Змена губернатараў: погляд з Мардовіі

Прэзідэнт Расіі Мядзведзеў актыўна здымае старых губернатараў: ужо паляцелі галовы Роселя (Екацерынбург), «па сваёй волі» сышоў у адстаўку Шайміеў (Татарстан). На чарзе, калі верыць чуткам, Лужкоў (Масква) і Рахімаў (Башкірыя). Як ставяцца да такіх чыстак жыхары расійскіх глыбінак? На гэтую і іншыя тэмы журналіст «НЧ» Алег Новікаў размаўляе з Сяргеем Крываносам, грамадзянскім актывістам з Саранску (Рэспубліка Мардовія).



f8bf09f5fceaea80e1f864a1b48938bf.jpg

Прэзідэнт Расіі Мядзведзеў актыўна здымае старых губернатараў: ужо паляцелі галовы Роселя (Екацерынбург), «па сваёй волі» сышоў у адстаўку Шайміеў (Татарстан). На чарзе, калі верыць чуткам, Лужкоў (Масква) і Рахімаў (Башкірыя). Як ставяцца да такіх чыстак жыхары расійскіх глыбінак? На гэтую і іншыя тэмы журналіст «НЧ» Алег Новікаў размаўляе з Сяргеем Крываносам, грамадзянскім актывістам з Саранску (Рэспубліка Мардовія).
— Мядзведзеў заўзята здымае старую губернатарскую гвардыю. Адна з самых папулярных версій: цэнтр тасуе мясцовую эліту, паколькі не жадае стварэння моцных кансалідаваных кланаў на месцах, здольных дыктаваць сваю волю метраполіі. Мардовія належыць менавіта да такіх рэгіёнаў. З 1995 года тут кіруе Мікола Меркушкін. Ці сапраўды пасля змены Меркушкіна новая слабейшая эліта будзе ставіцца да цэнтру больш лаяльна?
— Маю вялікі сумнеў на гэты конт. Сапраўды, праблема феадалізацыі вельмі актуальная для Расіі. За часы Ельцына і Пуціна шмат абласцей ператварыліся ў асабістыя вотчыны. Старыя губернатары кантралююць тут амаль усе сферы гаспадаркі. Як ні парадаксальна, аднак князькі яшчэ больш узмацніліся дзякуючы праекту дзяржаўнай партыі «Адзіная Расія». Лідэрамі «мядзведзяў» на месцах, натуральна, сталі або губернатары, або іх «шасцёркі». Каб сапраўды разбурыць старую мафію, трэба зруйнаваць эканамічную структуру і паздымаць усю вертыкаль улады. Ніхто на гэта не пойдзе. У цэнтры папросту няма на гэта рэсурсаў. Добры прыклад — Татарстан: Шайміеў пайшоў, аднак пераемнікам стаў ягоны ж кандыдат. Пакуль рэцэпту супраць феадалізацыі я не бачу.
— Вядома, што многія кіраўнікі аўтаномных рэспублік выкарыстоўваюць лакальны нацыяналізм як прыём для сваёй легітымнасці. А што адбываецца ў Мардовіі?
— Тут стан рэчаў больш складаны. Справа ў тым, што як мінімум палова насельніцтва краю — этнічныя рускія, а самі мардоўцы падзяляюцца аж на 5 кланаў. Толькі тры працэнты тубыльцаў лічаць сябе мардвінамі. Дамінуючыя групоўкі: мокша і эрзі, якія вельмі раўніва ставяцца адна да адной. Таму ў нас тры афіцыйныя мовы: руская, мокша, эрзі. Палітыка цяперашняй улады заключаецца ў тым, каб стаяць над кланавымі канфліктамі. Магчыма таму ў якасці эрзацу раскручваюць тэму прыналежнасці мардвы да фіна-угорскіх народаў. Дарэчы, Масква ў прынцыпе не любіць гэтай тэмы (фіны і асабліва эстонцы крытыкуюць палітыку асіміляцыі малых фіна-угорскіх народаў Расіі). Аднак у нашым выпадку заплюшчвае вочы на кантакты афіцыйнага Саранску з Будапештам і Хельсінкі.
— Як ставяцца мясцовыя нацыяналісты да Меркушкіна?
— Увогуле, сам ён паходзіць з мокшы. Аднак макшане не лічыць яго сваім. Цяжка казаць, чаму так. Магчыма, таму, што ён спрыяе павялічэнню ўплыву Рускай праваслаўнай царквы (РПЦ). Між тым, для мясцовага нацыяналіста вельмі важная паганская спадчына. На пачатку 1990-х гадоў былі нават спробы адрадзіць паганскую рэлігію. Але праваслаўе тут вельмі моцнае: патрыярх Нікан, напрыклад, быў з Мардовіі. Аднак, у любым выпадку, у рэзкія формы пратэсту супрацьстаянне мокшы і эрзі з адміністрацыяй Меркушкіна не пераходзіць.
— Наколькі моцны нацыяналістычны рух у Мардовіі?
— Вельмі слабы. Усё трымаецца на культурніцкіх акцыях і некалькіх выданнях, якія, да таго ж, фінансуюць улады. Калі гаворка ідзе пра чыстую палітыку, то тут, хутчэй, больш актыўныя нашы татары. Па чутках, сярод іх мясцовай грамады нават былі спробы стварэння радыкальных ісламскіх арганізацый. Увесь нацыяналісты рух круціцца вакол рэдакцый некалькіх дзяржаўных газет. І тут ёсць парадокс. З аднаго боку, папулярнасць гэтых выданняў невялікая, іх наклады — не больш за тысячу. З іншага — у побыце карыстанне мовай эрзі і мокша пашыраецца. Гэтыя гаворкі можна лёгка пачуць на прыпынку, у транспарце. Думаю, што гэта дзіўнае наступства ізаляцыі краю. Сяло, якое гаворыць на мокша або эрзі, каб выжыць, едзе ў горад, а горад нікуды не едзе. Ды і куды можна паехаць, калі сярэдні заробак у нас складае дзесьці 6000–7000 рублёў (каля 200 долараў ЗША).
— Як ідэнтыфікуюць сябе рускія, якія жывуць у Мардовіі?
— Па прынцыпу — калі ты жывеш у Мардовіі, то мусіш ведаць хаця б павярхоўна асноўныя фразы на татарскай, макшанскай і эрзі. Людзі мала куды ездзяць, гэта лічыцца нармальным, і вялікага здзіўлення не выклікае. Ну і Меркушкін свядома праводзіць палітыку кансервацыі сітуацыі. Эмісарам з розных прарасійскіх рухаў або партый, у тым ліку нацыяналістычных, немагчыма стварыць філіялы ў Мардовіі. Калі яны не падабаюцца ўладам (так звычайна і бывае), ім папросту пагражае ФСБ. Немагчыма арэндаваць памяшканне пад якую-небудзь імпрэзу без санкцыі ўладаў. Ніводнае СМІ не возьме рэкламу ад чужынца, калі яму не патэлефануюць з адміністрацыі губернатара. Увогуле, адзіным памяшканнем у рэспубліцы, дзе яшчэ можна нешта правесці, з’яўляецца офіс Кампартыі. І толькі таму, што ён належыць ЦК КПРФ, які зарэгістраваны ў Маскве.
— Як ставіцца ў Мардовіі да Беларусі. Вас не палохае, што наш рэжым чымсьці нагадвае ваш?
— Мы ведаем пра тое, што ў вас ёсць праблемы са свабодай прэсы. Але галоўнае, ведаем, што беларусы — адзіны народ, які нас, рускіх, не прадаў. У адрозненні ад Украіны, вы нам не здрадзілі. Мяркую, што мадэль Лукашэнкі павінна быць прынятая ў Расіі. А гэтыя расійска-беларускія гандлёвыя войны — не што іншае, як бізнес-гульні маскоўскіх капіталістаў.
— Ты сказаў, што галоўнай тэндэнцыяй грамадска-палітычнага жыцця Расіі з’яўляецца феадалізацыя краіны. Якой ты бачыш будучыню расійска-беларускай інтэграцыі, калі Расія і далей працягне ператварацца ў нефармальную канфедэрацыю?
— Не ведаю. Здаецца, ніякай будучыні няма.