2023 год можа стаць рэкордным па продажах кватэр. Якія цэны на жыллё ў Мінску і рэгіёнах?

У 2023 годзе можа быць пабіты гістарычны мінулагодні рэкорд па колькасці здзелак куплі-продажу кватэр. Цэны на нерухомасць таксама растуць.

_zylle___ryeltary___pradaecca___horad___minsk__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg

У Нацыянальным кадастравым агенцтве myfin.by  распавялі,  што ў другім квартале актыўнасць на беларускім рынку нерухомасці ўзрасла. У ведамстве адзначаюць, што гэтаму спрыялі некаторыя тэндэнцыі ў крэдытна-фінансавай сферы — у прыватнасці, частае зніжэнне Нацбанкам стаўкі рэфінансавання, што вылілася ў памяншэнне ставак па крэдытах.

На думку экспертаў Нацыянальнага кадастравага агенцтва, пры захаванні бягучых трэндаў у 2023 годзе можа быць пабіты гістарычны мінулагодні рэкорд па колькасці здзелак куплі-продажу кватэр. Цяперашняя актыўнасць прывяла да таго, што толькі за студзень-чэрвень колькасць здзелак з кватэрамі ў абласных цэнтрах склала 69% ад вынікаў усяго мінулага года. Для Мінска гэты паказчык таксама быў высокім — 48%.

У другім квартале сярэднія доларавыя цэны за квадратны метр кватэр павялічыліся ў параўнанні з паказчыкамі студзеня-сакавіка, прычым прыкметней за ўсё ў сталіцы — на 3-5% на першасным рынку і на 3% на «другасным рынку». Абласныя цэнтры прадэманстравалі рост сярэдніх цэн за «квадрат» у доларавым выражэнні на ўзроўні 3%.

Што з купляй-продажам кватэр у Мінску?

У беларускай сталіцы ў 2023 годзе не назіраецца зніжэння попыту на кватэры. У першым паўгоддзі рэкорд па заключаных здзелках куплі-продажу быў усталяваны ў чэрвені — 1469 штук. У цэлым у другім квартале колькасць здзелак вырасла на чвэрць у параўнанні з першымі трыма месяцамі гэтага года.

Пры гэтым расце і працэнт здзелак з адносна дарагімі кватэрамі, з коштам большым за 100 тысяч долараў: у другім квартале 2022 года такіх было ўсяго 7%, а ў другім квартале 2023 года — ужо 11%. У той жа перыяд доля аднапакаёвых кватэр знізілася ў параўнанні з мінулым годам на 5 працэнтных пунктаў — да 45%, доля двухпакаёвых кватэр не змянілася, а трохпакаёвых вырасла на 4 працэнтныя пункты да 18%.

У красавіку-чэрвені ў Мінску кватэр прадалі на 293 мільёны долараў — сума вырасла на 22% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Больш за ўсё жылля рэалізавалі ў Фрунзенскім раёне (827 здзелак), а даражэй за ўсё яно каштавала ў Цэнтральным (у сярэднім 1590 долараў за «квадрат»).

Рэкордная па цане здзелка была заключана ў I квартале: 4-пакаёвую кватэру ў жылым комплексе па вуліцы Кісялёва плошчай 124, 1 кв. м. прадалі за 486 тысяч долараў у эквіваленце.


Як ідуць справы ў абласных цэнтрах?

Агулам за другі квартал у абласных гарадах было здзейснена 2892 здзелкі куплі-продажу кватэр — на 16% больш, чым у першым квартале. Самая вялікая актыўнасць у гэтай сферы зафіксавана ў Гродне (756 здзелак), а горш за ўсё разыходзіліся кватэры ў Магілёве (411 здзелак). Адзначаецца, што ў Гродне самымі запатрабаванымі сталі 2-пакаёвыя кватэры (42% ад агульнай колькасці), а вось у астатніх абласных цэнтрах попыт на 1-пакаёвыя і 2-пакаёвыя кватэры размяркоўваўся прыкладна ў роўных долях.

Сярэднія цэны за квадратны метр у абласных цэнтрах у другім квартале 2023 года:

  • Брэст — $810 (+3% адносна I квартала);
  • Магілёў — $670 (+2% адносна I квартала);
  • Гродна — $670 (-4% адносна I квартала);
  • Віцебск — $620 (+2% адносна I квартала);
  • Гомель — $ 620.

У параўнанні з мінулым годам кошты за «квадрат» у абласных гарадах у доларах выраслі на 6-11%. Самую дарагую кватэру ў другім квартале прадалі ў Магілёве (яе плошча — 99 квадратных метраў, цана — 153 тысячы долараў), а найбольшая цана за адзінку плошчы зафіксавана ў Гродне ($1616 за «квадрат» у 2-пакаёвай кватэры па вуліцы Цітова плошчай 62,2 квадратныя метры).