Ідэалогія абсурду
Краіна адзначыла Першамай, сумешчаны з праваслаўным Вялікаднём, збольшага, ударнай працай. На поўдні ўжо садзілі бульбу. Але некаму ўсё ж карцела даказаць сабе і астатнім, што «вораг не пройдзе».
Афіцыйныя прафсаюзы звезлі да амерыканскай амбасады «арганізаваныя групы працоўных», каб выказаць сваё «фэ» ўвядзенню санкцый. У мітынгу, як планавалася, павінны былі ўзяць удзел каля 1000 чалавек, перадаюць «варожыя» тэлеграм-каналы. Аднак прыйшло каля сотні.
Што ў гэтай сітуацыі ўражвае — дык гэта тое, што беларуская прапаганда наўпрост загразла ў часах СССР. Для іх не паўстала нічога новага з тых часоў, калі адна шостая частка свету змагалася з «заходнім імперыялізмам» шляхам «мабілізацыі працоўных». Яны проста не заўважаюць, што свет змяніўся, і змяніўся незваротна.
Таму і аддачы ад такога «пратэсту» няма. А дзе ж яна будзе, калі спадар кіраўнік ФПБ Міхаіл Арда перадаў петыцыю працоўных не амбасадару ЗША, а беларускаму міліцыянту, што сядзіць у будачцы ля будынку амбасады. Смешна, што пратэст Арды атрымала Упраўленне па ахове дыпламатычных прадстаўніцтваў і консульскіх устаноў замежных дзяржаў МУС Беларусі.
Шчыра скажам, амерыканцы прызвычаіліся да таго, што па ўсім свеце ля іх амбасадаў розныя людзі патрабуюць дзіўнага. Добра яшчэ, што ў Беларусі мітынгі праходзяць без спальвання амерыканскіх сцягоў і закідвання амбасады камянямі. Так што супрацоўнікі амбасады ЗША могуць сабе спакойна працаваць, нават калі ФПБ сапраўды арганізуе пад іх сценамі мітынг хоць у 10 тысяч чалавек: Амерыка толькі будзе вітаць свабоду выказвання.
А вось улады аказаліся ў сітуацыі, калі (зноў і ў які ўжо раз) самі сябе адлупцавалі. Па-першае, паказалі сваю непісьменнасць у дыпламатычных стасунках да такой ступені, што нават не ведаюць, куды лісты аддаюцца. Па-другое, прадэманстравалі, што рэакцыя сусвету на беларускія падзеі для іх хваравітая. Па-трэцяе: пераканалі амерыканцаў, што іх санкцыі працуюць.
Ну і, канешне, зноў выявілі «падвойныя стандарты», у чым звычайна абвінавачваюць менавіта Захад. «Чарнобыльскі шлях» не дазволілі з-за каронавірусу, а праз пяць дзён сабралі сотню чалавек, нягледзячы на «заразу». Дарэчы, добрая спроба сапсаваць здароўе «ябацек». Ці афіцыйныя прафсаюзы потым выдадуць бясплатныя пуцёўкі ў санаторый тым, хто ў выніку гэтай акцыі перахварэе на ковід?
Не дзіўна, што 90% патэнцыйных удзельнікаў праўладнага мітынгу разбегліся. З уладай звязвацца ніхто не хоча. Аж да таго, што нават на афіцыйны конкурс прыгажосці «Міс Беларусь» даводзіцца выдаваць «разнарадкі». Менавіта такі ліст атрымалі ў раёнах Мінска ад Мінгарвыканкама. У ім сказана: «Для ўдзелу ў гарадскім этапе конкурсу «Міс Беларусь» неабходна накіраваць ад кожнага раёна Мінска па 5 (пяць) дзяўчат».Верагодна, улады напалохаліся тым, што ў Наваполацку і Брэсце на кастынг прыйшло ўсяго па адной дзяўчыне. Гэта не дзіўна не толькі пасля выкрыцця факту, як дзяўчыны-пераможцы конкурсаў прыгажосці трапляюць ва ўрадавыя лазні. Проста ўлада стала настолькі «таксічнай», што запэцкацца стасункамі з ёю агідна не толькі на дзелавым, але і на асабістым, чалавечым узроўні.
Пры гэтым відавочна, што там, ва ўладзе, не ведаюць, што рабіць. Што рабіць не толькі са сваёй «таксічнасцю», але і ўвогуле. Таму яны занятыя выключна тым, што «мітусяцца пад кліентам».
Напрыклад, два месяцы таму ў Беларусі, каб прытармазіць інфляцыю, прынялі цвёрдае рашэнне — цэны больш чым на сто найменняў тавараў былі замарожаныя. Рашэнне закранула 57 найменняў прадуктаў харчавання, 5 найменняў сродкаў гігіены і гаспадарчых тавараў, а таксама 50 найменняў лекавых прэпаратаў айчыннай вытворчасці або расфасоўкі. З сакавіка павышаць цэны на такія тавары дазваляецца не больш чым на 0,2% у месяц. Аднак на мінулым тыдні намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Андрэй Картун анансаваў верагодную адмену пастановы № 100, якой гэтае замарожванне было ўведзена. «Трэба пераходзіць да больш ліберальных захадаў. Цяпер ва ўрадзе абмяркоўваецца магчымасць адмены пастановы», — сказаў Картун.
Адразу ўзгадваецца анекдот пра тое, як равін параіў незадаволенаму жыццём прыхаджаніну прывесці ў дом казу. Каза зрабіла жыццё чалавека ўвогуле невыносным, і тады служка культу сказаў: «Пазбаўся ад казы!» І як толькі казу выштурхнулі за парог, жыццё стала значна лепшым. Так і тут: спачатку ўлады «завялі казу», замарозіўшы цэны: інфляцыя ад гэтага не зменшылася, цэны расці не перасталі, затое з’явіўся дэфіцыт некаторых тавараў. Цяпер яны хочуць «пазбавіцца ад казы» — і называюць гэта «лібералізацыяй».
У палітыцы — не менш цікавыя рэчы. Міністэрства юстыцыі адмовіла ў рэгістрацыі прарасійскай партыі «Саюз». Не ведаю, на што спадзяваліся «прарасійцы» ў краіне, дзе за 20 гадоў не было зарэгістравана ніводнай палітычнай партыі, але тым не менш. Бачна, што разлік на «канстытуцыйную рэформу», пра якую шмат казаў кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў, і вольнасць дзеяння прарасійскіх партый у Беларусі не спрацаваў. Расія спадзявалася лабіраваць свае інтарэсы ў Беларусі праз лаяльныя ёй партыі і арганізацыі. Разлік палягаў у тым, што, паводле новай Канстытуцыі, улада прэзідэнта зменшыцца, а паўнамоцтвы парламенту павялічацца, прарасійскія партыі, падтрыманыя крамлёўскімі медыя, могуць атрымаць шмат месцаў у парламенце, і, адпаведна праводзіць сваю палітыку.
Аднак Лукашэнка яскрава паказаў: уладай ён дзяліцца не мае намеру. Больш за тое, канстытуцыйная камісія, якая, нібыта, выпрацоўвае тую самую новую Канстытуцыю, заявіла, што ў Сінявокай немэтазгодна мяняць форму кіравання з прэзідэнцкай на іншую.
Такім чынам, Лукашэнка, як звычайна, скарыстаў Пуціна ў жніўні-верасні мінулага года, «развёў яго на грошы» (крэдыт у 1,5 мільярда долараў, з якіх траціну мы яшчэ і не атрымалі) і падтрымку (памятаеце, Пуцін нават ствараў «рэзерв Росгвардыі» ля беларускай мяжы на выпадак, калі пратэстоўцы ў Беларусі пяройдуць нейкія «чырвоныя рысы»?), а цяпер, па сваёй завядзёнцы, «кінуў» саюзніка.
Цяпер чакаем, чым адкажа Пуцін.