Выбары, якія зменяць Германію
Першага верасня ў Цюрынгіі і Саксоніі пройдуць выбары ў ландтагі — рэгіянальныя парламенты. Іх вынікі могуць поўнасцю змяніць палітычны ландшафт краіны.
Пра тое, што жарсці напярэдадні выбараў зашкальваюць, сведчыць адзін кур'ёз. Сетка супермаркетаў EDEKA надрукавала ў мясцовых газетах цэлы рэкламны разварот з незвычайным пасажам. «Жоўтыя бананы, чырвоныя памідоры, зялёны салат, фіялетавы вінаград, аранжавая морква, ружовы драконаў фрукт. У аддзеле садавіны і гародніны EDEKA — стракатая разнастайнасць. Ці не? Калі прыглядзецца, вы не ўбачыце аднаго колеру — сіняга. Эвалюцыя навучыла нас: сіні — гэта не лепшы выбар», — напісана ў тэксце.
Сутнасць дыскрэдытацыі сіняга колеру ў тым, што гэта — партыйны колер правапапулісцкай партыі «Альтэрнатыва для Германіі», якая ў піку кіруючай кааліцыі лідзіруе ў апытаннях напярэдадні мясцовых выбараў у абедзвюх землях. У нядзелю ў Саксоніі і Цюрынгіі за яе могуць прагаласаваць да 30 працэнтаў выбаршчыкаў.
Пры гэтым, ёсць сумневы, што агіткі накшталт згаданай вышэй рэкламы ад EDEKA, сур'ёзна адаб'юцца на рэйтынгах правых папулістаў. Хутчэй наадварот — яны ўзмацняюць імідж «Альтэрнатывы» як партыі пратэсту. Прадстаўнікі партыі актыўна карыстаюцца незадаволенасцю жыхароў краіны на адрас курса трохбаковага кааліцыйнага ўрада ў Берліне.
У тым ліку і ў сферы міграцыйнай палітыкі. І тут «Альтэрнатыве», як вядучаму крытыку сучаснай нямецкай міграцыйнай палітыкі, «пашанцавала». Усяго за тыдзень да дня галасавання ў горадзе Золінгене на захадзе краіны былі зарэзаны тры чалавекі — меркавана, саіскальнікам прытулку з Сірыі. Трайное забойства ўзрушыла жыхароў Германіі, выклікаўшы ў грамадстве дэбаты з нагоды іміграцыі і рост сімпатый да «Альтэрнатывы».
У адказ на жорсткія забойствы ў Золінгене нямецкі ўрад выкаціў пакет мер па палітыцы міграцыі. Напрыклад, мігрант, які адправіцца ў родную краіну без важкай прычыны (напрыклад, пахаванне сваяка), застануцца без сацыяльнай дапамогі, паліцыя зможа правяраць людзей на вакзалах, нашэнне нажоў у грамадскім транспарце будзе забаронена і г.д.
Хаця пакуль электарат такіх хадоў не ацаніў. Партыі ўрадавай кааліцыі ў моцным накдаўне: у Саксоніі ў канцлераўскай Сацыял-Дэмакратычнай Партыі (СДПГ) і «Зялёных» па 6%, лібералы з Партыі Вольных Дэмакратаў, хутчэй за ўсё, нават не патрапяць у зямельны парламент. У Цюрынгіі 7% у СДПГ, а «Зялёныя» і лібералы, падобна, увогуле вылятаюць з ландтага.
Затое на левым флангу набірае прыкметную сілу малады левы альянс Сары Вагенкнехт (BSW). Больш за тое, BSW, які быў створаны толькі на пачатку года, мае нават шанцы ўвайсці ў кіруючыя кааліцыі. Не выключаюць, што хрысціянскія дэмакраты, якія будуць мець другія па колькасці мандатаў фракцыі ў ландтагах, прапануюць партыі Сары стварыць сумесныя кабінеты.
Дапускаюць і сцэнар, калі фармаваць урады будзе «Альтэрнатыва». Хаця гэты варыянт мала рэальны, паколькі ўсе астатнія палітычныя партыі ўжо публічна адмовіліся ствараць кааліцыю з ультраправымі — нават у выпадку іх перамогі. Але не будзем забывацца, што на муніцыпальным узроўні кансерватары і «Альтэрнатыва» ўжо супрацоўнічаюць, хоць першапачаткова ад хрысціянскіх дэмакратаў таксама было шмат абяцанняў ігнараваць правых.
Але нават калі «Альтэрнатыва» застанецца за парогам урадавых кабінетаў, яе поспех на выбарах усё роўна будзе выглядаць зневажальнай аплявухай кіруючай эліце. Акрамя таго, перамога «Альтэрнатывы і выхад на сцэну партыі Сары Вагенкнехт непазбежна выкліча палітычную турбуленцыю.
Трохбаковай кааліцыі ў Берліне, якая і без таго занадта хісткая, паражэнне на выбарах пагражае ўнутраным крызісам. Узмоцніцца разрыў паміж Усходам і Захадам краіны. Фактычна ў краіне фармуецца дзве сістэмы са сваёй палітычнай культурай і мясцовымі партыямі. Прыход ва ўладу «Альтэрнатывы» і партыі Сары разбураюць кансэнсус у істэблішменце наконт Украіны. Многія высокапастаўленыя прадстаўнікі АfD не хаваюць сваіх сімпатый да Пуціна. У BSW лічаць, што частка віны за развязванне вайны ва Украіне ляжыць на NATO, а мірнае рашэнне было б магчыма, будзь Захад больш сур'ёзна настроены на дыпламатыю. Так ці інакш, абедзве партыі за спыненне дапамогі Кіеву.
І, нарэшце, не будзем таксама забывацца, што Германія знаходзіцца напярэдадні федэральных выбараў, якія пройдуць у наступным годзе. Калі сцэнар выбараў у Цюрынгіі і Саксоніі часткова паўторыцца на федэральным узроўні, гэта стане выклікам для ўсёй нямецкай мадэлі дэмакратыі.