«У Беларусі працягваюцца арышты, нам трэба дзейнічаць тут». Як валанцёр з Беларусі дапамагае ў Польшчы іншым эмігрантам

Беларусы яшчэ ў 2019 годзе сутыкнуліся з моцным выклікам, калі падчас пандэміі праз бяздзейнасць сістэмы трэба было самім аб'ядноўвацца і ратаваць жыцці. Адным з тых, хто дапамагаў медыкам (спачатку падчас кавіду, а пасля і на пратэстах), быў Яўген Карнеевец, герой гэтага інтэрв'ю.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Яўген Карнеевец — журналіст, валанцёр, быў вымушаны пакінуць Беларусь два гады таму праз пераслед за грамадзянскую актыўнасць падчас пратэстаў. Пераехаў у Познань — не вельмі папулярны сярод беларускіх эмігрантаў горад, адкрыў агенцтва нерухомасці, стварыў тэлеграм-чат беларусаў у Познані і актыўна падтрымлівае дыяспару. «Будзьма беларусамі» пагаварыла з Яўгенам пра яго цяперашняе жыццё і працоўную дзейнасць.

— Давай пачнём з самага пачатку і згадаем беларускае мінулае. Кім ты быў дома?

— Пачну здалёк. Скончыў ваенную акадэмію, дзе падчас вучобы гуляў у КВЗ, у вышэйшай лізе Беларусі. З цягам часу зразумеў, што ваенная справа — зусім не маё, прыйшоў на тэлеканал «Мінск 24 ДОК»: яны шукалі рэдактара з пачуццём гумару, які б мог пісаць жарты для гумарыстычнага праекта пра міліцыю. Пазней перайшоў у друкаваныя СМІ, быў фрылансерам, пісаў для «Компьютерных вестей» і спецпраектаў TUT.BY. Потым апынуўся ў Realt.by, дзе захварэў на нерухомасць. Паралельна я працаваў у «Чырвоным Крыжы», далучыўся да валанцёрскай тусоўкі. Аднойчы ў некалькіх раёнах Мінска з кранаў пацякла непрыдатная для выкарыстання вада. Стаяла спёка — я пачаў вазіць людзям каністры з чыстай вадой. Працаваў уначы, а ўдзень дапамагаў. Падчас кавіду далучыўся да ініцыятывы «ByCOVID» — набываў маскі і лекі для бальніц.

Калі пачалася выбарчая кампанія 2020 года, я ўяўляў, як гэта можа быць, бо браў удзел у Плошчы-2010. У Бабруйску, адкуль паходзіць жонка, участак для галасавання быў у інтэрнаце — там выступалі піянеры з песнямі кшталту «Пусть всегда будет солнце». Глядзіш — атмасфера свята. І разумееш, что ўвечары, хутчэй за ўсё, будзе гамон.

— Што ты рабіў у той час?

— 9 жніўня, у дзень выбараў, я трапіў пад абстрэл за «Каронай» на Кальварыйскай. Было чуваць выбухі гармат. З сябрамі мы апынуліся паміж анархістамі, якія будавалі барыкады, і амапаўцамі. У людзей траплялі гумовыя кулі, яны падалі — было зразумела, да чаго ўсё ідзе.

Наступнымі днямі я набываў медыкаменты, гідрагелевыя павязкі для шпіталяў — было шмат апёкавых. Увечары выходзіў на «Пушкінскай», «Каменнай Горцы». Заўважыў, што бракуе палявых лекараў. У «Чырвоным Крыжы» рыхтавалі журналістаў у гарачыя кропкі — там я прайшоў добры курс першай дапамогі. У раённым чаце да мяне далучыліся дзве медсястры. Усім дваром набылі перавязачныя матэрыялы, лекі. Маю машыну ператварылі ў штосьці кшталту рэанімабіля. Мы ездзілі па горадзе, шукалі тых, каму патрэбна дапамога.

Аднойчы трапілі на плошчу Леніна — пачаўся разгон пратэстоўцаў, пад’ехаць блізка было складана, бо стаялі рубяжы даішнікаў, у адзін з іх мы ўперліся. І тут я ўбачыў знаёмы твар: калі вёў перадачу пра міліцыянераў, меў размову з гэтым даішнікам. Ён мяне пазнаў, павітаўся — нас гэта выратавала.

Крыху пазней я стаў валанцёрам на Акрэсціна: набываў неабходныя рэчы і ехаў у лагер пад ЦІП, прывозіў валанцёраў, якія ехалі на працу. Хтосьці падкінуў ідэю складаць спісы затрыманых пад РАУС — на Акрэсціна гэты працэс ужо быў наладжаны. Мы стварылі каманду і пачалі працаваць, зрабілі канал у Тэлеграме, каб сваякам было прасцей знаходзіць затрыманых.

У камандзе было каля 15 чалавек, усе адно аднаго ведалі. Некаторых з нашых арыштавалі — вельмі не падабаліся валанцёры супрацоўнікам Заводскага РАУСа. Пад кастрычнік мы зразумелі, што ў нас сабралася вялізная база доказаў гвалту ў РАУСе: мы фіксавалі, калі прыязджалі «хуткія», хто быў збіты, дзе чуўся крык. Усё гэта мы запісвалі ў табліцу. Калі пачалі затрымліваць валанцёрскія ініцыятывы, мы зразумелі, што яе трэба вывозіць за мяжу.


Яўген Карнеевец на працы ў Познані. Фота: budzma.me

Яўген Карнеевец на працы ў Познані. Фота: budzma.me

— Менавіта ў гэты момант ты вырашыў пакінуць Беларусь?

— Жонка ў гэты час паступіла вучыцца ў Польшчу і папрасіла з’ездзіць з ёю на пару тыдняў. Я пагадзіўся — добрая нагода, каб забраць з сабой базу. Познань выбралі выпадкова: загуглілі польскія гарады, і нам ён спадабаўся па фота. Горад прыгожы, побач з Германіяй — падумалі, што на месяц гэта будзе добрым варыянтам. Кватэру выбіралі не так, як гэта робяць цяпер: мы падышлі да гэтага пытання, як да арэнды жылля падчас падарожжа. Тады я быў упэўнены, што ўсё скончыцца не пазней чым праз месяц і мы спакойна вернемся дадому. Думаў, што проста еду выпіць польскага піва.

Хутка мне сказалі, што я і мая сям’я знаходзімся ў спісах тых, каго мусяць забраць на мяжы. Так мы засталіся тут.

— Нядаўна ў Польшчы ты атрымаў медаль «Валанцёр Беларусі». Як гэта адбылося?

— З ініцыятывай узнагароджваць валанцёраў выступіў беларускі мастак, які ва Украіне вырабляў гадзіннікі з нашым арнаментам. Шчыра кажучы, нават не ведаю, хто даслаў яму маё прозвішча. Адміністратарка валанцёрскай ініцыятывы забрала тыя медалі з Украіны і прывезла іх у Познань.

— То-бок ў Познані жывуць валанцёры, з якімі ты працаваў у Беларусі?

— Я быў першым з нашай каманды, хто пераехаў сюды. Пазней, калі знаходзіцца дома стала небяспечна для ўсіх, пачаў зваць валанцёраў сюды. Амаль усе нашы, хто працаваў каля РАУСа і на Акрэсціна, апынуліся ў Познані. Спачатку за намі сачылі адкрыта — пра гэта пісалі польскія медыя. На адной з беларускіх імпрэз чалавек у масцы нават не хаваўся — прыйшоў, сеў побач, дастаў з заплечніка дыктафон і камеру. Пасля гэтага выпадку я вырашыў падавацца на міжнародную абарону. Валанцёры маюць горкі досвед — мы часта заўважаем на акцыях падазроных людзей.


Глядзіце таксама

— Чым ты пачаў займацца ў Польшчы? Працягнуў працаваць у журналістыцы ці спрабаваў штосьці новае?

— Працягнуў працаваць журналістам, але было складана: нам забаранілі пісаць пра палітыку — маю любімую тэму. Калі маеш звычку працаваць на палях, складаць падборкі і рабіць аналітыку не вельмі цікава. Я зразумеў, што выгараю, і пайшоў працаваць у дастаўцы — удзень пісаў тэксты, потым катаўся па горадзе, каб крыху адпачыць. Уначы мы працягвалі складаць спісы затрыманых.

У адрозненне ад жонкі тутэйшай мовы я не ведаў зусім, увогуле нічога не ведаў пра Польшчу. Але калі жывеш у гэтым асяроддзі, лёгка схопліваеш усё неабходнае. Да вайны тут было значна менш эмігрантаў, польская чулася часцей. Было страшна пачаць размаўляць: я мог пабудаваць сказ у галаве, але вымавіць яго баяўся. Таму па выхадных ішоў працаваць у польскі бар — памочнікам бармена. Размаўляць з п’янымі палякамі было нескладана (смяецца). Праз месяц зусім пазбавіўся страху.

— Многія губляюцца пасля пераезду, не адчуваюць глебы пад нагамі. Што дапамагло табе адаптавацца?

— Камунікацыя — усім раю выходзіць на сумесныя імпрэзы: беларускамоўны клуб, заняткі ёгай — не мае значэння, што гэта будзе. Даведваешся, чым людзі жывуць, табе дапамагаюць, штосьці падказваюць. Калі прыехаў у Познань, такіх тусовак было няшмат, але я ўсё роўна з кожнай выносіў штосьці карыснае.

У нас ёсць невялікае клінінгавае агенцтва — запрашаем людзей ва ўзросце, якім патрэбна падпрацоўка. Але стаўленне да гэтага рознае. Напрыклад, пазнаёміўся з жанчынай, якая скардзілася на тое, што ўсю зіму ездзіла на ровары ў дастаўцы. Яна казала: «Я тут два гады, упершыню паразмаўляла з беларусам». А можна было даведацца, дзе людзі працуюць, якія ёсць вакансіі, а не катацца на ровары ў маразы.


Глядзіце таксама

— У Познані ты адкрыў агенцтва нерухомасці для беларусаў, але тут даўно працуе свой рынак. Чаму ты вырашыў прыйсці ў гэтую сферу?

— Калі пачынаеш дапамагаць людзям, гэта становіцца сістэмай, атрымліваеш кайф. «Палітычныя» прыязджалі ў Познань амаль без нічога — з аднымі заплечнікамі. Разам з беларускім урачом Андрэем пачалі задарма шукаць такім людзям кватэры: тэлефанавалі гаспадарам, суправаджалі падчас аглядаў, дапамагалі вычытваць дагаворы арэнды. Пазней сюды паехалі айцішнікі — ва ўсю моц працавала сарафаннае радыё, людзі ведалі, што ёсць тыя, да каго можна звярнуцца па дапамогу. У некаторых эмігрантаў былі даволі высокія запыты: прасілі аб’ехаць усе магчымыя варыянты па аб’явах, падабраць кватэры з асаблівым інтэр’ерам, напрыклад.

Мы вырашылі, што варта ўвесці фінансавыя абмежаванні, каб аплаціць бензін, які ў Польшчы нятанны. Людзі пачалі падыходзіць да выбару жылля больш сістэмна, бо калі дапамагаеш бясплатна, гэта часта ўспрымаюць як належнае. У Беларусі пачаліся жорсткія рэпрэсіі, пераязджалі цэлыя кампаніі, і мы атрымалі вялікую нагрузку. Спецыялісты з ІТ прасілі выдаць чэкі на нашы паслугі, таму што пераезд аплачвалі фірмы. Мы падумалі, што можна адкрыць ІП — проста каб выпісваць фактуры. Так мы і зрабілі — праз тыдзень у кожнага з нас было ўжо па 20 кліентаў.

Мы разумелі, што не здолеем: складана адначасова весці нават траіх. Тады пачалі наймаць супрацоўнікаў: шукалі сярод знаёмых беларусаў харызматычных і адказных, з добрым веданнем польскай мовы. У выніку сабралі каманду з васьмі чалавек і пачалі працаваць напоўніцу.


Глядзіце таксама

Агенцтва адкрываць не збіраліся — проста хацелі зрабіць так, каб людзям было зручней даваць справаздачу кіраўніцтву кампаній. Тым не менш, справа пайшла: нядаўна мы распачалі працэс у Гданьску, Любліне і Вроцлаве. Сарафаннае радыё стала самай прадукцыйнай рэкламай.

— Ёсць меркаванне, што ў Польшчы да нас ставяцца з асцярогай, былі выпадкі непрыкрытага хэйту. Ці проста было дамаўляцца з гаспадарамі, калі яны даведваліся, што кватэра патрэбна беларусам?

— Арэндадаўцы з прадузятым да беларусаў стаўленнем адпадаюць на першых званках, калі чуюць акцэнт — такія выпадкі былі нярэдкімі яшчэ да вайны. Мы адразу паведамляем, для каго шукаем кватэру, спрабуем паразмаўляць з уладальнікамі, у тым ліку на вострыя тэмы. Бывала, прыязджаеш на агляд і ловіш сябе на думцы, што дапіваеш трэці кубак гарбаты з гаспадаром.

Падчас працы ў нас назбіралася шмат гісторый, часам не вельмі прыгожых — напрыклад, калі дапамагалі «палітычным», а яны аказаліся не тымі, за каго сябе выдавалі. Запомніўся выпадак: у 2021 годзе ў Кіеў пераехала сям’я, назваліся страйкамаўцамі з мазырскага прадпрыемства. Расказвалі, як яны беглі з сотняй долараў у кішэні, хацелі ў Польшчу — быццам у іх тут былі знаёмыя, якія маглі ім дапамагчы. Беларуская дыяспара з Украіны звязалася з дыяспарай з ЗША — у выніку сям’і сабралі каля 13 тысяч долараў — на год арэнды жылля ў Польшчы. Яны пераехалі ў Познань. Мы прапанавалі ім трохпакаёўку, якую давалі «палітычным» задарма, каб людзі мелі магчымасць стаць на ногі. Яны адмовіліся, патлумачыўшы гэта тым, што цяпер з’явіліся грошы і яны могуць жыць у гатэлі, а потым арандаваць элітнае жыллё, бо ў Мазыры жылі ў вельмі добрых умовах — не хацелася б пагаршаць іх у Польшчы. Хутка мы даведаліся, што гэтая сям’я з’ехала ў Беларусь — з грашыма, што ім сабралі як людзям, якія не могуць вярнуцца дадому.

— Каму ахвотней здаюць жыллё? Ці ёсць у арэндадаўцаў асаблівыя перавагі?

— Беларускія айцішнікі — гэта брэнд: лічыцца, што яны лепшыя арандатары, спакойныя, не ладзяць шумных тусовак. Ідэальны варыянт для палякаў — маладая пара без дзяцей і жывёл. Але не было хэйту і да людзей з іншых сфер. З 2020 года з Беларусі ў Польшчу паехала інтэлігенцыя: дактары, настаўнікі, журналісты. Лад жыцця тых, хто прыязджае на заробкі, і тых, хто прыехаў сюды ўладкоўвацца на нявызначаны час, моцна адрозніваецца. Хаця ў палякаў стаўленне да эмігрантаў мяняецца вельмі часта. Ехалі беларусы — аддавалі перавагу беларусам. Пачалася вайна — сталі клапаціцца пра ўкраінцаў. Самі палякі жартуюць: «Заўтра пачнецца штосьці ва Угандзе, мы забудзем пра ўсіх і скажам, што жыхары Уганды — найлепшыя».

— Чым ваша агенцтва адрозніваецца ад польскага?

— У асноўным да нас звяртаюцца тыя, у каго ёсць моўны бар’ер. Другі момант — розніца ў падыходах да працы. У польскага агенцтва ёсць база кватэр, для якіх яны шукаюць арандатараў. Па сутнасці, гэта пасярэднікі паміж кліенцкай базай і кватэранаймальнікамі. Ёсць агенцтвы, якія бяруць грошы і з уладальніка кватэры, і з арандатара.

У нас іншы падыход: мы шукаем кватэры пад запыты беларусаў. Прыходзіць чалавек, паведамляе пра свае патрабаванні, і мы пачынаем маніторыць адпаведныя варыянты на рынку.

— Як выглядае працэс? З чаго пачынаецца і чым заканчваецца?

— У нас няма абмежаванняў на колькасць кватэр, якія мы можам паглядзець з кліентам. Калі чалавек жадае пераехаць ва ўжо гатовую кватэру, пачынаем паказваць варыянты па відэасувязі, замаўляць кватэры, дамаўляцца з гаспадарамі, каб яны дачакаліся арандатара. Чалавек прыязджае, калі яго ўсё задавальняе, падпісвае дагавор, атрымлівае ключ, і на гэтым наша супрацоўніцтва заканчваецца. Калі чалавек прыехаў з дзіцём, не ведае польскай, глядзіць навокал вялікімі вачыма і не разумее, што рабіць далей, мы бяром яго за руку, вядзём атрымліваць неабходныя дакументы, дапамагаем з дзецьмі, нават у «Ікею» адвязём — бясплатна. Бывае, збягаюць у Польшчу толькі з заплечнікамі — цяпер гэта рэдка, але здараецца — мы за свае грошы набываем рэчы першай неабходнасці, тэлефон, сушылку для бялізны, чайнікі, рондалі, талеркі, каб можна было жыць першы час.

Некаторым дапамагаем рабіць рамонт. Нядаўна прыехалі кліенты, бачна, што грошай у іх няшмат. Кватэра, якую мы для іх знайшлі, пасля мінулых арандатараў аказалася ў дрэнным стане. Гаспадар гэта разумеў, таму здаў яе ў арэнду танна, і мы прапанавалі адрамантаваць кватэру, каб жылося лягчэй. Часта далучаем да гэтай ініцыятывы беларусаў, якія шукаюць падпрацоўку.

— Давай пяройдзем да беларускай суполкі ў Познані. Як жыве дыяспара?

— Я стварыў Тэлеграм-чат беларусаў у Познані. Там я ўзняў пытанне пра тое, што трэба знаёміцца, ствараць ініцыятывы: у Беларусі працягваюцца арышты, нам тут трэба дзейнічаць. На месца сустрэчы прыходзілі беларусы, я разумеў, што трэба браць мікрафон і штосьці гаварыць — не проста стаяць. У чаце з’явілася шмат укладак: чат для бацькоў, дошка аб’яў, асобны канал з навінамі (праз некаторы час ён быў прызнаны «экстрэмісцкім».Заўв. рэд.). Зараз сюды едуць актыўныя, ініцыятыўныя людзі, якія, на жаль, пакуль не могуць заставацца дома. Яны самі ствараюць чаты: беларускамоўны размоўны клуб, чат актыўнага адпачынку. Адміністраванне чатаў займае шмат часу, бо спрабуеш адказаць усім. Жонка вядзе старонку беларусаў Познані ў Інстаграме.


Глядзіце таксама

— Як лічыш, якія мерапрыемствы важна арганізоўваць для беларусаў за мяжой? У прыярытэце палітычныя акцыі ці штосьці іншае?

— Палітычныя мерапрыемствы, акцыі пратэсту былі больш актуальныя ў 2020–2021 гадах. З цягам часу заўважыў, што да іх далучаецца ўсё менш людзей — жаданых вынікаў няма. Я прыхільнік таго, каб праводзіць мерапрыемствы з мэтай — за гэта на мяне часта лаюцца беларусы: «Кіеў выходзіць штодзённа са сцягамі пастаяць». А што мы гэтым пакажам? Потым беларусы пачалі арганізоўвацца самі, выходзіць на плошчу — іх хапіла на месяц. Прыязджаюць новыя — пачынаецца тое самае, іх хапае на пару тыдняў. Людзі сыходзяць, разумеючы, што карысці ад гэтага няма. Лепш падтрымліваць павестку, каб яшчэ раз паказаць польскім уладам, што адбываецца.

Мае калегі, адміністратары чата, сышлі ў арганізацыю беларускіх імпрэз. Гэта вельмі файна — лічу, што зараз важна падтрымліваць нашу культуру. Думаю, такія імпрэзы дапамагаюць расказаць палякам пра сітуацыю ў Беларусі.

У Познані мы выдалі кнігу. Ёсць анлайн-праект «Камера #18», дзе сабраны гісторыі палітвязніц, якія сядзелі ў адной камеры. Арганізатары далі нам дазвол на публікацыю — мы пераклалі праект на польскую мову, звярсталі і надрукавалі каля 500 экзэмпляраў у снежні 2021 года. Кніга разляцелася па розных гарадах імгненна.

Праз нашы ініцыятывы палякі разумеюць, чаму людзі едуць сюды, чаго пазбягаюць, чаму не адбылося таго, што мусіла адбыцца.

Цяпер беларуская культура ў выгнанні. Задача тых, хто жыве тут — падтрымліваць нацыю, пакуль яна раскідана па розных краінах. Традыцыі, культурныя асаблівасці, якія ў Беларусі знішчылі, зараз прарастаюць за мяжой. Калі-небудзь усё зменіцца, і мы здолеем вярнуць іх на радзіму.