Назло ворагам перанясу? Калі пройдуць прэзідэнцкія выбары ў Беларусі
У дзяржаўных колах — як у багне: на паверхні роўна, а ўнутры бурліць. Рэжым рыхтуецца да выбараў, бо трэба ж «пераабраць» правадыра. І дата выбараў аказваецца важным пытаннем.
Кіраўнік Беларусі сабраў нараду «аб актуальных унутрыпалітычных пытаннях», на якой дэ-факта зладзіў завочную палеміку з апазіцыйнымі штабамі, што знаходзяцца ў эміграцыі. Галоўная выснова з яго заяваў: прэзідэнцкія выбары 2025 года наўрад ці будуць праведзеныя ў тэрміны, названыя апанентамі ўлады.
10 верасня Аляксандр Лукашэнка правёў нараду ў не надта шырокім, але вельмі разнамасным коле набліжаных, піша Вячаслаў Корасцень на «Позірку». За сталом сядзелі і спікеры абедзвюх палат парламента Наталля Качанава і Ігар Сяргеенка, і кіраўнік адміністрацыі Дзмітрый Круты, і кіраўнік КДБ Іван Церцель, і дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч.
Быў там і старшыня Цэнтрвыбаркама Ігар Карпенка — і нездарма. У асноўным сход быў прысвечаны маючым адбыцца ў наступным годзе прэзідэнцкім выбарам.
Больш за ўсіх за сталом гаварыў сам Лукашэнка, і гэта нікога не павінна здзіўляць. Не стала сенсацыяй і адсутнасць у сказаным якой-небудзь канкрэтыкі. Пасля падзей 2020 года любыя электаральныя мерапрыемствы ў Беларусі канчаткова ператвораныя ў старанна спланаваную спецаперацыю, падрабязнасці якой — не для чужых вушэй.
«Першае ў шэрагу мерапрыемстваў», звязаных з выбарамі
«Восень — час падводзіць вынікі, выбудоўваць стратэгію на будучы год», — нечакана прамовіў правадыр амаль за чатыры месяцы да навагодніх святаў.
У аналагічным малазначным ключы ён сказаў пра «новую пяцігодку», пра «працу з людзьмі», пра медыцыну і адукацыю, пра важнасць «кіраўнікоў на месцах».
Быццам бы выбачаючыся перад прысутнымі, адразу шчыра заявіў: ніякіх канкрэтных рашэнняў на нарадзе прынята не будзе, бо гэта толькі «першае ў чарадзе мерапрыемстваў, якія звязаны з будучай электаральнай кампаніяй». Таму максімум, што можна зрабіць, — акрэсліць «можа быць, нейкі план».
«Сёння [тут] няма губернатараў, памочнікаў па абласцях, прадстаўнікоў урада, якія, натуральна, будуць задзейнічаны ў прэзідэнцкіх выбарах. Таму размова поўная не атрымаецца», — спакойна сказаў Лукашэнка сваім маўклівым суразмоўцам.
Неўзабаве, аднак, ён пераключыўся з прыхільнікаў на апанентаў, пачаў адрывацца ад паперкі, і эмоцый у зале стала больш. Па сутнасці, кіраўнік пачаў з імі завочна дыскутаваць.
Лукашэнка чамусьці цытаваў пушкінскае «Лукамор'е»
Існуе меркаванне, быццам 70-гадовы кіраўнік беларускай «вертыкалі» адарваны ад інфармацыйных патокаў, а актуальныя звесткі атрымлівае ў спецыяльных справаздачах, падрыхтаваных асяроддзем. Здаецца, гэтае меркаванне памылковае. 10 верасня Лукашэнка чарговым разам прадэманстраваў дасведчанасць як пра змест публікацый незалежных СМІ, так і пра выказванні асобных лідараў дэмакратычных сіл.
Напрыклад, пра вызваленне палітвязняў ён большай часткай разважаў менавіта ў кантэксце рэакцыі на свой «гуманізм» за мяжой. Паскардзіўся, маўляў, не ўсе ацанілі, нават «дзякуй» не сказалі.
Яшчэ больш кіраўнік апеляваў да «збеглых», гаворачы пра прэзідэнцкія выбары — мінулыя і будучыя. Атрымалася не вельмі арыгінальна.
Лукашэнка традыцыйна абвінаваціў дэмакратычных палітыкаў у спробах «разгойдвання сітуацыі» і жаданні «перавярнуць краіну». Анансаваў з іх боку чарговыя «інфармацыйныя патокі ўсялякага бруду». «Вы плануеце ўзброенае ўварванне на тэрыторыю Беларусі», — нават такі «заход з козыраў» выглядаў як тыражаванне састарэлых наратываў.
Адзінае, што прагучала свежым павевам, — адкрыты заклік прамоўцы да кіраўніка КДБ раскрываць болей замоў. А менавіта — «канкрэтных фактаў» злых намераў палітычных праціўнікаў. А то што ж атрымліваецца, паскардзіўся ён: «Мы звычайна вось так у кучу ўсё збяром і сядзім, над золатам чэзнем. Трэба паказаць, хай людзі ведаюць іх пазіцыю. У нас жа куча матэрыялаў».
Аматары разгадваць раптоўныя імправізацыі Лукашэнкі яшчэ звернуць увагу, што «чэзнуць над золатам» — гэта адсылка да пушынскага ўрыўка «У Лукоморья дуб зелёный». «Чэзнуў» у паэта, як вядома, «цар Кашчэй», які несмяротны. Падобна да таго, цытата з тонкай алюзіяй атрымалася ў беларускага «самадзержца».
Карпенка: ёсць чатыры магчымыя даты выбараў
Найбольш рэзка Лукашэнка выказаўся на цалкам практычную тэму — пра дату прэзідэнцкіх выбараў. Патлумачыў гэта тым, што «проста інтэрнэт і сродкі масавай інфармацыі абсалютна вішчаць [пра гэта] кожны дзень».
«Паток, асабліва ў апошнія тыдні, — адзначыў ён. — Усялякага роду інсінуацыі, ажыятаж узнікаюць вакол гэтага пытання. <…>. Ці то амерыканцы, ці то нашы "збеглыя" нават прызначылі выбары ўжо і дату вызначылі. Развілі кучу канспіралагічных тэорый на гэты конт».
Відавочна, Лукашэнка меў на ўвазе інсайдарскую інфармацыю «BelPol», які 14 жніўня паведаміў, што выбары прызначаныя на 23 лютага 2025 года.
Пазней са спасылкай на некалькі крыніц і наяўныя дакументы аб'яднанне былых сілавікоў раскрыла дэталі электаральнага «рытуалу». Арганізацыя сцвярджае, што Лукашэнка мае намер трыумфальна працягнуць сваё знаходжанне ва ўладзе на чарговыя пяць гадоў. А суправаджаць яго заход на сёмы тэрмін будзе спецыяльна арганізаваны «Марафон адзінства» — серыя святочных «патрыятычных» акцый і канцэртаў, старт якім будзе дадзены 17 верасня ў так званы «Дзень народнага адзінства».
Паводле звестак «BelPol», загадваць «марафонам» прызначаная нявестка Лукашэнкі — жонка яго сына Дзмітрыя, вядомая ў музычных і наменклатурных колах як паэтка Ганна Сялук.
Мяркуючы па інтанацыях яе свёкра, экс-сілавікі раскрылі вельмі адчувальную для яго інфармацыю. Ён паспрабаваў яе абвергнуць, але катэгарычнасці слоў не хапіла. Сказаў толькі, што «крайні тэрмін» выбараў паводле Канстытуцыі — 20 ліпеня, «і трэба вельмі ўдумліва паставіцца да вызначэння дня галасавання».
Кіраўнік ЦВК Карпенка, выйшаўшы да прадстаўнікоў дзяржСМІ, дадаў, што дзень выбараў прызначыць Палата прадстаўнікоў і «на сёння ёсць чатыры магчымыя даты».
Разам з тым, ужо цяпер можна загадваць, што 23 лютага выбараў не будзе. Так працуе палітычная логіка ў персаналісцкіх рэжымах: калі апазіцыя што-небудзь сцвярджае — ды яшчэ і спасылаючыся на ўцечкі — трэба абавязкова дэзавуяваць гэтыя заявы. Нават калі першапачаткова яны праўдзівыя. Таму, калі ўлады і планавалі «пераабраць» Лукашэнку менавіта ў лютым, то, хутчэй за ўсё, дату галасавання цяпер зменяць.
«Скончыць фармаванне абноўленай палітычнай сістэмы»
Уласна кажучы, невядомая пакуль не толькі дата, але нават тое, ці будзе Лукашэнка наогул балатавацца. Быццам бы іншага не дадзена: тыя ж прапагандысты з нарастаючым энтузіязмам радзеюць «за бацьку» і ўжо заклікаюць за яго галасаваць. Праўда, сам ён пакуль какетнічае: то ў лютым заявіць, што «пойдзе» на выбары, то ў сакавіку скажа, што яшчэ не прыняў «канчатковае рашэнне». І ўсё часцей кажа, што пара б яму ўжо на супакой, трэба даваць дарогу маладым і ўвогуле недалёкі той час, калі «прэзідэнт будзе іншы».
На мінулай нарадзе яснасці на гэты конт не наступіла. Гаворачы пра будучыя выбары, аднаасобны ўладар Беларусі падкрэсліў, што яны «павінны скончыць фармаванне абноўленай палітычнай сістэмы дзяржавы». І тут жа звярнуў увагу, што «ў новым канстытуцыйным статусе запрацаваў Усебеларускі народны сход», які сам жа і ўзначальвае.
Дарэчы, чарговае пасяджэнне УНС, паводле слоў яго старшыні, павінна прайсці «на пачатку будучага года». Гэта значыць, яшчэ да выбараў. Але чакаць, што ўжо цяпер Лукашэнка канчаткова «наесца ўлады», было б вельмі безадказна.
Куды лягчэй уявіць, што ў зіхатлівых дэкарацыях вялікага форуму яго трапяткія ўдзельнікі горача папросяць мудрага лідара пакіраваць краінай яшчэ. І «цар Кашчэй» нязменна міласціва пагодзіцца — пад удзячныя авацыі перапоўненай залы.