«Яго радзімай была імперыя. Ён і не мог палюбіць Беларусь». Чалавек, які стварыў беларускую прапаганду
Цяперашняя сістэма зараджалася на пачатку 1990-х, і людзі, якія стаялі ля яе вытокаў, фактычна стваралі твар рэжыму. Адным з іх быў Уладзімір Замяталін — адказны выканаўца даручэнняў Лукашэнкі.
![Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Замяталін. Фота: архіў «Камсамольскай праўды» Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Замяталін. Фота: архіў «Камсамольскай праўды»](/img/v1/images/wr_960_39.webp?f=f&h=396&o=0&u=1726501754&w=528)
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Замяталін. Фота: архіў «Камсамольскай праўды»
Нядаўна палітык Павел Латушка ў эфіры ток-шоу «Звычайная раніца» расказаў, як падчас працы міністрам культуры змог звольніць з дзяржаўных структур Уладзіміра Замяталіна — аднаго з найбліжэйшых паплечнікаў Лукашэнкі ў дзевяностыя, чалавека, якога можна лічыць бацькам сучаснай беларускай прапаганды. Менавіта пры ім пачалося масавае цкаванне ў дзяржСМІ апанентаў палітыка, здзекі з беларускай культуры і нацыянальных сімвалаў. У сувязі з гэтым «Зеркало» вырашыла ўспомніць біяграфію Замяталіна і расказаць, як ён паслядоўна змагаўся з беларускай дзяржаўнасцю і культурай і як стаў адным з самых адданых чыноўнікаў Лукашэнкі — хоць, паводле сцвярджэнняў самога палітыка, аднойчы планаваў яго забіць.
Перабежчык у стан Лукашэнкі
Пра жыццё Замяталіна да яго прыезду ў Беларусь вядома няшмат. Ён нарадзіўся ў 1948 годзе ў расійскім горадзе Тула. Скончыў Данецкае вышэйшае ваенна-палітычнае вучылішча (1973), пазней — ваенна-палітычную акадэмію імя Леніна. З 1973-га і да распаду Савецкага Саюза Замяталін служыў палітруком у войску (у тым ліку ў групе савецкіх войскаў у ГДР і Далёкаўсходняй ваеннай акрузе). Ён даслужыўся да звання палкоўніка і напрыканцы 1980-х апынуўся ў Беларускай вайсковай акрузе.
Ці былі ў яго да гэтага нейкія сувязі з нашай краінай, невядома. У сеціве сустракаецца інфармацыя, што яго сваячкай была Таццяна Бандарчук, якая доўгія гады (1996-2015) працавала дырэктаркай Белдзяржцырка — Замяталін ёй апекаваўся. Але гэтая жанчына не нарадзілася ў Расіі, яна мінчанка ў пятым пакаленні. Таму ці ёсць сапраўды нейкая роднасная сувязь паміж Бандарчук і Замяталіным і ці меў апошні нейкія карані ў Беларусі, дакладна невядома.
Глядзіце таксама
![Ці сапраўдны палкоўнік? Метамарфозы Уладзіміра Замяталіна Ці сапраўдны палкоўнік? Метамарфозы Уладзіміра Замяталіна](/img/v1/images/6__5_.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Зрэшты, нават калі б у Замяталіна і былі іншыя беларускія сваякі, гэта нічога не мяняла б. «Выйшла так, што Замяталін быў чалавекам без Радзімы, — гаварыў пра яго цяпер палітзняволены літаратуразнаўца Аляксандр Фядута. — Яго радзімай была імперыя. І калі імперыя памерла, то ён нечакана для сябе апынуўся ў краіне, якую не ведаў і не любіў. Ён і не мог палюбіць Беларусь».
У першыя гады незалежнасці Беларусі Замяталін займаў пасаду намесніка начальніка Упраўлення інфармацыі — начальніка прэс-цэнтра Міністэрства абароны. Сцвярджаецца, што ён працаваў на гэтай пасадзе ў 1992-1994 гадах, пасля чаго стаў прэс-сакратаром прэм'ер-міністра Вячаслава Кебіча, у руках якога тады знаходзілася рэальная ўлада (прэзідэнта ў Беларусі тады, нагадаем, не было).
Як ён заняў такую высокую пасаду? Падобна на тое, справа ў кулуарных гульнях і патрэбных знаёмствах. Як пісаў усё той жа Фядута, за ўплыў на Кебіча тады змагаліся першы віцэ-прэм'ер Міхаіл Мясніковіч і ўрадавы сакратар па пытаннях бяспекі Генадзь Данілаў. Мясніковіч апекаваўся начальнікам Упраўлення інфармацыі апарата Саўміна Васілём Драгаўцом, таму для раўнавагі Данілаў вынайшаў пасаду прэс-сакратара прэм'ер-міністра (гэта значыць асабіста Кебіча, а не ўсяго ўрада), на які дэпутат Валерый Паўлаў і прапанаваў кандыдатуру свайго прыяцеля Замяталіна.
На 1994-ты ў Беларусі якраз былі запланаваныя першыя прэзідэнцкія выбары, на якія Кебіч ішоў фаварытам. Праўда, магчыма, што Замяталін стаў яго прэс-сакратаром яшчэ раней. У лістападзе 1993-га ўрад абвінаваціў «Беларускі народны фронт», найбуйнейшую апазіцыйную партыю, у закліках да стварэння баявых дружын, узброеных выступаў і распальванні варожасці. «Як нам адразу стала вядома, тэкст пісаўся ў кабінеце прэс-сакратара прэм'ера Уладзіміра Замяталіна», — адзначаў у сваёй кнізе дэпутат парламента ад БНФ Сяргей Навумчык. Паводле яго інфармацыі, аўтарам тэксту фальшывай улёткі, якая распаўсюджвалася тады, у якой ад імя «Фронту» заклікалі да пагромаў, таксама быў гэты палкоўнік.
Як бы там ні было, у 1994-м Замяталін ужо дакладна быў прэс-сакратаром Кебіча і разгарнуўся на поўную. «Ціхі чалавек у прыцемненых акулярах. < ... > Ён быў тыповым армейскім палітработнікам, прамалінейным у метадах, які імкнуўся да перамогі любой цаной, паколькі перамога, як вядома, спісвала ўсё», — пісаў пра яго Фядута ў сваёй кнізе. Галоўнымі апанентамі афіцыйных уладаў тады былі якраз прадстаўнікі БНФ і шэраг іншых дэмакратычных палітыкаў — а таму Замяталін заняўся іх дыскрэдытацыяй. Сярод вядомых «акцый» палкоўніка таго часу — публікацыя ў дзяржСМІ паклёпніцкага артыкула пра экс-спікера парламента Станіслава Шушкевіча. У матэрыяле паказвалася, што гэта перадрук з нідэрландскай газеты, але ў рэальнасці згаданага выдання не існавала: Замяталін яго проста прыдумаў.
Але самая вядомая ідэя палкоўніка па дыскрэдытацыі супернікаў Кебіча была звязана з крадзяжом — прычым здзейсніў яе нібыта ... Аляксандр Лукашэнка. «За два дні да галасавання [на прэзідэнцкіх выбарах] беларускае дзяржаўнае тэлебачанне прадэманстравала сюжэт, у якім сцюардэса ўрадавага самалёта паведамляе тэлегледачам, што нібыта некалькі гадоў таму дэпутат Лукашэнка падчас візіту ў Кітай... выкраў у яе сумку з цукеркамі і электрамасажорам, — пісаў Фядута. — Паводле чутак, перадача была інспіраваная прэс-сакратаром Кебіча палкоўнікам Замяталіным. Сказанаму не паверыў практычна ніхто. Невядомая нікому сцюардэса лепш за любога агітатара пераканала выбаршчыкаў у тым, што ўлада баіцца Аляксандра Лукашэнкі, а таму за яго варта галасаваць» (у тым, што ідэя гэтай «качкі» належала Замяталіну, пазней прызнаваўся і Кебіч).
Дарэчы, паводле слоў таго ж Фядуты, пазней людзі, якія ляцелі ў тым самалёце, сцвярджалі, што нешта падобнае сапраўды здарылася: «Але Вячаслаў Кебіч, які ўзначальваў тады беларускую дэлегацыю, нібыта проста не стаў псаваць кар'еру маладому дэпутату, замяўшы справу здагадкай, што сумачка сцюардэсы магла выпадкова трапіць у рэчы дэпутата Лукашэнкі. Але каго ў мітусні перадвыбарчай кампаніі турбуе ісціна?»
Глядзіце таксама
![Крутыя горкі Уладзіміра Замяталіна Крутыя горкі Уладзіміра Замяталіна](/img/v1/images/6__4__2_logo_1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Падчас выбараў-1994 Замяталін наогул дэманстраваў выключнае неразуменне логікі выбаршчыкаў і настрою беларусаў. Напрыклад, ён сам угаворваў каманду Лукашэнкі, каб той пагадзіўся на дэбаты з Кебічам, хоць у выніку той выглядаў у іх куды больш пераканаўча, чым прэм'ер. «[На дэбатах Замяталін] узмоцнена ўгаворваў каго-небудзь з прадстаўнікоў прэсы спытаць прэм'ера, якія віды на ўраджай. Але да самага канца праграмы Кебіч не дачакаўся пасу ў аграрны сектар электаральнага поля, і яму давялося пасаваць сабе самому: "Ну а чаму ніхто мяне не спытае, якія віды на ўраджай?" Віды, як высветлілася, былі нядрэнныя, вось толькі ўраджай (ужо пасля выбараў) прыйшлося збіраць не таму, хто сеяў», — іранічна пісаў Фядута.
У выніку Кебіч з трэскам прайграў выбары, краіну ўзначаліў яго канкурэнт. Аднак без працы палкоўнік Замяталін заставаўся нядоўга. Прыйшоўшы да ўлады, Лукашэнка амаль адразу стварыў уласную адміністрацыю. Само па сабе з'яўленне новай структуры выглядала лагічным. Новаму кіраўніку дзяржавы відавочна патрабаваўся штат памочнікаў. Але палітык у дадатак вырашыў аднавіць фармат кіравання краінай, які існаваў у савецкі час, — і надзяліць Адміністрацыю, супрацоўнікаў у якую ён прызначаў сам, шырокімі паўнамоцтвамі. Такімі, якія ў савецкі час меў ЦК КПСС, структура аддзелаў якога ахоплівала ўсе сферы грамадства: ад эканомікі да культуры.
У новай структуры з'явілася Упраўленне грамадска-палітычнай інфармацыі — па-сутнасці, прэс-служба. Яго начальнікам стаў той самы Фядута, які да таго быў чальцом перадвыбарчага штаба Лукашэнкі. Гэта прытым, што ў складзе ўрада ўжо існавала Міністэрства культуры і друку (часовы «гібрыд» Мінкульта і Мінінфарма). На прэсу сталі «ціснуць», у газетах з'яўляліся «белыя плямы», пасля чаго кіраўнік Упраўлення Фядута на пачатку 1995-га (гэта значыць, прапрацаваўшы на пасадзе ўсяго паўгода) на знак пратэсту падаў у адстаўку. Яго месца і заняў Замяталін. Дарэчы, перад тым, як пагадзіцца на прызначэнне, ён нават спытаў у Кебіча, ці не супраць той яго пераходу ў лагер праціўніка.
Чаму Лукашэнка звярнуўся да паслуг палкоўніка, які яшчэ нядаўна зрабіў яму столькі дрэннага? Падобна на тое, палітык пасля сыходу свавольнага Фядуты шукаў на пасаду чалавека з пэўнымі характарыстыкамі — і менавіта імі валодаў Замяталін.
Глядзіце таксама
![Аляксандр Фядута: Гэтая ўлада праваліцца ў «кратовую нару», выкапаную ў яе пад самым носам Аляксандр Фядута: Гэтая ўлада праваліцца ў «кратовую нару», выкапаную ў яе пад самым носам](/img/v1/images/fota_dzmitryja_dzmitryeva_novy_czas9_logo_1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
«Ён не быў ідэолагам, ён быў выканаўцам, — пісаў пра яго Фядута. — У фізіцы ёсць такія паняцці, як "паўправаднік" і "праваднік". Ёсць розныя чыноўнікі, ёсць чыноўнікі-"паўправаднікі", якія выконваюць загады кіраўніцтва, але пры гэтым яны памятаюць пра наступствы. Яны ведаюць, што ёсць рэчы, якія нельга рабіць. Замяталін жа быў ідэальным "правадніком". Яго не турбавалі наступствы. Яго клапаціла толькі адно: што пра яго скажа кіраўніцтва. Такі падыход рабіў яго чалавекам, які быў патрэбны Лукашэнку. Феномен Замяталіна цалкам засноўваўся на гэтай выканаўчасці. Ва ўсім астатнім ён быў вельмі шэрым і не вельмі адукаваным палітработнікам. < ... > Замяталін цалкам заставаўся ў парадыгме: чаго хоча кіраўніцтва, таго хоча бог. Ён выконваў любы загад».
І ўсё ж цікава, што Лукашэнка не пабаяўся ўзяць да сябе ў каманду чалавека, якога да гэтага абвінавачваў у замаху на сваё жыццё. Яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў, 17 чэрвеня 1994 года, гэты палітык, а таксама яго паплечнікі Іван Ціцянкоў і Віктар Шэйман ехалі з Віцебска ў Лёзна. За рулём «Mercedes» знаходзіўся Ціцянкоў. На наступны дзень ён заявіў, што іх машыну быццам бы абагнаў цёмны «Ford», з якога пачуліся стрэлы. Адна з куль, паводле яго сцвярджэнняў, прасвістала ў некалькіх сантыметрах ад галавы Лукашэнкі. У левай задняй дзверцы «Mercedes» сапраўды выявілася кулявая адтуліна. Сілавікі пачалі расследаванне. Але эксперымент паказаў, што такія сляды ад пападанняў куль пры ўмовах, пра якія казалі сведкі, застацца не маглі. Гэта значыць, замах быў зымітаваны.
У 2015-м Лукашэнка раптам згадаў гэты эпізод і заявіў, што нібыта існаваў наступны план — невядомыя павінны былі страляць у яго машыну і машыну Кебіча: «Я гіну, а ён застаецца жывы. А валяць на Пазняка і Шушкевіча, гэтых нацыяналістаў.
Таму што Кебіч і я былі шмат у чым як Пуцін і Мядзведзеў, на адной паляне ваявалі, а гэтыя былі антыподы. Увечары Кебіч пагадзіўся з гэтым планам, калі выпіў у лазні. Але калі ён прачнуўся раніцай, ён сказаў "не". За планам яшчэ стаялі Данілаў і Паўлаў, плюс Замяталін, якога я потым узяў на працу; і Мясніковіч быў начальнікам штаба ў Кебіча».
Гэта яшчэ адзін ускосны доказ таго, што насамрэч ніякага плана і самога замаху не было.
Барацьба з падручнікамі, фільмамі і нацыянальнай сімволікай
Але вернемся да выказвання Фядуты пра выканаўчасць Замяталіна. Літаратуразнаўца меў рацыю: палкоўнік стаў служыць новай уладзе верай і праўдай. Яшчэ ў тым жа 1995-м, калі яго прызначылі на пасаду, ён забараніў да паказу фільм «На Чорных лядах», зняты рэжысёрам Валерыем Панамаровым паводле аднайменнага твора Васіля Быкава. Карціна была прысвечана Слуцкаму паўстанню, удзельнікі якога ў 1920-м змагаліся з бальшавікамі пад бел-чырвона-белым сцягам.
Прэм'ера знакавага для краіны фільма павінна была адбыцца ў кінатэатры «Масква». Але ў дзень прэм'еры з фільматэкі кінастудыі, якая ахоўвалася, хтосьці выкраў адзіную копію. «Літаральна праз некалькі дзён пасля сарванай прэм'еры раніцай мне патэлефанавалі са студыі і папрасілі тэрмінова прыехаць, сказаўшы, што гэта звязана з маім фільмам "на Чорных лядах", — згадваў Панамароў. — У кабінеце дырэктара кінастудыі адкрылі адзежную шафу і паказалі мне тую самую копію майго фільма, якую нібыта скралі напярэдадні прэм'еры».
У траўні таго ж 1995 года ў краіне прайшоў рэфэрэндум, паводле якога руская мова атрымала роўны статус з беларускай, а нацыянальныя сімвалы («Пагоня» і бел-чырвона-белы сцяг) замянілі на савецкія. Плебісцыт праводзілі са шматлікімі парушэннямі і маніпуляцыямі. Спрабуючы супрацьстаяць яго прызначэнню, дэпутаты ад апазіцыі абвясцілі галадоўку. Спрабуючы выкурыць іх з будынка парламента, хтосьці патэлефанаваў у міліцыю і заявіў, што ў зале знаходзіцца бомба (вядома, яе не знайшлі). Як пісаў Сяргей Навумчык, тэлефанаваў менавіта Замяталін, які ў выніку не панёс аніякай адказнасці. У тую ж ноч у парламент былі ўведзеныя сілавікі, якія жорстка збілі дэпутатаў і выкінулі іх з будынка.
Усе дзеянні сілавікоў у будынку парламента са збіццём дэпутатаў запісваліся на стужку. Тагачасны кіраўнік адміністрацыі Леанід Сініцын расказваў Фядуту: «Мне раніцай прынеслі гэтую касету, я паглядзеў яе. Паклікаў [прэм'ер-міністра] Міхаіла Чыгіра: "Паглядзі, што там адбывалася". Мы паглядзелі касету, і потым яна апынулася ў Замяталіна. Я перадаў яе Замяталіну». Пасля гэтага касета знікла.
Глядзіце таксама
![Як сёння працуе беларуская прапаганда? Як сёння працуе беларуская прапаганда?](/img/v1/images/bt_logo_1_2.webp?f=c&h=360&o=0&u=1723629221&w=660)
На гэтым удзел Замяталіна ў рэферэндуме не абмежаваўся. Менавіта па яго прапанове перад галасаваннем па тэлебачанні прадэманстравалі фільм «Нянавісць: дзеці хлусні». Рэжысёр Юрый Азаронак (бацька цяперашняга супрацоўніка СТБ) параўноўваў калабарацыяністаў часоў Другой сусветнай вайны з дэпутатамі БНФ. Абвергнуць гэты паклёп у апазіцыі не было магчымасці — на тэлебачанне яе ўжо фактычна не дапускалі.
10 кастрычніка 1995-га ідэолаг разаслаў у выканкамы за сваім подпісам тэлеграму. У ёй гаварылася, што «ў сувязі з частымі фактамі парушэнняў рознымі [апазіцыйнымі] выданнямі ("Народная воля", "Беларуская дзелавая газета", "Імя") закона "Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі" друкаваць недзяржаўныя СМІ ў дзяржаўных друкарнях можна толькі з дазволу адміністрацыі Лукашэнкі». Зразумелая справа, што такіх дазволаў не выдавалі, а недзяржаўных друкарняў у Беларусі папросту не было. Праз некалькі дзён з усімі названымі СМІ былі скасаваныя дамовы — у выніку ім давялося шукаць друкарні за мяжой.
17 жніўня 1995-га ў дзяржпрэсе ад імя Галоўнага ўпраўлення грамадска-палітычнай інфармацыі з'явілася інфармацыя, што Лукашэнка даў распараджэнне выключыць з 1 верасня з сістэмы школьнай і вышэйшай адукацыі падручнікі і дапаможнікі, выдадзеныя ў першыя гады незалежнасці, і вярнуцца да вучэбных дапаможнікаў, выдадзеных да 1991 года (гэта значыць савецкіх). Паралельна Замяталін кіраваў новастворанай камісіяй, якая на працягу двух месяцаў праводзіла экспертызу новых падручнікаў і прыйшла да высновы, што яны носяць «тэндэнцыйны, палітызаваны характар і па сваім профілі не адпавядаюць патрабаванням сучаснай адукацыі». Міністэрства адукацыі пра працу гэтай камісіі наогул нічога не ведала.
Але выдаць за кароткі тэрмін да пачатку навучальнага года новыя падручнікі было немагчыма. Старыя ж зусім не адпавядалі новым праграмам. Таму Замяталіну і Лукашэнку давялося здаць назад. Ужо 23 жніўня апошні заявіў на нарадзе, што ніякага загада аб канфіскацыі падручнікаў не падпісваў і падпісваць не збіраецца, а ўсё тое, што адбылося, было «з вобласці амаральных спекуляцый асобных журналістаў і каляпалітычных "дзеячаў"». У выніку падручнікі ў той год са школ не канфіскавалі. Але ўжо ў 1996-м іх пачалі абнаўляць. Склад аўтараў застаўся прыкладна тым жа — толькі змест выданняў падшліфавалі, прыбіраючы з іх «крамолу».
Цалкам артыкул пра Уладзіміра Замяталіна і яго ролю ў пабудове дзяржаўнай ідэалогіі і прапагандыможна прачытаць тут.