Беларусь рухаецца да рукатворнага крызісу?

Дзеянні або бяздзейнасць чыноўнікаў здольныя выклікаць новы віток дэвальвацыі і інфляцыі. Пятніца 12 сакавіка можа стаць вырашальнай.

belarus_es_sankcii_1.jpg


12 сакавіка павінна адбыцца пасяджэнне праўлення Нацбанка па грашова-крэдытнай палітыцы. У лютым на гэтую дату было адкладзенае рашэнне НБРБ аб памеры стаўкі рэфінансавання і ставак па аперацыях рэгулявання ліквіднасці, нагадваюць banki24.by.

Месяц таму Нацбанк не адважыўся на ўзняцце ставак, якога патрабуе сітуацыя з ростам інфляцыі і высокімі інфляцыйнымі чаканнямі прадпрыемстваў і насельніцтва. У НБРБ спаслаліся на неабходнасць «дадатковага аналізу прагнознай дынамікі спажывецкіх цэн і ацэнкі працягласці ўздзеяння ключавых фактараў», якія прывялі да паскарэння інфляцыі.

На той момант былі вядомыя даныя па студзеньскай інфляцыі. Спажывецкія цэны ў гадавым вымярэнні павялічыліся на 7,7%, што стала максімальным паказчыкам за 48 месяцаў. Базавая інфляцыя, якая паказвае змяненне цэн на тавары без уліку дзяржрэгулявання і сезоннай валацільнасці пазіцый, узляцела да 7,5%. Гэта значыць, што цэны рухалі ўверх не толькі рашэнні ўлад або сезонны фактар, але і сама эканоміка.

23 лютага Саўмін прыняў славутую пастанову №100. З 1 сакавіка гэты дакумент замарозіў рост цэн на «сацыяльна значныя тавары першай неабходнасці» на ўзроўні +0,2% у месяц. Дзеянне пастановы не абмежаванае ў часе, гэта значыць дакумент дзейнічае нявызначаны тэрмін да яго адмены.

Амаль адразу на пастанову №100 адрэагавалі аналітыкі Еўразійскага банка развіцця. Яны заявілі, што «доўгае прымяненне такіх мер павышае верагоднасць узнікнення дэфіцыту асобных тавараў і паскоранага павелічэння цэн на тавары, якія не адносяцца да сацыяльна значных першай неабходнасці». Паводле разлікаў ЕАБР, «інфляцыя ў Беларусі застанецца ў дыяпазоне 8-8,5% год да года ў лютым-сакавіку і захаваецца вышэй за 7% год да года да кастрычніка 2021-га». Пры гэтым афіцыйны прагноз прадугледжвае запаволенне інфляцыі да 5% да канца года.

Суровая рэальнасць перасягнула нават песімістычныя ацэнкі Еўразійскага банка. Статорганы налічылі, што гадавая інфляцыя ў лютым паскорылася да 8,7%, што з’яўляецца рэкордам за 49 месяцаў. Базавая інфляцыя паднялася аж да 8,3%.

Сёння стаўка рэфінансавання застаецца на беспрэцэдэнтна нізкім узроўні ў гісторыі Беларусі — 7,75% гадавых. Стаўка па пастаянна даступных аперацыях падтрымання ліквіднасці роўная 8,75%.

Па факце, рэальныя стаўкі па такіх аперацыях абнуліліся ў 2021-м, але з канца жніўня 2020-га гэтыя аперацыі прыпыненыя. Калі ў пятніцу дыяпазон ставак Нацбанка не будзе істотна ўзняты для барацьбы з высокай інфляцыяй, у сістэме рэзка павялічацца рызыкі дэстабілізацыі.

А калі пад ціскам аграрна-прамысловага лобі ў дадатак здымуць забарону на выдачу крэдытаў овернайт, у эканоміку лінуць патокі свежых незабяспечаных рублёў. Чым гэта заканчвалася ў ранейшыя гады, беларусы неаднаразова адчувалі на ўласнай скуры.