Дзякуй за ўсё, дарагі мой спадар Генадзь!

Генадзя Грушавога няма з намі ўжо больш за два гады. Напярэдадні чарговай гадавіны Чарнобыльскай трагедыі хочацца яшчэ раз узгадаць, што гэта быў за чалавек. У кожнага з нас свае ўспаміны.

grushev_22.jpg


З Генадзем Грушавым мяне пазнаёміў Уладзімір Някляеў. Ён сказаў: “Цябе запрашае на свой Дзень народзінаў Генадзь Грушавы, прыводзь сімпатычнага хлопца якога для пары, “каб па прыстойнаму ды прыгожаму, Грушавы з табой пазнаёміцца хоча. Ён круты”. Пытаюся: “А хто гэта? А што яму падарыць?”. Някляеў тады сказаў, што ў Грушавога ўсё ёсць, нічога не трэба і што ён усіх беларускіх дзяцей за мяжой аздараўляў, стварыўшы Фонд “Дзяцям Чарнобыля”.
І тут я ўспомніла, што калі мне было 8-м гадоў я ездзіла ў Германію на некалькі месяцаў у складзе змешанай групы — дзеці з Чарнобыльскай зоны і таленавітая падлеткі (мастакі, маладыя паэты). Кіраўніком групы быў мастацтвазнаўца Міхась Баразна (будучы рэктар Акадэміі мастацтваў).
  Я была адной з самых маленькіх па ўзросце. У першы дзень мяне вывезлі далёка ад усіх, у асобную сям’ю, дзе жылі маладая маці Дораці, яе муж Норберт, які працаваў пажарнікам, і іх смуглявая прыёмная дачушка Аляксандра. Мне вылучылі пакой і да сустрэчы спяклі яблычны пірог. Я не змагла яго з’есці, бо расплакалася, стамілася і вельмі хацела дамоў. Я не разумела нямецкую мову, толькі крыху ангельскую. Але я ўспомніла каляровых казачных гномікаў, якіх мы назіралі па дарозе ў Нямеччыну, з вокнаў аўтобуса. Упершыню я ўбачыла прыбіральні і рукамыйнікі, дзе — цуда! — вада лілася з дапамогай руху рукі ля пімпачкі. І гномікі, гномікі…
Дораці і Норберт вырашылі ўзяць яшчэ адну дзяўчыну з маёй групы, Віку. Ёй было 14, яна была адной з самых дарослых. І добра ведала ангельскую. Некалькі тыдняў мы жылі ў маёй сям’і, пасля — нас разам аддавалі ў сям’ю, што мусіла прымаць Віку…
Маё першае каханне — Маркус — жыў акурат у другой сям’і, у якую мы пераехалі з Вікай. Яму было 13 год і ён навучыў мяне ездзіць на ровары. Мы разам хадзілі ў школу. На ўроках ангельскай мовы здолела, як цяпер памятаю, дакладна сказаць, які час паказвае гадзіннік. І клас мне пляскаў у ладкі. А яшчэ настаўнік сядзеў на стале, а дзеці шапталіся, хтосьці гартаў часопіс, хтосьці пад музыку рабіў творчае заданне. Было лёгка і весела. Ніхто не баяўся. 


Гэтая лёгкасць засталася ўва мне і да гэтага. 
Колькі год таму, аднойчы, я ішла па цэнтры вельмі засмучаная, бо на заўтра павінен быў адбыцца фестываль паэзіі і песні ў Крэве, які я арганізавала, а ў мяне да гэтага часу не было транспарту, каб завесці туды ўсіх удзельнікаў — праблема падавалася цяжка вырашальнай. Думаючы пра гэта, я сутыкнулася з Генадзем Грушавым, які задуменна выходзіў з крамы. Ён узрадаваўся. Пачуўшы пра мае турботы, проста сказаў, што ўсё будзе добра. На наступны дзень каля маста ў Траецкім мяне і маіх гасцей чакаў вялізны аўтобус. Яго ў падарунак прывёз спадар Генадзь, ён забраў усіх, прыёз у Крэва, праслухаў канцэрт, завёз усіх спачатку ў кавярню, а пасля па дамах. І за гэта толькі папрасіў, каб маладыя паэты і я прывезлі яму свае кнігі (ён хацеў іх набыць!). Па дарозе, даведаўшыся, што ў мяне падвіс тэлефон — ён прапанаваў свой уласны, новы, бо — ён сказаў — яму падарылі на Дзень народзінаў, але ў яго ўжо ёсць тэлефон. Я была ўражаная. Але адмовілася. А ён усё паўтараў: ды што ты, гэта дробязі, мне самому цікава і прыемна гэта рабіць.
У 2012 на Моладзевым форуме за справядлівы свет у Драздах, дзе мы на валантэрскіх пачатках з калегамі Юрасём Меляшкевічам і Наталькай Мотуз ездзілі даваць майстар-класы і дапамагаць дзеткам з пастаноўкай тэматычных спектакляў, пасля прагляду на сцэну выйшаў Генадзь Грушавы — і сказаў, што ўгадаў, хто паставіў сцэнку для нашай групы і што па сутнасці — яна вельмі адпаведная метафара і выяўляе акурат тое, што ён хацеў змяніць у галовах, выпраўляючы дзетак на аздараўленне за мяжу. Ён гаварыў так разумна і разам з тым зразумела, выразна, пераканаўча, шчыра, прынцыпова і змястоўна, што я — яшчэ тады адзначыла сабе — што за такога, што за яго — я б галасавала… Напраўду.  Ён ведаў, што вельмі, вельмі важна — дапамагаць іншым, каб змяніць мысленне людзей да лепшага. Ён памятаў пра кожнага, хаця, здавалася, што яму да ўсіх, калі сам ужо быў хворы на тое, ад чаго ратаваў беларускіх дзяцей…
Ён быў першым, хто прывучыў мяне да Латэ Макіятэ. Запрасіў у “Аліву”, што на праспекце Незалежнасці — і спытаў: “Якую ты каву любіш? Дзяўчына, як ты, павінна любіць вытанчаную каву з невялікай прэтэнзіяй. Напрыклад, Латэ Макіятэ”. Тады я ўпершыню пачула такую назву. Гэтая кава толькі з’явілася ў менскіх кавярнях. Афіцыянт прынёс. Але ў ёй аказалася недастаткова малака на густ спадара Генадзя. І тады ён загадаў памяняць яе на сапраўдны Латэ. Мы доўга размаўлялі. Было цікава з ім, а ён казаў, што яму прыемна гутарыць са мной. Я верыла.
 Цяпер я п’ю толькі гэтую каву — і кожны раз успамінаю каляровых гномікаў па дарозе ў Нямеччыну, успамінаю Маркуса, школу, у якой выкладчык сядзіць на стале, аўтобус у Крэва, Дзень народзінаў спадара Генадзя ў кавярні "Бярозка", яго прамову на Форуме, успамінаю, як спадарыня Ірына, жонка Генадзя, прыходзіла ў Берлінскі калоквіум, каб падтрымаць мяне на выступе там, дзе амаль не было беларусаў, як завітвала за год да таго ў Тахелес, на мой першы нямецкі выступ, каб пазнаёміцца, успамінаю як танцавалі з яго сынам Максам у начным Віленскім клубе, успамінаю… І дапіваю Латэ Макіятэ. І замаўляю яго зноў, зноў, і зноў… Дзякуй за ўсё гэта, дарагі мой спадар Генадзь!  І за тое, што мне цяпер заўжды лёгка, нястрашна. І, шчыра кажучы, перад сваімі студэнтамі я таксама сяджу на стале, а часам нават цікаўлюся, якую каву яны любяць…