«Перспектыва» заклікае вярнуць ІП магчымасць разлічвацца за мяжой наяўнай валютай

ГА «Перспектыва» звярнулася ва ўрад і Нацбанк з заклікам вярнуць індывідуальным прадпрымальнікам магчымасць разлічвацца за мяжой наяўнай замежнай валютай пры імпарце тавараў. Цяпер 99% разлікаў ІП у гандлі з іншымі краінамі ідзе наяўнымі, адзначае грамадскае аб'яднанне.

Фота vgr.by

Фота vgr.by

У звароце, адпраўленым ураду і Нацбанку, «Перспектыва» выказвае катэгарычную нязгоду з адменай пастановы 2019 года. Нагадаем, дазвол разлічвацца наяўнай валютай быў прадугледжаны сумеснай пастановай Саўміна і Нацбанка № 212/5 ад 29.03.2019 «Аб некаторых пытаннях правядзення валютных аперацый». Дазвалялася весці разлікі ў замежнай валюце па здзелках, якія прадугледжваюць імпарт тавараў, у суме, што не перавышае 100 базавых велічынь па кожным дакуменце, які пацвярджае паступленне тавараў на тэрыторыю краіны. Акрамя таго, ІП дазвалялася набываць валюту для гэтых мэтаў у абменных пунктах як звычайным фізічным асобам.

Аднак з 9 ліпеня дзеянне дакумента адмяняецца. Гэта прадугледжана сумеснай пастановай Саўміна і Нацбанка №203/4 ад 7.04.2021 года, якая была афіцыйна апублікаваная амаль месяц таму.

У лісце, дасланым «Перспектывай» ураду і Нацбанку, выказваецца катэгарычня нязгоду з адменай магчымасці наяўных разлікаў. Тэкст ліста размешчаны на сайце грамадскага аб'яднання.

У ім адзначаецца, што з 9 ліпеня індывідуальныя прадпрымальнікі будуць «абавязаныя выконваць умовы па валютным рэгуляванні, у тым ліку рабіць пераводы за аплату тавараў толькі безнаяўнымі грашыма, купляючы валюту на біржы — і гэта нерэальна для пераважнай колькасці ІП». Паводле інфармацыі «Перспектывы», на дадзены момант 99% разлікаў ІП у гандлі з іншымі краінамі ідзе наяўнымі.

«Можна сцвярджаць, што пасля 9 ліпеня 2021 года гэты від бізнесу, праз непрацяглы час, спыніцца і спыніць працу зусім. Прывозу новага тавару не будзе, падаткі плаціць не будзе чым, арэнду таксама, ФСАН таксам... крызіс неплацяжоў будзе відавочным. Ценявы сектар эканомікі будзе расці ў геаметрычнай прагрэсіі», — лічаць у «Перспектыве».

Аб'яднанне нагадвае, што папярэджвала пра недапушчальнасць увядзення падобных нормаў, але папярэджанне было праігнаравана. Пастанова, што пазбаўляе ІП права на наяўныя разлікі за мяжой, паводле «Перспектывы», была падпісана без кансультацый з прадпрымальнікамі.

Грамадскае аб'яднанне «неадкладна і пераканаўча» прапануе вярнуць норму пастановы ад 2019 года з мэтай захавання за ІП права весці разлікі за мяжой у наяўнай замежнай валюце.

«Усе асноўныя аргументы на карысць дадзенага рашэння гатовыя выкласці на любых дыялогавых кансультацыйных пляцоўках, пра якія не раз гаварыў урад у сваіх адказах і пасланнях бізнесу краіны: іншымі словамі, збярыце народ і пачуеце праўду, чаму нельга было прымаць пастанову № 203 / 4 ад 07.04.2021 года ў частцы пункта 2, і якую цану заплаціць краіна за гэта непрадуманае рашэнне», — гаворыцца ў звароце.

Паводле reform.by