Выбары як вясеннее абвастрэнне. Задача з некалькімі «невядомымі»
Ці то вайна не дазваляе, ці то «старэйшы брат» не ўхваліў — але Лукашэнка пакуль не абвясціў дату выбараў. А між тым, тэрміны ўжо падціскаюць. І, гледзячы па ўсім, для самога ж рэжыму выгадна правесці гэтую кампанію як мага хутчэй.
У Беларусі набліжаецца чарговая выбарчая кампанія — прэзідэнцкія выбары павінны прайсці не пазней за 20 ліпеня 2025 года. Зрэшты, дакладная дата дагэтуль невядомая. «Ці то амерыканцы, ці то нашы "збеглыя" нават прызначылі выбары ўжо і дату вызначылі. Развілі кучу канспіралагічных тэорый на гэты конт», — заявіў 10 верасня Аляксандр Лукашэнка, каментуючы «зліў» BYPOL аб тым, што выбары адбудуцца 23 лютага, і настойваючы, што вызначаны толькі крайні тэрмін для правядзення кампаніі.
Зрэшты, перадвыбарчую кампанію Лукашэнка ўжо, відавочна, пачаў. Пра гэта кажуць нядаўнія і абнаўленне каманды палітыка, і чатыры раўнды вызвалення палітвязняў, а таксама як быццам праграмны выступ на канцэрце да Дня народнага адзінства, дзе ён заявіў, што міралюбную Беларусь хочуць зрабіць месцам эскалацыі.
Чаму Лукашэнка цягне з абвяшчэннем даты выбараў і якія фактары ўплываюць на гэтую дату — разбіраецца «Deutsche Welle».
Лукашэнка ўзгадняе дату выбараў з Пуціным і сітуацыяй на фронце
Дата выбараў ужо была ўзгодненая, і Лукашэнка пачаў кампанію з «міратворчай» рыторыкай, але аперацыя УСУ ў Курску зблытала ўсе карты, гаворыць эксперт «Фінскага інстытута міжнародных адносінаў» Рыгор Ніжнікаў. Не наўпрост, але Беларусь задзейнічаная ў вайне ва Украіне. «Гэтая рэгіянальная нявызначанасць, а таксама той факт, што адабрэнне Пуціна і яго адмашка таксама патрэбныя, прыводзяць да таго, што рэжым адцягвае абвяшчэнне даты выбараў», — адзначае Ніжнікаў.
Аднак, паводле яго слоў, гэта не значыць, што рэжым не збіраецца праводзіць выбары ўжо зімой — эксперт мяркуе, што гэта найлепшы час для Лукашэнкі. «Пуцін сказаў, што да 1 кастрычніка Курск павінны вызваліць, плюс яны чакаюць, што Расія павінна дасягнуць сваіх стратэгічных мэтаў на Данбасе. Агулам зімой фронт павінен сціхнуць (як гэта было ў папярэднія зімы), а значыць, гэта будзе зручным момантам, каб рэжыму Лукашэнкі спакойна правесці кампанію пад міратворчымі лозунгамі», — лічыць Ніжнікаў.
Лукашэнку трэба паспець правесці выбары да крызісу ў эканоміцы
Пра важнасць фактару вайны ва Украіне ў прэзідэнцкай кампаніі ў Беларусі гаворыць і дарадца лідаркі дэмсіл Беларусі Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка. Таксама, на яго думку, могуць мець значэнне і выбары ў ЗША: Лукашэнка спадзяецца, што калі пераможа Дональд Трамп, то ўся ўвага будзе звернута на Вашынгтон і пра Лукашэнку ўсё забудуць.
«Важная і эканамічная сітуацыя: ён не можа моцна зацягваць з выбарамі, таму што чым далей, тым горш будзе сітуацыя з эканомікай. Эканоміка выраўнялася пасля санкцый, але цяпер зноў ідзе на спад, і Лукашэнка разумее, што да лета можа грымнуць крызіс. Таму ў яго ёсць прамежак у паўгода — да сакавіка-красавіка трэба правесці выбары. А будзе гэта люты ці іншы месяц — пытанне чыста тэхнічнае», — лічыць Вячорка.
Пра тое, што ў вызначэнні даты выбараў ёсць толькі эканамічная логіка, гаварыў у сваёй нядаўняй праграме «Чалы. Эканоміка» эканаміст Сяргей Чалы. Аналізуючы бягучы перагрэў эканомікі Беларусі і немінучае пагаршэнне эканамічнай сітуацыі, ён паказаў, што выбары ўлады Беларусі правядуць максімальна блізка да пачатку года. «Задача ўладаў — не атрымаць крызіс да выбараў, лепш атрымаць яго пасля», — адзначыў Чалы.
З датай выбараў будуць цягнуць да апошняга
Рэжым, хутчэй за ўсё, правядзе выбары да сярэдзіны вясны, а іх дату абвесціць максімальна позна, у крайнія тэрміны, магчымыя па заканадаўстве, лічыць дырэктарка «Цэнтра новых ідэй» палітолаг Леся Руднік. На яе думку, як бы рэжым ні спрабаваў здушыць грамадзянскі супраціў, пачуццё небяспекі ў Лукашэнкі персанальна і сярод эліт будзе захоўвацца яшчэ доўга.
«І хоць дэмакратычныя палітыкі наўрад ці будуць заклікаць беларусаў да пратэстаў, улады гэта вельмі хвалюе. Агучаная дата ў лютым можа быць цалкам зручнай: надвор'е створыць умовы для немагчымасці ўзяць удзел у вулічных пратэстах», — адзначае Руднік.
Акрамя таго, Лукашэнку больш выгадна як мага раней умацаваць свае пазіцыі. «Пасля 2020 года легітымнасць Лукашэнкі аказалася пад пытаннем. І калі сярод эліт ён аднавіў свае пазіцыі, то цяпер яму трэба "аслупаваць" гэтую легітымнасць у вачах народа. Тут ён гуляе на сваёй "міратворчай функцыі" ў вайне Расіі супраць Украіны — і, улічваючы, што сітуацыя на фронце можа мяняцца вельмі хутка, з выбарамі лепш не зацягваць», — адзначае палітолаг.
На выбарах Лукашэнка будзе выкарыстоўваць міратворчыя лозунгі
Разважаючы пра тое, з чым на гэтыя выбары пойдзе Аляксандр Лукашэнка, эксперты адзначаюць, што ніякай канкрэтнай павесткі на гэтых выбарах у яго няма, зрэшты, як не было і на папярэдніх выбарах. «Гэта будзе суцэльны папулізм пра смачнае малако, пенсіі, ну і, вядома, міралюбную Беларусь у коле ворагаў. Думаю, галоўным лозунгам кампаніі стане атаясамліванне Лукашэнкі з мірным небам — маўляў, ён і ўкраінцаў стрымлівае, і NATO, і без яго міру не будзе», — мяркуе Рыгор Ніжнікаў.
Не чакае ад Лукашэнкі новай павесткі і палітолаг Леся Руднік. «Уся яго рыторыка будзе ў асноўным круціцца вакол "мірнага неба над галавой". А вось у знешняй палітыцы з'явілася нотка, звязаная з вызваленнем палітвязняў — гэта пакуль яшчэ не гатоўнасць пайсці на дыялог з Захадам, а хутчэй сігнал. Лукашэнка будзе выкарыстоўваць яго як аргумент пра гуманнасць рэжыму, маўляў, людзі спатыкнуліся, і мы ім даравалі», — мяркуе экспэрт.
У сваю чаргу, дарадца Ціханоўскай запэўнівае, што ў дэмсіл ёсць сцэнар на гэтую выбарчую кампанію: апазіцыя будзе спрабаваць выкарыстоўваць яе для таго, каб працаваць з грамадскімі меркаваннем і мабілізаваць прыхільнікаў.
«У нас ёсць прапанова, што рабіць у дзень выбараў, ёсць альтэрнатыўны праект. Але гэта не будзе адкрыты байкот, бо ён крыміналізаваны ў Беларусі. У нас няма мэты даказаць, што Лукашэнка нелегітымны, гэта і так відавочна. У нас ёсць мэта выкарыстаць гэтую кампанію, каб дасягнуць дэмакратычных перамен», — кажа Франак Вячорка.