
Беларуская дзяржаўная запазычанасць моцна валютызаваная. Практычна ўвесь знешні дзярждоўг намінаваны не ў беларускіх рублях.
Доля рублёвай кампаненты ва ўнутраным дзярждоўгу таксама нізкая — каля 11,8% на 1 красавіка. Таму паслабленне беларускага рубля да долара, еўра, юаня або расійскага рубля аўтаматычна вядзе да павелічэння дзяржаўнай запазычанасці ў «зайчыкавым» кампаненце.
У красавіку Беларускі рубель крыху ўмацаваўся да часткі валют. У сувязі з гэтым рэкорд па суме доўгу на 1 мая наўрад ці будзе пабіты. Затое працяг дэвальвацыі адкрывае дарогу да пабіцця старых рэкордаў.
Унутраны дзярждоўг у выпадку Беларусі сінанімічны выпускам аблігацый Мінфіна. На 1 красавіка абавязацельствы па гэтых выпусках складалі 2,714 млрд. USD, 1,030 млрд. EUR, 147,4 млн. RUB і 1,380 млрд. BYN.
Знешні дзярждоўг Мінфін дае ў доларавым эквіваленце. Да 1 красавіка ён дасягнуў 18,123 млрд. USD. Для параўнання: на 1 красавіка знешні дзярждоўг быў роўны 16,634 млрд. USD, на 1 красавіка 2014 года — 12,131 млрд. USD. Атрымліваецца, што за 7 гадоў знешні дзярждоўг вырас амаль у паўтара раза.
У параўнанні з ВУП Беларусі знешні дзярждоўг склаў 30,4%, унутраны — 7,5%. Такім чынам, дзярждоўг у нацыянальным вызначэнні склаў 37,9% ад ВУП краіны.
Годам раней (1 красавіка 2020-га) суадносіны дзярждоўгу і ВУП былі больш спрыяльнымі для ўлад: 25,5% і 6,3%. А на 1 красавіка 2014 года знешні дзярждоўг быў роўны 15,8% ВУП, унутраны — 5%.
Пагаршэнне паказчыкаў звязана з дэвальвацыяй беларускага рубля і моцнай валютызацыяй дзярждоўгу. Пасля шэрагу крызісаў беларуская эканоміка да гэтага часу далёкая ад ўзору 2014 года. Тады ВУП склала 78,9 млрд. USD у эквіваленце. За 2020 год ВУП Беларусі склаў 60,4 млрд. USD, а па выніках 2021 года, паводле афіцыйных прагнозаў, можа дасягнуць 61,7 млрд. USD.
Відавочна, што да адзнакі 2014 года яшчэ вельмі далёка. Па беларускай методыцы ў дзярждоўг не ўключаюць дзяржаўныя гарантыі. Аднак гэта робяць міжнародныя арганізацыі тыпу МВФ, Сусветнага банка і ЕАБР. З улікам гарантый дзярждоўг Беларусі на 1 красавіка склаў 67,4 млрд. BYN, або 43,1% ад ВУП.