Выбары, за якімі сочыць увесь свет. Трамп, Харыс і старая-добрая дэмакратыя

Амаль тыдзень таму ў ЗША прайшлі дэбаты кандыдатаў у прэзідэнты Дональда Трампа і Камалы Харыс. І можа падацца, што гэта нязначная падзея — але яна паўплывае на выбары, да якіх засталося трошкі больш за паўтара месяца.

Дональд Трамп і Камала Харыс. Ілюстрацыйны калаж: CNN / «Getty Images»

Дональд Трамп і Камала Харыс. Ілюстрацыйны калаж: CNN / «Getty Images»

10 верасня ў ЗША прайшлі вырашальныя дэбаты паміж кандыдатамі ў прэзідэнты ЗША — Камалай Харыс і Дональдам Трампам. У чым асаблівасць нядаўніх дэбатаў, хто можа атрымаць перамогу на выбарах у лістападзе і якая роля амерыканскіх селебрыці ў выбарах ЗША? Разбіраўся «Цэнтр новых ідэй».

Фактчэкінг у рэжыме рэальнага часу

Адметная рыса дэбатаў Харыс-Трамп — актыўны фактчэкінг з боку мадэратараў канала АВС, на чыёй платформе прайшлі дэбаты. У рэжыме рэальнага часу мадэратар дэбатаў упершыню за іх гісторыю карэктаваў факты, якія не адпавядаюць рэальнасці.

Так, пасля заявы Трампа пра тое, што дэмакраты падтрымліваюць практыку забойства дзяцей пасля нараджэння, вядоўца дэбатаў адрэагаваў: «У гэтай краіне няма аніводнага штата, дзе можна было б забіваць дзіця пасля яго нараджэння». Не засталіся па-за ўвагай і абвінавачванні Трампа, што ўжо сталі мемам, на адрас імігрантаў з Гаіці, якія нібыта ядуць хатніх жывёл жыхароў Агаё.

Актыўнай ролі вядоўцаў у дэбатах не хапала ў папярэднім раўндзе дэбатаў паміж Байдэнам і Трампам, дзе мадэратары CNN не ўмешваліся ў праверку фактаў. Прадстаўнікі CNN растлумачылі, што яны не ставілі перад сабой мэты пярэчыць па сутнасці, бо гэта задача саміх кандыдатаў.


Глядзіце таксама

Дэбаты глядзіць мільённая аўдыторыя па ўсёй краіне і ў свеце. Далёка не заўсёды выбаршчык будзе ўдавацца ў дэталі і правяраць агучаныя сцвярджэнні. У эпоху пост-праўды адыёзныя заявы, якія не адпавядаюць рэчаіснасці, нярэдка выкарыстоўваюцца для мабілізацыі падтрымкі кандыдатаў. Гэтым часта карыстаецца, напрыклад, канал «Fox News», транслюючы маніпулятыўныя заявы, якія не адпавядаюць рэчаіснасці, з тэлеэкранаў, а затым карэктуючы іх у сваім «Х»-акаўнце.

Карцінка важней за аргументы

Падчас дэбатаў карыстальнікі сацсетак падвяргалі дбайнаму аналізу мову цела кандыдатаў. Так, на думку публікі, Харыс першапачаткова выглядала скавана, а затым стала праяўляць сябе больш упэўнена. Уважлівыя назіральнікі адзначалі і рашучы поціск рукі, які ініцыявала Харыс, а таксама тое, што яна не раз выводзіла Трампа з раўнавагі.

Уражанні аўдыторыі ад дэбатаў хоць і не цалкам вызначаюць зыход выбараў, але з'яўляюцца адным з ключавых фактараў поспеху. Менавіта пасля чэрвеньскіх дэбатаў сёлета дзеючы прэзідэнт ЗША Джо Байдэн выбыў з прэзідэнцкай гонкі. Слабы голас і неразборлівая прамова Байдэна сталі асноўнай тэмай абмеркаванняў сярод выбаршчыкаў і дэмакратаў, выклікаўшы сумневы ў яго здольнасці выконваць абавязкі прэзідэнта ў выпадку перавыбрання. Пры гэтым да дэбатаў дэмакратычная партыя безумоўна падтрымлівала ідэю другой кадэнцыі для Байдэна. Парадаксальна і тое, што прадметам публічных абмеркаванняў сталі не аргументы кандыдатаў, а параўнанне ўпэўненай мовы цела Трампа на фоне на фоне «слабасці» Байдэна. 


Глядзіце таксама

Роля мовы цела і візуальнага ўспрымання кандыдатаў стала важнай са з'яўленнем тэлебачання. У першых нашумелых тэледэбатах у 1960 годзе візуальны шэраг адразу ж паўплываў на ход кампаніі. Рычард Ніксан у шэрым касцюме і з 5 o'clock shadow выглядаў стомлена, тады як Джон Кэнэдзі паўстаў перад публікай энергічным маладым палітыкам. Раней дэбаты праводзіліся па радыё, дзе фокус быў на аргументах кандыдатаў, і Ніксан быў фаварытам, але на тэлебачанні ён саступіў Кэнэдзі ў візуальным успрыманні.

Хто быў мацнейшым?

Харыс справілася са сваёй задачай — выглядаць моцнай лідаркай, якая можа перамагчы. Выводзячы Трампа з раўнавагі, яна захоўвала спакой.

Змястоўна аргументы Трампа не адрозніваліся ад таго, што ён агучваў на папярэдніх дэбатах. Кандыдат часта абыходзіўся агульнымі фразамі або абвінавачаннямі на адрас апаненткі. Так, напрыклад, адказваючы на пытанне пра рэформу аховы здароўя, сказаў, што ў яго няма плана, але «ёсць канцэпцыя плана».

Харыс таксама не заўсёды адказвала па сутнасці, гаворачы, напрыклад, што яна «прапануе новае пакаленне лідарства», прыўносячы «пачуццё аптымізму». Фактчэкеры NPR паказваюць таксама на недакладнасці, дапушчаныя Харыс. Так, кандыдатка ад Дэмакратычнай партыі абвінаваціў Трампа ў найгоршым з часоў Вялікай дэпрэсіі беспрацоўі. На самлй жа справе на момант сыходу Трампа з пасады прэзідэнта беспрацоўе хоць і не было на аптымальных паказчыках, аднак склала 6% у параўнанні з 25% у 1930-я.


Глядзіце таксама

Апытанні па выніках дэбатаў, напрыклад, праведзеныя CNN, аддаюць перавагу Харыс. Аднак у нацыянальных апытаннях разрыў паміж кандыдатамі па-ранейшаму невялікі: 46% на карысць Трампа і 49% — на карысць Харыс. У штатах, якія вагаюцца, розніца падтрымкі складае ўсяго 1-2 адсоткавага пункта або зусім адсутнічае.

Ці пойдуць выбаршчыкі за Тэйлар Свіфт?

У адміністрацыі Байдэна Харыс заставалася ў цені. Цяпер перад ёй стаіць задача пазнаёміць з сабой выбаршчыкаў і заручыцца іх падтрымкай. І тут многае будзе залежаць ад падтрымкі з боку селебрыці.

У амерыканскай палітыцы падтрымка селебрыці кандыдатаў у прэзідэнты — частка многіх кампаній. Так, публічная падтрымка Опры Уінфры прынесла Бараку Абаме больш за 1 мільён галасоў. У той жа час заклікі Бейонсе і Леброн Джэймса галасаваць за Хілары Клінтан не прывялі да росту падтрымкі кандыдаткі ў 2016 годзе. Напярэдадні выбараў 2024 года папулярная амерыканская спявачка Beyonce дазволіла выкарыстоўваць сваю песню «Freedom» у якасці флагманскага трэка кампаніі Харыс.

Доўгі час ліберальныя амерыканцы чакалі публічнай пазіцыі ад найбольш паспяховай сучаснай поп-выканаўцы Тэйлар Свіфт. Пасля дэбатаў Харыс і Трампа Свіфт нарэшце анансавала, што падтрымлівае Харыс. Спявачка падпісала сваё фота ў Instagram «Бяздзетная лэдзі з коткай», іранічна адрэагаваўшы на каментары кандыдата ў віцэ-прэзідэнты ад Рэспубліканскай партыі Джэймса Вэнса на адрас жанчын-апанентаў.


Глядзіце таксама

Допіс падтрымкі Свіфт павялічыў наведвальнасць сайта Vote.gov да 405,999 праглядаў — у параўнанні з сярэдняй наведвальнасцю 30,000 у дзень. Фанаты Свіфт, пераважна дэмакраты, ужо лаяльныя да кандыдатуры партыі. Падтрымка Свіфт, аднак, можа павялічыць удзел яе прыхільнікаў і заахвоціць іх удзельнічаць у галасаванні, уключаючы маладых выбаршчыкаў.

Сярод выбаршчыкаў, якія вагаюцца, да Свіфт хутчэй пазітыўна ставіцца ⅓ аўдыторыі. У той жа час некаторыя рэспубліканцы-аматары Свіфт, асуджаючы яе падтрымку Харыс, сталі вяртаць квіткі на канцэрты.

Некаторыя даследаванні паказваюць, што падтрымка селебрыці можа паўплываць на перавагі выбаршчыкаў на праймерыз, калі выбар стаіць паміж падобнымі кандыдатамі. Аднак на выбарах паміж прадстаўнікамі дзвюх партый выбаршчыкі часцей застаюцца вернымі сваім партыям.

Што далей?

Каманда Трампа адхіліла прапанову Харыс правесці паўторныя дэбаты. Па ўсім відаць, паліттэхнолагі вырашылі не рызыкаваць магчымасцю іміджавых страт пры сустрэчы з апаненткай і засяродзяць намаганні на працу з аўдыторыяй штатаў, якія вагаюцца і дзе Трампу не давядзецца сутыкацца з крытыкай на свой адрас.


Глядзіце таксама

Адметнай рысай кампаній апошніх гадоў з удзелам Трампа стаў рух «Never Trump Republicans». Сярод іх — паліттэхнолаг Рык Уілсан, аўтар бэстсэлера «Усё, да чаго дакранаецца Трамп, памірае», сузаснавальнік «The Lincoln Project», і Давід Фрум, былы спічрайтар Джорджа Буша. Гэтыя і іншыя рэспубліканцы заклікаюць аднапартыйцаў падтрымліваць Харыс. Нягледзячы на тое, што рэспубліканцы захоўваюць лаяльнасць менавіта да партыі, такі рух мае сімвалічнае значэнне і можа ператвараць праграму партыі ў доўгатэрміновай перспектыве.

Паводле прагнозаў «The Washington Post», стан эканомікі непасрэдна напярэдадні выбараў можа паўплываць на падтрымку кандыдатаў. Так, калі, паводле адчуванняў выбаршчыкаў, эканамічны дабрабыт будзе расці, то яны падтрымаюць Харыс як прадстаўніцу дзеючай адміністрацыі. Калі ж адбудзецца форс-мажор, то перавагі могуць зрушыцца ў бок Трампа — як кандыдата, які прапануе альтэрнатыўную праграму. Дзіўна і тое, што ў найстарэйшай дэмакратыі свету ўсё яшчэ не было жанчыны-прэзідэнта. Апытанні «Gallup», праведзеныя сёлета, аптымістычныя: прынамсі, пры іншых роўных кваліфікацыях 93% рэспандэнтаў гатовыя падтрымаць жанчыну-кандыдатку.