X (былы Twitter) вырашыў збіраць біяметрычныя даныя карыстальнікаў: Дзеля чаго?
Былая сацыяльная сетка Twitter, якую набыў Ілан Маск і перайменаваў у Х, заявіла пра шматлікія змены, напрыклад, пра аўдыя- і відэазванкі без выкарыстання тэлефоннага нумара.
Сацыяльная сетка X, раней вядомая як Twitter, вырашыла збіраць біяметрычныя звесткі карыстальнікаў, піша агенцтва Bloomberg.
«З вашай згоды мы можам збіраць і выкарыстоўваць вашу біяметрычную інфармацыю ў мэтах бяспекі, абароны і ідэнтыфікацыі», — гаворыцца ў новай палітыцы прыватнасці сацсеткі.
Кампанія X не дала ў сваіх правілах вызначэння біяметрычных даных, іншыя кампаніі выкарыстоўваюць гэты тэрмін, каб пазначыць твар карыстальніка, вясёлкавую абалонку вачэй і адбіткі пальцаў.
У палітыцы прыватнасці X таксама сказана, што сацсетка будзе збіраць даныя наконт працы і адукацыі карыстальнікаў, а таксама іх навыкі і ўменні, каб рэкамендаваць вакансіі і паведамляць патэнцыйным працадаўцам, калі карыстальнік пачне шукаць працу.
Прадстаўнік кампаніі X пацвердзіў, што палітыка прыватнасці змененая, але не прывёў падрабязнасці.
Пасля таго, як Ілан Маск набыў Twitter і перайменаваз яго ў X, бізнесовец анансаваў змены, якія павінны ператварыць сацсетку ў «суперап» — праграму-дадатак, што ўключае ў сябе мноства магчымасцяў — ад плацяжоў да званкоў паміж карыстальнікамі.
31 жніўня, на фоне паведамленняў аб змене палітыкі прыватнасці сацсеткі, Маск паведаміў, што неўзабаве карыстальнікі X змогуць здзяйсняць аўдыя- і відэазванкі без выкарыстання тэлефоннага нумара. Званкі будуць даступныя для прылад на базе iOS, Android, а таксама Mac і PC.
У канцы жніўня X таксама атрымала ліцэнзію на аперацыі з крыптавалютай. Верагодна, гэта дазволіць кампаніі ў будучыні дадаць функцыю, якая дазваляе карыстальнікам ажыццяўляць адзін аднаму пераводы ў крыптавалюце.
Нагадаем, як пісаў НЧ, нядаўна стала вядома, што сацсетка X затрымлівала доступ да сайтаў, якія асабіста не падабаюцца яе ўладальніку Маску. Карыстальнікі Twitter, якія пераходзілі па спасылках на мэтавыя сайты, чакалі каля пяці секунд, перш чым патрэбная старонка адкрывалася. Пасля таго, як газета «The Washington Post» паведаміла пра абмежаванні, уведзеныя X, час затрымкі доступу да сайтаў знізіўся да нуля. Да канца незразумела, ці знялі абмежаванні з усіх сайтаў, у дачыненні да якіх іх уводзілі.
Паводле meduza.io