Веймар наша ўсё!
Цяжка прайсці міма сотай гадавіны заснавання Веймарскай рэспублікі, урокі якой у свой час праігнаравалі маладыя дэмакратыі экс-СССР.
«Вось у часы Шушкевіча ў нас быў сапраўдны Веймар», — даводзілася чуць ад тых, хто настальгуе па 1990-х гадах. Знаёмыя расіяне кажуць пра Веймар за часамі Ельцына. Нават некаторыя ўкраінцы апошнім часам называюць сітуацыю ва Украіне да 2014-га сваёй версіяй Веймарскай рэспублікі.
Няцяжка зразумець, адкуль такая дзіўная сімпатыя да Веймару (папулярная назва рэжыму, які панаваў у Германіі з 1919 па 1933 гады). Пад азначэннем «Веймарская рэспубліка» разумеюць грамадска-палітычны лад, які папярэднічаў прыходу вайны або аўтарытарызму. Лічыцца, што такому ладу ўласцівыя палітычны і культурны плюралізм, сумленная электаральная канкурэнцыя, дух прадпрымальніцтва і сацыяльных эксперыментаў. Пасля нядаўняга рэлізу папулярнага серыяла «Берлін — Вавілон», дзе зашмат эротыкі, сінонімам Веймара стала яшчэ і сексуальная свабода. Усе пералічаныя тэмы сапраўды больш-менш былі атрыбутыкай нашых рэалій 1990-х гадоў, што і прымушае міжволі называць той час «наш Веймар».
На самай справе, такая з’ява, як Веймарская рэспубліка, была значна больш складанай. Дастаткова згадаць эканамічны крызіс пачатку 1920-х гадоў і яго наступствы ў выглядзе інфляцыі. Сярэдні ўзровень інфляцыі на той час складаў каля 25% на дзень. За тры дні цэны маглі вырасці ўдвая, а за месяц — у тысячу разоў. Фактычна, эканамічная сітуацыя ў даваеннай Германіі была стабільная толькі ў 1924–1929 гадах.
Хаця сто гадоў таму хапала і цікавых рэчаў. Забаўна выглядаў сам гарадскі тэатр у Веймары, дзе 6 лютага 1919 года пачаўся ўстаноўчы сход, які павінен быў прыняць Канстытуцыю новай нямецкай дзяржавы. Пад пасяджэнні камітэтаў аддалі залу для заняткаў балетам, а фракцыя эсдэкаў засядала ў пакоі, дзе звычайна праводзіў рэпетыцыі тэатральны хор. Міністрам пашанцавала не так моцна: Кабмін пісаў свае цыркуляры ў гардэробе. З іншага боку, дырэкцыя Нацбанку ўвогуле павінна была задаволіцца крэсламі ў партэры.
Падобная на анекдот і прычына, чаму дэпутаты сабраліся менавіта ў дастаткова правінцыйным Веймары (сёння яго насельніцтва складае каля 60 тысяч чалавек, а тады было значна меншым). Арганізатарам трэба было знайсці на карце Германіі месца, якое б задаволіла ўсіх. Задача была надзвычай складаная. Берлін адразу адпадаў, паколькі быў сімвалам прускага мілітарызму, да таго ж там адчуваліся наступствы камуністычнага студзеньскага паўстання. Правядзенне сходу на Поўдні выглядала як саступка мясцовым сепаратыстам. Варыянты на Захадзе, напрыклад, у Франкфурце, былі небяспечныя праз суседства з французскім войскам.
Тапаграфічным кансенсусам аказаўся маленькі Веймар у Цюрынгіі. Дарэчы, у свой час яго рэзідэнтамі былі Шылер і Гётэ, што павінна было спрыяць новаму, немілітарысцкаму іміджу Германіі. Лічылася, што гэта можа паўплываць на лідараў Антанты, якія збіраліся выставіць (і хутка выставілі) немцам шалёны рахунак за Першую сусветную вайну.
Увогуле, уся Канстытуцыя аказалася напісаная пад дыктоўку кааліцыі эсдэкаў і леваліберальнай Дэмакратычнай партыі, што мела дэпутацкую большасць. Левыя радыкалы, якія патрабавалі рэспубліку саветаў, і правыя, якія выступалі за жорсткі цэнтралізм, зрабіліся статыстамі. Па выніках сходу Германія стала дэмакратычнай федэральнай дзяржавай, прычым з моцнымі сацыяльнымі гарантыямі для пралетарыяту. Падаецца, вось яна — ідэальная формула развіцця і прагрэсу. Аднак нешта пайшло не так. Праз 14 гадоў Гітлер пачаў разбураць асновы веймарскай мадэлі — прычым, на радасць абсалютнай большасці немцаў. Што ж пайшло не так?
Натуральна, сваю ролю ў краху Веймара адыграла калектыўнае пачуццё нацыянальнага прыніжэння, выкліканае вынікамі Версальскай канферэнцыі. У вачах патрыётаў веймарскі рэжым, які часткова пагадзіўся з Версальскімі дамовамі, стаў сімвалам здрады. Наўрад ці ад аўтараў Веймара таксама залежала сусветная эканамічная кан’юнктура: глабальны крызіс 1929-га падарваў давер да дэмакратыі. Вядома, што перманентная эканамічная нестабільнасць прымушае людзей думаць, быццам усялякі іншы рэжым будзе лепшым за цяперашні.
Аднак часткова віна ляжыць і на бацьках Веймару. Закладзеныя ў закон прынцыпы кампрамісу і кансенсуснай палітыкі сталі бомбай запаволенага дзеяння. У краіне пастаянна змяняліся кабінеты і ўрады, што перашкаджала праводзіць нейкія рэформы да канца. Таму ў грамадстве паступова паўстала замова на радыкалаў, якія могуць рэалізаваць праграму аднаўлення.
Памяркоўныя палітыкі, якія назіралі гэты трэнд, пачалі ўключаць радыкалаў або палітыкаў моцнай рукі ў свае тактычныя схемы, запрашалі іх у якасці партнёраў і рабілі ім рэкламу. Напрыклад, без кааліцыі з кансерватыўнымі партыямі Гітлер не стаў бы канцлерам. У выніку ўчорашнія маргіналы перасталі быць маргіналамі і самі пачалі гуляць па сваіх правілах.
Ёсць думка, што крыніца краху Веймара — гэта дазвол і магчымасць праводзіць рэферэндумы. Тыя ж нацысты вельмі лёгка карысталіся гэтым інструментам, каб гучна заявіць пра сябе. Так, рэйтынгі нацыянал-сацыялістаў моцна выраслі пасля таго, як у 1929 годзе яны правялі моцную агітацыйную кампанію напярэдадні рэферэндуму па праблеме рэпарацый. Практыка рэферэндумаў, якая існавала напачатку будаўніцтва нацысцкай дыктатуры, дазволіла нацыстам вельмі хутка стварыць сабе вобраз абаронцаў народных інтарэсаў.
Цяжка сказаць, ці сапраўды бацькі постсавецкай дэмакратыі дапусцілі адну з памылак, якую зрабілі ў свой час бацькі Веймарскай рэспублікі. Магчыма, Веймар тут не пры чым. Кажуць, што ва ўсім вінаваты слабы розум тагачаснага старога прэзідэнта Паўля Гіндэнбурга, якому ў 1933-м было 87 гадоў. Пішуць, што ён нават не заўважыў, як прызначыў Гітлера канцлерам.
Так ці інакш, але нашы 1990-я гады заўсёды будуць нашым Веймарам.