваляла любыя дзеянні прэзідэнта ў дачыненні да Ірака. Да вясны 2003-га і грамадства ў Злучаных Штатах пачало схіляцца да меркавання аб ваенным рашэнні «іракскай праблемы».
Пра міжнародную супольнасць і грамадскае меркаванне іншых краін нельга было казаць таго ж. Нават у бліжэйшых саюзнікаў ЗША планы ваеннай аперацыі па звяржэнні Садама выклікалі, у лепшым выпадку, сумненні. Супраць выступалі і суседзі ЗША па кантыненце — Мексіка і Канада, і еўрапейскія саюзнікі па НАТО — Нямеччына, Францыя. Супраць былі і азіяцкія краіны, у тым ліку — Кітай і Інданезія. Але ніхто з апанентаў гэтых планаў не з’яўляўся настолькі моцным і аўтарытэтным, каб быць у стане процістаяць амерыканцам. Нават адсутнасць падтрымкі з боку ААН не магла іх спыніць.
Адзінай моцнай апазіцыяй Злучаным Штатам тады выступіла якраз грамадскае меркаванне. На пачатку 2003-га, калі ўжо ішла падрыхтоўка да ваеннай аперацыі, па ўсім свеце прайшлі масавыя маніфестацыі, удзельнікі якіх пратэставалі супраць вайны. Асаблівыя маштабы гэтыя пратэсты прынялі ў Заходняй Еўропе. У Рыме іх удзельнікамі зрабіліся тры мільёны чалавек. У цэлым жа з пачатку студзеня да сярэдзіны красавіка 2003-га ўсяго ў пратэстах прынялі ўдзел 36 мільёнаў чалавек ва ўсім свеце. Гэта прымусіла тагачаснага галоўнага карэспандэнта газеты «The New York Times» зрабіць выснову, што ў свеце засталіся толькі дзве суперсілы: ЗША і грамадскае меркаванне.
Людзі, якія прынялі ўдзел у антываенных акцыях, дзейнічалі з большай рашучасцю, чым палітыкі. Але і іхняй рашучасці не хапіла для таго, каб спыніць Злучаныя Штаты на шляху да ўварвання ў Ірак. Дык што ж так матывавала адміністрацыю Буша-малодшага да выкарыстання, нягледзячы ні на што, ваеннай сілы супраць суверэннай дзяржавы?
Так, найбольш папулярнай у публікацыях падставай уварвання ЗША і іх саюзнікаў у Ірак з’яўляецца праграма распрацоўкі зброі масавага паражэння, асабліва — ядзернай. Як казала тагачасная дзяржсакратарка Кандаліза Райс, «мы не жадаем, каб дымок з рулі стрэльбы меў выгляд ядзернага грыба», маючы на ўвазе, што лепш папярэдзіць пагрозу, чым мець справу з яе наступствамі. Тое ж тычылася і хімічнай зброі. Калі наконт ядзернай праграмы Хусейна меліся сумненні ў яе рэальнасці, дык хімічная зброя даволі цвёрда асацыявалася з імем іракскага дыктатара.
Але, як высветлілася ў далейшым, надзейных фактаў, якія б пацвярджалі распрацоўку і вытворчасць такой зброі ў Іраку, не было. Былі здагадкі, дадумкі і інтэрпрэтацыі. Не было ўсталявана і адназначнай сувязі паміж Садамам і тэрарыстычнымі атакамі на ЗША.
Існуюць і іншыя меркаванні наконт таго, што прывяло адміністрацыю Белага Дома да пачатку ваеннай аперацыі. Некаторыя аналітыкі лічаць, што сапраўднай падставай было жаданне прадэманстраваць усім дыктатарскім рэжымам (сірыйскаму, іранскаму, лівійскаму), якія існавалі ў той час і сваімі дзеяннямі неслі пагрозу міру і стабільнасці, што Злучаныя Штаты працягваюць заставацца сусветным лідарам і маюць магчымасці і волю правесці хуткую аперацыю ў любым рэгіёне свету дзеля ліквідацыі любой (нават патэнцыйнай) пагрозы.
Калі гэтая матывацыя сапраўды была галоўнай, дык тады яна не прынесла поспеху. Нават калі яе не было і галоўным быў страх перад магчымасцю з’яўлення ў Садама ядзернай зброі, дык і тады аперацыя нанесла моцны ўдар па статусе ЗША як лідара міжнароднай палітыкі.
Нельга кіраваць імперыяй, седзячы на кані
З ваеннага пункту гледжання аперацыя была эфектыўнай. 19 сакавіка былі нанесены ўдары з паветра, а 20 сакавіка пачалася наземная аперацыя, у якой на першым этапе прынялі ўдзел сілы ЗША, Брытаніі, Аўстраліі і Польшчы (з боку апошняй удзельнічалі 194 байцы аддзелаў спецыяльнага прызначэння). На месцы ім аказвалі дапамогу атрады іракскіх курдаў.
Актыўная фаза аперацыі заняла ўсяго 26 дзён. 9 красавіка быў узяты Багдад. 1 траўня Джордж Буш урачыста абвясціў пра паспяховае завяршэнне аперацыі. Садам Хусейн здолеў уцячы, але 13 снежня 2003-га яго знайшлі і арыштавалі. У лістападзе 2006-га суд вынес яму смяротны вырак за забойствы, незаконныя затрыманні і катаванні людзей. 30 снежня таго ж года яго павесілі. Падавалася б, мэта ЗША дасягнута, галоўны вораг мёртвы.
Але ў выніку правядзення аперацыі высветлілася непрыемная рэч. Як кажа старая кітайская мудрасць, можна заваяваць імперыю, седзячы на кані, але кіраваць імперыяй, седзячы на кані, немагчыма. Амерыканцы вельмі хутка пераканаліся ў гэтым. План ажыццявіць вайсковае ўварванне, прыбраць «кепскага хлопца» і замяніць яго «добрым» гучыць вельмі прывабна. Вось толькі на практыцы спроба яго здзейсніць прыводзіць, як высвятляецца, да цяжкіх наступстваў.
Звяржэнне рэжыму Садама знешнімі сіламі не прывяло да міру і стабільнасці ў Іраку. Наадварот, яно нарадзіла ланцуг падзей, якія выйшлі за межы гэтай краіны. З «выніковай» прамовай Буша ад 1 траўня анічога не скончылася. Як не скончылася анічога і з вывадам у 2011-м акупацыйных войскаў. Тэрыторыя Ірака зрабілася полем процістаяння разнастайных палітычных сіл, якія асноўным інструментам палітычнай барацьбы бачылі зброю. Па тых запаветах, якія данесла ім знешняя палітыка ЗША. Горш за тое, атручаная гвалтам тэрыторыя Ірака адыграла істотную ролю ў народзінах і існаванні такой прыкрай з’явы, як Ісламская Дзяржава. З якой тым жа Злучаным Штатам зноў давялося змагацца.
Будучыня застаецца нявызначанай
Такая «эфектыўнасць» метадаў знешняй палітыкі не магла выклікаць добрыя пачуцці ў жыхароў рэгіёна да Злучаных Штатаў. Нягледзячы на тое, што грамадскае меркаванне не здолела спыніць Амерыку ў 2003-м, яно здолела нанесці моцны ўдар па рэнамэ ЗША як звышдзяржавы, здольнай кантраляваць сітуацыю ў праблемных кропках планеты. А таксама па тых метадах, якія амерыканцы (а да іх — французы, брытанцы) выкарыстоўвалі ў апошнія дзесяцігоддзі для дасягнення сваіх мэт у Азіі, Афрыцы і Лацінскай Амерыцы.
Гэта адкрывае цяпер магчымасці для іншых дзяржаў, якія прэтэндуюць на званне сусветных лідараў. Пакуль амерыканцы выкарыстоўвалі бомбы і снарады, да краін Сярэдняга Усходу на мяккіх лапках падкраўся Кітай. Які прапанаваў зусім іншае: мір, сяброўства і эканамічныя сувязі. Што і сталася прычынай яго дыпламатычных поспехаў. Гэта не значыць, што Кітай нясе дабро, а ЗША — зло. Але гэта значыць, што дабро ў нашым свеце мусіць быць вельмі абачлівым пры выбары сваіх метадаў. Тым больш што сітуацыя ў Іраку і ва ўсім рэгіёне Сярэдняга Усходу працягвае заставацца далёкай ад стабільнасці.
Не менш складаным з’яўляецца пытанне пра магчымасць вонкавага ўварвання ў краіну, якой кіруе тыран. Адзін з мацнейшых іспанскіх інтэлектуалаў XVI стагоддзя Франсіска дэ Віторыя дапускаў справядлівасць такога ўварвання. Але прынцыпы сістэмы міжнародных адносін, якія склаліся ў далейшым, не дазваляюць падобнага. Аперацыя ў Іраку паставіла гэтае пытанне перад інтэлектуаламі сучаснасці. І тут ёсць відавочны канфлікт паміж каштоўнасцямі: дзяржаўны суверэнітэт і правы чалавека. Ад таго, якой з гэтых каштоўнасцей аддасць перавагу чалавецтва, шмат што залежыць у нашай будучыні.