Ватыкан заявіў, што трансгендарных людзей можна хрысціць
Папа Францыск казаў, што Ватыкан можа крыху змякчыць стаўленне да ЛГБТ-супольнасці, піша ВВС.
Людзі, якія здзейснілі трансгендарны пераход, змогуць праходзіць абрад хрышчэння ў каталіцкай царкве, калі гэта не прывядзе да скандалу ці не выкліча «замяшанне», заявіў Ватыкан.
У дактрынальным аддзеле Ватыкана таксама заявілі, што трансгендарныя людзі могуць быць хроснымі бацькамі пры хрышчэнні і сведкамі на вяселлі.
Гэты крок — чарговая спроба Папы Францыска зрабіць Каталіцкую Царкву больш даступнай для ЛГБТ-супольнасці.
У ліпені Пантыфік гаварыў з адным з транс-людзей і сказаў яму, што «нават калі мы грэшнікі, Ён (Бог) набліжаецца, каб дапамагчы нам».
Ватыкан патлумачыў стаўленне да транс-людзей пасля таго, як бразільскі біскуп Хасэ Негры напісаў ліст кіраўнікам царквы з шасцю пытаннямі, якія тычацца ЛГБТ і іх удзелу ў хрышчэнні і шлюбе.
У сераду, 8 лістапада, дактрынальны аддзел з ухвалення Папы Францыска размясціў на сваім сайце трохстаронкавы адказ, падпісаны аргенцінскім кардыналам Віктарам Мануэлем Фернандэсам.
У ім сказана, што трансгендар, у тым ліку які прайшоў гарманальнае лячэнне і аперацыю па змене полу, можа прыняць хрышчэнне на тых жа ўмовах, што і іншыя вернікі, «калі няма сітуацый, у якіх існуе рызыка ўзнікнення публічнага скандалу або дэзарыентацыі сярод вернікаў».
У дакуменце таксама даецца адказ на іншыя пытанні біскупа Негры, у тым ліку, ці могуць трансгендары быць хроснымі бацькамі. У ім гаворыцца, што калі дарослы чалавек прайшоў гарманальнае лячэнне і аперацыю па змене гендару, ён можа быць хросным бацькам або хроснай маці.
Аднак ніжэй сказана, што святары маюць права адхіліць такую просьбу, калі «існуе небяспека скандалу, неапраўданага ўзаконьвання або дэзарыентацыі ў адукацыйнай галіне царкоўнай супольнасці».
У дакуменце досыць выразна выкладзена, што думае каталіцкая царква з нагоды хрышчэння людзей, якія ўчынілі транс-пераход, або іх ролі ў якасці хросных бацькоў. Аднак стаўленне да іншых пытанняў, якія задае біскуп Негры, не такое адназначнае.
На пытанне аб тым, ці могуць бацькі аднаго полу, якія ўсынавілі дзіця або выкарыстоўвалі сурагатную маці, хрысціць дзіця ў царкве, Ватыкан заявіў, што рашэнне святара павінна грунтавацца на «абгрунтаванай надзеі, што ён ці яна будзе выхавана ў рамках каталіцкай рэлігіі».
Гэткім жа неадназначным быў адказ і на пытанне, ці можа чалавек, які знаходзіцца ў аднаполых адносінах, быць хросным бацькам пры царкоўным хрышчэнні. У ім гаварылася, што чалавек павінен «жыць паводле веры».
У кастрычніку Папа заявіў, што аднаполыя пары могуць атрымліваць благаславенне ад святара: паводле яго слоў, да такой просьбы варта ставіцца з «пастырскай міласэрнасцю».
Аднак пры гэтым Францыск дадаў, што царква па-ранейшаму лічыць аднаполыя адносіны адназначна грахоўнымі і не прызнае аднаполыя шлюбы.