Аляксандр Ярашук: падзенне заробкаў можа стаць трыгерам пратэстаў
Не трэба быць вялікім эканамістам, каб прагназаваць далейшае падзенне заробкаў. Каля 31 % спецыялістаў адзначылі скарачэнне заработнай платы ў першым квартале, сведчыць апытанне даследчага цэнтра rabota.by.
Пра павелічэнні нагрузкі за кошт таго, што ўзрос аб'ём працы, казалі
26,3% апытаных. Рэспандэнты адзначалі таксама скарачэнне колькасці рабочых дзён
і гадзін у першым квартале і павелічэнне нагрузкі за кошт скарачэння штата. Пра
зніжэнне заробкаў праінфармаваў і Белстат.
Як гэта паўплывае на сацыяльна-эканамічную сітуацыю? Сваімі развагамі з газетай "Беларусы і рынак" падзяліўся старшыня Беларускага кангрэса дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук:
— Скарачэнне заробкаў — гэта праблема. І не трэба быць вялікім эканамістам, каб прагназаваць далейшае падзенне заробкаў. Мы не ведаем, якім будзе курс беларускага рубля і інфляцыя, але, хутчэй за ўсё, прагнозы тут наўрад ці могуць быць спрыяльнымі.
Скарачэнне заробкаў пакуль не носіць крытычнага характару. Але цяпер занадта павысілася цана ўдзелу ў пратэсных акцыях, і ў кароткатэрміновай перспектыве гэта будзе спрыяць зніжэнню пратэснай актыўнасці. Людзі не гатовыя за ўдзел у акцыях плаціць такую высокую цану.
Аднак у доўгатэрміновай перспектыве скарачэнне заробкаў стане адным з трыгераў, і ён будзе падштурхоўваць людзей да магчымых акцый пратэсту або іншых формаў выказвання незадаволенасці. Маленькія зарплаты, вядома, адаб'юцца і на настроях людзей, і на сацыяльна-эканамічнай сітуацыі.
Па маіх назіраннях, у прыватных кампаніях становішча лепшае, чым у дзяржаўных. У сукупнасці ўзровень заробкаў і сацыяльная абароненасць работнікаў у прыватных кампаніях вышэйшыя. Не ведаю, чаму нарадзілася гэта непрыманне ўладай прыватнага бізнесу, якое выяўляецца ў розных формах дыскрэдытацыі. Беларускі бізнес столькі гадоў выжывае ў неверагодна складаных умовах, пры гэтым ён дае больш сацыяльных гарантый і выплачвае больш высокія заробкі сваім работнікам. Узгадайце хаця б масавыя звальненні людзей з буйных дзяржаўных прадпрыемстваў у 2014–2016 гадах: МАЗ, МТЗ, "Гомсельмаш", БелАЗ. Па маіх назіраннях, на дзяржаўных прадпрыемствах работнікі больш бяспраўныя.
Іншая справа, што на прыватных прадпрыемствах заробак выплачваецца за працу, а на дзяржаўных, хоць заробкі і невялікія, але часцяком яны выплачваюцца за час, праведзены на працоўным месцы. Дагэтуль нашы дзяржаўныя прадпрыемствы выконваюць сацыяльную функцыю — занятасць насельніцтва. У прыватным бізнесе такога з'явы быць не можа, інакш фірма збанкрутуе.
Той факт, што наш бізнес змог выжыць, усяляе надзею на тое, што пры спрыяльных умовах ён будзе развівацца вельмі імкліва, а значыць, будзе і рост заробкаў, і павышэнне сацыяльнай абароненасці работнікаў. Аднак такое магчыма толькі пры істотных палітычных трансфармацыях.
Нацыянальны савет па працоўных і сацыяльных пытаннях ўжо год не збіраўся. У мінулым годзе мяне не запрасілі на онлайн-пасяджэнне, як і варта было чакаць. Наша асацыяцыя з прадстаўнікамі беларускіх бізнес-супольнасцяў у канцы года звярталася да ўрада з прапановай разгледзець комплекс пытанняў, які тычыцца бізнесу і рабочых, але нашы прапановы былі праігнараваныя.