Вышэйшы апазіцыйны пілатаж: схаваць улёткі ў кансервах

Чалавек-легенда. «Кантрабандыст» незалежнага слова, якога двойчы хацелі забіць спецслужбы сацыялістычнай Польшчы. Герой фільма, прысвечанага яму самому. Пляменнік наваградскага ваяводы і сябра нашчадка Францыска Скарыны. Пётр Яглінскі (Piotr Jegliński), які ў 1970-я з’ехаў з ПНР у Парыж, цяпер жыве ў Варшаве і працягвае справу жыцця, распачатую на эміграцыі: выдае кнігі.



jeglinski_ipn_article_big.jpg

Пётр Яглінскі (Piotr Jegliński) — выдавец, публіцыст, легендарны дзеяч дэмакратычнай апазіцыі ў часы сацыялістычнай Польшчы.

Нарадзіўся ў Варшаве, вывучаў гісторыю ў Люблінскім каталіцкім універсітэце. У сярэдзіне 1970-х выехаў на студэнцкую стажыроўку ў Парыж, дзе заснаваў выдавецтва, якое друкавала забароненыя ў ПНР кнігі. Стварыў сетку кур’ераў, якія перавозілі літаратуру ў Польшчу. Спецслужбы сацыялістычнай Польшчы двойчы спрабавалі яго ліквідаваць. Пра адну з гэтых аперацыяў, якія мела кодавую назву «Рэшка», у 2009 годзе паўстаў аднайменны тэлевізійны спектакль.

Другая спроба ліквідацыі Яглінскага мела назву аперацыя «Відаль». Выканаўцам меў быць студэнт і альпініст, які эміграваў з Польшчы ў 1980 годзе. У якасці метаду ў дакументах фігуравалі «хімічныя сродкі» (хутчэй за ўсё, атручванне). Аперацыя не ўдалася, бо студэнт трапіў у рукі французскай паліцыі пасля нападу на кватэру нейкага амерыканца.

Пётр Яглінскі жыве ў Варшаве і займаецца выдавецкаю справай.

«Белсат» размаўляе з Пятром Яглінскім пра сакрэты канспірацыі, гістарычны лёс беларусаў і выпадковую сустрэчу з тым, хто мусіў удзельнічаць у ягоным забойстве.

— Вы прыехалі ў Парыж студэнтам. З адною валізкай, некалькімі доларамі ў кішэні і дыяпазітывамі здымкаў з палітычных працэсаў, схаваных у плаўленых сырках. Куды вы пайшлі ў абсалютна чужой краіне, да каго звярнуліся?

 

— Я меў далёкага сваяка, які працаваў на Радыё «Свабода» і быў намеснікам Яна Новака-Езяранскага (Jan Nowak-Jeziorański), а таксама сваякоў у Лондане. Таму найперш я патэлефанаваў ім. І адразу паехаў у Манака, дзе цягам месяца рыхтаваў пад псеўданімам эфіры Радыё «Свабода».

Пасля вярнуўся ў Парыж, дзе мой дзядзька перадаў мне розныя кантакты. Так я пазнаёміўся са спн. Марыяй Віноўскай (Maria Winowska), каталіцкаю пісьменніцай, якая была асістэнткаю кардынала Стэфана Вышынскага (падчас ягоных замежных выездаў — belsat.eu). І яна прапанавала мне першую пасаду: я стаў ейным нефармальным сакратаром. Я таксама вучыўся ў Сарбоне, таму першы час, каб неяк пракарміцца, па начах працаваў у піцэрыі Casa Nostra (іт. «наш дом» — belsat.eu), якую трымалі сіцылійцы. Змяніць адну літару — і была б Cosa Nostra (іт. «наша справа», вядомая мафіёзная арганізацыя). Там я спазнаў жыццё, бо раней я быў абсалютнаю лілеяй.

— Першы час вы жылі ў кляштары.

 

— Пяць гадоў. І ледзь да яго не прысох, хоць клірыкам я не быў. Гэта быў цудоўны будынак XVII ст. Арыстакрат, якому ён належаў, загінуў на гільятыне. З кляштару мяне вывела жанчына. Угадайце, як яе звалі?

— Не ведаю. Марыя?

 

— Польская рэвалюцыя. Я жартую. Калі колькасць пакункаў (з друкаванаю прадукцыяй — belsat.eu) вырасла настолькі, што мне давялося прыбраць ложак і спаць на матрацы, а колькасць тэлефанаванняў да мяне перакрочыла ўсе межы, калі проста ў кляштары арыштавалі Хажэўскага (агента, які мусіў «здаць» Яглінскага спецслужбам ПНР — beksat.eu), я вырашыў, што трэба прыняць рашэнне: або ў адзін бок, або — у іншы. Я пакінуў кляштар і распачаў маштабныя дзеянні.

Я пачаў высылаць сябрам кнігі, а пасля пераправіў у Польшчу першы капіявальны станок, на якім надрукавалі першыя, яшчэ перад чэрвенем 1976 года (хваляю пратэстаў у ПНР супраць павышэння коштаў на тавары — belsat.eu) улёткі. Так паўстала «Oficyna Wydawnicza» (падземнае выдавецтва «Niezależna Oficyna Wydawnicza NOWA» — belsat.eu).

belsat.eu__media_uploads_i_db30f8c3e43a38350b69909d93a2ba67.html

Улёткі, якія перавозілі ў бляшанках з-пад cassoulet — французскага рагу з кілбасою і фасоляй. Фота Ежы Манкоўскі, foto.karta.org.pl

 

— На якія хітрыкі вы ішлі, каб тое, што друкавалася ў Парыжы, трапляла ў Польшчу?

 

— Напрыклад, у 1980-я мы зрабілі малыя наклейкі, можа 5 на 6 см. На іх была выява факсіміле тэлеграмы, камуністычны герб і надпіс: «Застанься ўдома (стоп) і так Чарненка галасуе замест цябе (стоп)». І я падпісаўся: выслаў Рэшка. Мы запакоўвалі іх у бляшанкі з-пад cassoulet — французскага рагу з каўбасою і фасоляй. А каб вага супадала з тою, што на ўпакоўцы, падсыпалі цукар.

— Ці сутыкнуліся вы калі-небудзь з Казімірам ужо ў незалежнай Польшчы?

 

— Выпадкова, у гатэлі «Марыёт». Для яго гэта было вельмі нечакана. «Так, цяпер вецер дзьме ў тваю спіну», — сказаў ён. Самае цікавае, што Казімір Хажэўскі пасля 2000 года напісаў скаргу ў Міністэрства ўнутраных справаў, маўляў, на Захадзе ён знаходзіцца ў чорным спісе, і калі яны з жонкаю паехалі ў Грэцыю, іх знялі з самалёта і адправілі назад у Польшчу.

Пакуль вы жылі ў Парыжы, ці мелі вы там кантакт з беларускімі эмігрантамі?

 

— Я спаткаў вельмі шмат палітычных эмігрантаў з Усходняй Еўропы, тым ліку беларусаў. Таксама я пазнаёміўся з чалавекам, які стаў маім вялікім сябрам. Ён жыў у Мексіцы і быў палякам з беларускімі каранямі. Спадар Скарына — нашчадак таго самага Скарыны. Хоць ён лічыў сябе палякам, сэрцам быў беларусам, бо гэтыя два народы непадзельныя, яны былі аб’яднаныя цягам многіх стагоддзяў, і ў сувязі з гэтым культуры пранікалі адна ў другую. Ён быў вельмі актыўным дзеячам, змагаўся за вызваленне народаў з-пад савецкага ярма, перадусім словам: выдаваў розныя камбатанцкія часопісы (для былых вайскоўцаў — belsat.eu).

Час ад часу ён меў кантакты з Беларуссю. [...] Я спатыкаў і іншых беларусаў, якія нешта выдавалі, але, я б не назваў гэта нечым моцным. Мне падаецца, з высыланнем літаратуры ў Беларусь было вельмі слаба. Ва Украіну — так, бо існавала моцная ўкраінская дыяспара. На Беларусь трапляла рэлігійная літаратура на польскай мове, і я ўдзельнічаў у гэтай справе, жывучы ў Парыжы. Спачатку гэта высылалася ў Польшчу, а пасля ішло кантрабандаю ў Беларусь пры дапамозе цягнікоў дружбы, каталіцкіх святароў, вернікаў, якія наведвалі сваякоў у Польшчы, арганізаваных экскурсіяў.

belsat.eu__media_uploads_i_6aa266b988b2357d35ccbf641300adb9.html

На такім абсталяванні друкавалі ўлёткі ў Польшчы ў 1980-я. Фота foto.karta.org.pl

 

 

Ці шмат эмігрантаў з Беларусі было тады ў Францыі?

 

—Тых, хто называў сябе беларусам, было вельмі няшмат. Пераважна былі людзі, якія або казалі, што яны расейцы ці ўкраінцы, або былі палякамі, якія нарадзіліся да вайны і ўсведамлялі, што маюць беларускія карані. Варта таксама акрэсліць паняцце народу, якое тады зусім інакш інтэрпрэтавалі. Узяць хоць бы Мікалая Каперніка, родныя якога былі асаднікамі і прыбылі з тэрыторыі сённяшняй Нямеччыны. Але яны пачуваліся падданымі караля Польшчы, і гэта было вельмі важна. І людзі ў Рэчы Паспалітай вельмі часта пачуваліся часткаю супольнасці, паколькі быў манарх, які іх аб’ядноўваў. Таму калі нехта казаў: я літвін або з Белай Русі, гэта не мела нацыянальнага значэння, а хутчэй, геаграфічнае.

А ў ХХ ст. нацыяналізмы на тэрыторыі даўняй Рэчы Паспалітай будзіліся і падтрымліваліся дзяржавамі, якія яе падзялілі. Перадусім, аўстрыйцамі напрыканцы ХІХ ст., каб пасварыць палякаў з русінамі, то бок сённяшнімі ўкраінцамі. Тое ж самае адбывалася з літоўцамі. Там немцы шмат чаго зрабілі. Яны падтрымлівалі літоўскія структуры, які амаль цалкам былі запоўнены сялянамі, паколькі літоўскія эліты пасля Люблінскай уніі аб’ядналіся з польскімі, атрымаўшы ідэнтычныя правы. Унія прызнала княжацкія тытулы, бо ў Польшчы такіх тытулаў не было: шляхта была роўная. Быў хіба што адзін выпадак: Любамірскія, якія мелі тытул прызнаных, бо ім яго надаў Імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі. [...] І ўся арыстакратыя гэта былі [сённяшнія — belsat.eu] літоўцы і беларусы, так насамрэч.

Літоўцы былі больш паспяховыя ў пабудове нацыянальнай дзяржавы.

 

— Літоўцам страшэнна пашанцавала, што Пілсудскі перамог у 1920 годзе, бо гэта войска Пілсудскага вызваліла балтыйскія рэспублікі.

belsat.eu__media_uploads_i_208a3358f0be76352cfa055b3041a5ad.html

Кадр з тэлевізійнага спектаклю «Аперацыя "Рэшка"». У цэнтры — Ян Вечаркоўскі (Jan Wieczorkowski) у ролі Пятра Яглінскага. Фота teatrtelewizji.tvp.pl

Тэлевізійны спектакль «Аперацыя "Рэшка"» распавядае пра тое, як спецслужбам ПНР удалося завербаваць паплечніка Пятра Яглінскага — Казіміра Хажэўскага (Kazimierz Charzewski), які вучыўся ў Дрэздэне і да якога ён перакідаў надрукаваную ў Парыжы літаратуру, каб адтуль яе забіралі кур’еры і перапраўлялі ў Польшчу. Наш суразмоўца, аднак, зарыентаваўся, што адбываецца нешта дзіўнае. У выніку Казімір прызнаўся, што ягоным заданнем было звабіць яго ў Польшчу або іншую краіну сацлагеру, спецслужбы якога мелі пераказаць яго польскім, а тыя — ліквідаваць. Пётр спрабаваў намовіць былога паплечніка пасяліцца ў кляштары, каб застацца ў Францыі і распачаць нармальнае жыццё, аднак з гэтага нічога не выйшла. Казімір трапіў у рукі французскіх спецслужбаў, якія абмянялі яго на французскага журналіста, арыштаванага ў Польшчы.


Cпроба стварыць Беларускую Народную Рэспубліку была. Чаму не атрымалася?

 

— Бо не было так насамрэч свядомых элітаў, яны яшчэ не выкрышталізаваліся. Насельніцтва на гэтых тэрыторыях было страшэнна перамяшанае. Уявіце сабе, колькі гэта было стагоддзяў! Чатыры стагоддзі Рэчы Паспалітай. [...] Вазьмі і падзялі чалавека: якая ягоная частка беларуса, літоўца, украінца ці паляка?

— Вы рыхтуеце да друку кнігу пра свайго дзядзьку Адама Корвін-Сакалоўскага, які ў міжваенныя часы быў наваградскім ваяводам. 

 

— Кніга будзе называцца «Успаміны палкоўніка Адама Корвін-Сакалоўскага». Маладым чалавекам ён з двума братамі ўцёк з земляў, якія пасля падзелаў сталі часткаю Расейскай імперыі, на землі, якія пасля падзелаў адышлі аўстрыйцам. Там паўставалі групы стральцоў, якія трэнаваліся пад камандаваннем Пілсудскага ў ваколіцах Закопанэ (Zakopane). Палякі, якія засталіся ў Расеі, глядзелі на іх як на вар’ятаў: хадзілі чуткі, што зброі ў іх няма і падчас вучэнняў яны носяць наперавес шчоткі ды мётлы. Выбухнула Першая сусветная вайна, і сфарміраваўся І Полк уланаў. І мой дзядзька прайшоў усю гэтую кампанію. За ўдзел у вызваленні балтыйскіх рэспублік ён атрымаў найвышэйшыя ўзнагароды латвійскія або, напрыклад, эстонскія (дзякуючы гэтаму, дарэчы, ён змог уратавацца ад саветаў).

З 1930 года ён быў кіраўніком адміністрацыі маршалка Пілсудскага, а пасля смерці апошняга прэзідэнт Масціцкі (Ignacy Mościcki) прызначыў яго наваградскім ваяводам. Калі пачалі наступаць cаветы, ён загадаў выплаціць заробкі чыноўнікам, каб у банках не засталося грошай. Частка сродкаў пайшла на дапамогу ўдзельнікам руху супраціву. Сам ён перасек мяжу і накіраваўся ў Латвію, адкуль вылецеў у 1940 годзе апошнім самалётам да Стакгольму. Савецкія агенты спрабавалі яго выкрасці, прыкінуўшыся рэпарцёрамі савецкага інфармацыйнага агенцтва.

Як ён узгадваў гэтыя пяць год у Наваградку?

 

— Штогод саветы перакідвалі агентаў, якія ў перыяд жніва падпальвалі склады са збожжам. Мэтаю было справакаваць бунты. Так што гэтае ваяводства было мяжою ўяўнага спакою.

А «нацыянальнае пытанне» закранаў?

 

— Ён казаў, што ў Беларусі былі вельмі цікавыя этнічныя вёскі. Напрыклад, татарскія, якія пасяліліся там пры Сабескім. У ваколіцах Давід-Гарадка былі вёскі, якія спецыялізаваліся на шавецтве. Паколькі побач былі гэтыя славутыя балоты, яны мелі рэцэптуры, паводле якіх так ушчыльнялі скуру для ботаў, што ў ваду можна было заходзіць як у гумовых.

Якім быў лёс беларусаў у міжваеннай Польшчы?

 

— Пілсудскі марыў пра ўнію для гэтых народаў.

Але гэтае жаданне знікла.

 

— Мы ўсе павінны быць зацікаўленыя ў тым, каб беларусы мелі нацыянальную самасвядомасць. Яе трэба будаваць, абапіраючыся перадусім на культуру і традыцыі. Самая важная рэч — гэта адукацыя. Паколькі насельніцтва на гэтай тэрыторыі не было гамагенным, трэба будаваць самасвядомасць на прыкладах выбітных людзей, якія любілі гэтую зямлю.

А як быць з закідамі аб прысабечванні польскіх герояў?

 

— Народ, які шукае тоеснасці, мусіць схапіць такіх некалькі, выцягнуць з гісторыі. Такая ёсць праўда. Касцюшка пачуваўся палякам, але, хутчэй за ўсё, і грамадзянінам Рэчы Паспалітай. А Рэч Паспалітая была паняццем, якое аб’ядноўвала ўсе гэтыя народы. Ён быў мовы і культуры польскай, але быў глыбока ўкаранёны на гэтых абшарах, у гэтых звычаях, (бела)рускіх і літоўскіх. Шмат жа родаў паланізавалася. Добрым прыкладам будзе таксама Скарына. Ягоны нашчадак размаўляў па-польску, але казаў, што ён беларус, праўда, у сэнсе не палітычным, але больш геаграфічным.

Калі б не было БССР, ці мелі б беларусы сёння незалежную дзяржаву?

 

— У 1920 годзе белыя мелі вялікія шанцы на перамогу. Але яны не маглі змірыцца з тым, што іншыя народы хочуць вызваліцца з-пад іхнага ярма. Яны казалі палякам: мы хочам, каб вы змагаліся разам з намі ў рамках пашыранай аўтаноміі. І з-за гэтага прайгралі. Бо на фронце, калі белыя пачыналі дзейнічаць, Пілсудскі спыняўся.

Паводле ягонай тагачаснай ацэнкі (гэта была памылка, хоць не вядома, як павярнулася б гісторыя), што бальшавікі — гэта меншая пагроза для польскай справы ў параўнанні з белымі, паколькі апошнія ніколі б не далі згоды на незалежнасць Польшчы. Бальшавікі ж праз сваю слабасць пагаджаліся на ўсё. Але калі яны ў Рызе прапанавалі, каб Польшча аднавілася ў межах першай Рэчы Паспалітай, Пілсудскі не згадзіўся. Шмат хто з прадстаўнікоў правых сілаў абвінаваціў яго ў здрадзе, паколькі па тым баку мяжы засталіся палякі.

Быць можа, калі б там (далей на ўсход — belsat.eu) пралягала мяжа Польшчы да 1939 году, беларуская самасвядомасць зусім бы інакш выглядала. Бо, звярніце ўвагу, яна вельмі адрозніваецца на тэрыторыях, якія да вайны ўваходзілі ў Польшчу, і на ўсходзе. Пілсудскі, у сваю чаргу, лічыў, што бальшавікі адмыслова гэта прапануюць, каб Польшча паглынула і потым падавілася, бо тады б на яе тэрыторыі пераважаў не польскі элемент.

— Дзякую за размову.

belsat.eu