«Для мяне ты ніколі не паміраў». Памяці Анатоля Сыса
Сёння 64 гады споўнілася б выбітнаму паэту Анатолю Сысу. З гэтай нагоды мы сабралі ўзгадкі дзеячаў беларускай культуры пра Анатоля Сыса.
Бард Вальжына Цярэшчанка:
Для мяне Анатоль Сыс — паэт, які варты быць ад школьнай праграмы (не ў «букеце» з іншымі подбегам вывучацца) і да міжнародных чытанняў. Ён павінен перавыдавацца дзяржавай, павінен ёй жа і шанавацца. Сёння паэты ў дзяржаве за кратамі. Таму Сыс вядзе са мной гутарку з маіх кніжных паліц у хаце і ў кабінеце, у інтэрнэце і на вечарынах, якія ладяць іншыя паэты. Яго слова насычанае, праўдзівае, перажытае. Для мяне ён заўсёды быў дасяжны як чалавек і просты ў стасунках. Шкада, што не даў сябе выратаваць ад хваробы. Але як паэт ён магутны і нефальшывы. Люблю яго бясконца!
Бард Андрэй Мельнікаў:
Для мяне Анатоль Сыс — знакавы беларускі паэт, з якім мы мелі пэўную ўзаемапавагу і давер, але сябрамі так і не сталі. Для Беларусі Анатоль Сыс у пэўным сэнсе — люстэрка. Жыццё і творчасць Анатоля Сыса — расповед беларусам пра беларусаў праз канкрэтнага добра заўважнага беларуса. Анатоль Сыс прыйшоў у беларускую паэзію з заўважным прароцкім дарам. А як той ягоны дар зрэалізаваўся — вынік многіх фактараў, у тым ліку і якасці зваротнай сувязі з боку тых, для каго Анатоль прарочыў.
Музыка Павел Аракелян:
Для мяне асабіста Анатоль Сыс — гэта адзін з галоўных творцаў наогул. У вельмі цяжкія часіны жыцця (дарэчы, вельмі сходныя да жыцця спадара Анатоля) я пазнаёміўся з ягонай паэзіяй, і гэта дапамагло мне прайсці праз сур'ёзны крызіс. Цяжка сказаць, кім ён з'яўляецца для краіны, мажліва, ён і ёсць увесь боль, уся струна, уся жыла Беларушчыны. Калі я хачу зацікавіць каго-небудзь нашай паэзіяй, я чытаю таму чалавеку менавіта перш за ўсё Анатоля Сыса.
Доктар філалагічных навук Іван Штэйнер:
Як і Купала, Анатоль Сыс застаўся ў гісторыі паэзіі валадаром роднага слова. Так, вельмі многія ягоныя творы ўражваюць найперш сваім гучаннем, бо, як і купалаўскія, нагадваюць шэпт знахара, замовы чараўніка. І толькі потым пачынаеш цікавіцца зместам, які найчасцей становіцца неразгаданай загадкай. Анатоль Сыс — выключны майстар асацыятыўнасці і метафарызацыі свету. Безумоўна, яркай і насычанай метафорыкай цяжка каго-небудзь здзівіць. Аднак Анатоля Сыса хвалюе не столькі навізна паэтычнага элемента, колькі навізна функцыі апошняга. Індзейцы майя праславіліся сваімі незвычайнымі храмамі, будова якіх непадобная на ўсе іншыя зямныя культавыя збудаванні. Кожны новы цар разбураў храм, узведзены сваім папярэднікам, і з ужываных велізарных камянёў, кожны з якіх важыў амаль паўтоны, на тым жа самым месцы будаваў новы, свой, у гонар сваіх багоў. Са сваёй архітэктурай, аздабленнем, іерогліфамі. Падобнае багацце вобразна-выяўленчай сістэмы паэзіі самай яркай асобы нацыянальнай літаратуры 80-90-х гадоў мінулага стагоддзя сведчыць аб многім.
Кася Камоцкая:
Анатоль Сыс не быў маім сябрам, але ў нас былі вельмі добрыя адносіны. Я ўвогуле не ведаю, каго можна назваць сябрам Анатоля Сыса. Ён быў вельмі самадастатковы. Ён з’яўляецца паэтам Адраджэння, таму канец 80-х — пачатак 90-х быў для яго найлепшым часам. Анатоль Сыс абавязаны быць у падручніках па літаратуры, яго творчасць павінна вывучацца ў школах. Для мяне паказчыкам якасці паэзіі з’яўляецца яе неперакладальнасць, хоць і ад гэтага губляецца колькасць чытачоў. Паэзія Анатоля Сыса не перакладаецца на іншыя мовы.
Музыка Міхаіл Рубін:
З творчасцю Анатоля Сыса я пазнаёміўся дзякуючы песням Касі Камоцкай. «Мне на сэрцы золатам вышывалі краты...». І была ў мяне мара — набыць кнігу яго паэзіі, аднак «кнігазбораўскі» том у продажы я ніколі не бачыў. Гэта для мяне стала безумоўнай часткай легенды Сыса. Я выконваю некалькі песень на словы паэта, найперш гэта «Змяіны цар». І вось уявіце: «паганская» песня, якая гучыць у суправаджэнні цымбальнага ансамбля ў круглай зале Віцебскай духоўнай семінарыі. Энергія. Сыс — гэта неверагодная энергія. Яго паэзія вельмі яскравая, яе альбо любіш, альбо не. Вось зараз я не магу чытаць гэты суцэльны «надрыў»... Але Сыс быў лепшым. Ён зацягвае цябе ў гэты вір беларускай паэзіі назаўжды.
Паэту і барду Эдуарду Акуліну 7 кастрычніка прысніўся Анатоль Сыс:
Сёння зноў прысніўся Анатоль Сыс... Прыгожы, малады, паэтычна-акрылены... Такі, якім я яго памятаю з гадоў нашага студэнцкага сяброўства... Мы сустрэліся ў цэнтры Мінска і Толя сказаў:
— Эдзік, паехалі да цябе ў Малінаўку, мне есці хочацца...
Адразу згадалася, як Анатоль часцяком аплочваў мае абеды ў студэнцкай сталоўцы, бо ведаў, што гадавала мяне бабуля, якая жыла на мізэрную пенсію, а маёй стыпендыі не заўсёды хапала, каб дацягнуць да канца месяца...
Прачнуўшыся, дастаў з паліцы самую першую кнігу Анатоля, якая пісалася менавіта тады, у часы нашай маладосці, калі мы вучыліся ў гомельскім «універмазе», як Толя ў жарт называў нашую alma mater... Кніга «Берагі майго юнацтва» доўгі час лічылася страчанай назаўжды, бо, па словах самога Анатоля, яе рукапіс ён спаліў... Але ж напісанае застаецца... Тым больш напісанае такім геніяльным паэтам, як Анатоль Сыс, які па праву лічыў сябе сынам Янкі Купалы і братам Максіма Багдановіча... На вочы трапілася старонка з радкамі: «Азiрнецца чалавек на гады пражытыя — аж прасека большая чым лес...» Прасека ў лесе сучаснай беларускай паэзіі ад страты Анатоля Сыса — большая, чым сам лес... Сніся часцей, Анатоль... Для мяне ты ніколі не паміраў...