«Беларускія камуністы могуць узгадняць грамадзянам паездкі на Кубу і Паўночную Карэю»

З нагоды мінулага міжнароднага дня турызму эканаміст і блогер Аляксандр Кныровіч разважае пра катастрофу ў гэтай галіне і пра тое, як можна палепшыць сітуацыю. 

Фота з pulse.mail.ru

Фота з pulse.mail.ru

— Тут Міжнародны дзень турызму здарыўся, — піша Кныровіч у тэлеграм-канале Эканоміка Беларусі. — Ну, вы не ў курсе, я таксама, калі б пра гэта не паведаміў Белстат разам з нашым любімым ГебельсТБ.

Прамая цытата безназоўнага чыноўніка ад турызму (вось нават не хачу шукаць, каго менавіта): «Кітаец едзе, перш за ўсё, па сваёй краіне, і толькі потым ужо за мяжу. У нас гэта таксама павінна стаць нормай — падарожжа па роднай Беларусі».

Здаецца, у Беларусі глобусы скончыліся, або гугл-карты, разам з такім жа сэрвісам ад Яндэкса перакрылі? Калі што, я магу перадаць кантрабандай, так і перадайце.

Плошча Беларусі —  207 тысяч квадратных кіламетраў, плошча Кітая — 9600 тысяч кіламетраў, у 42 разы больш. Ёсць куды ехаць.

Там наогул і паўднёвыя трапічныя курорты (Санья), і горы, і Вялікая Кітайская Сцяна, якой 2300 гадоў і гэтак далей, спісам, старонак так на 900.

Не, я люблю беларускія лясы і азёры, і нават некаторыя (вельмі асобныя) культурныя месцы, але недахоп вітаміна D (дзякуючы асаблівасцям беларускага клімату) дрэнна ўплывае на імунітэт. Асабліва ў дзяцей.

І наведванне Лініі Сталіна, вядома, бадзёрыць патрыятычны дух, але на здароўе ўплывае выключна ў бок пагаршэння.

А што яны, наогул, так завяліся? Ну, так, лічбы Белстата, кажуць пра катастрофу. З апошняга спакойнага, дакавіднага, 2018 года па 2022-ты, паказчыкі ўпалі ў 2-3 разы.

Колькасць турыстычных уездаў «да нас» з 11,5 — да 4,9 мільёнаў за год. З іх, грамадзян «па-за СНД», з 2,4 да 0,7 тых самых мільёнаў.

Ну і самі беларусы «перахацелі» за мяжу. Была агульная колькасць выездаў 9,3, а стала 3,8 усё тых жа самых мільёнаў.

З іх «не ў СНД» паток зваліўся з 6,0 да 2,9 мільёна чалавек

У сярэднім беларусы праводзяць за мяжой (у турыстычных паездках) усяго 8 дзён.

Увогуле, санаторыі поўныя расійцамі (з тых, для каго Крым цяпер, чамусьці «не вельмі»), вядома, пераконваюць, але агульныя лічбы цалкам у «чырвонай зоне».

А што тычыцца кітайцаў, дык там ёсць «перадавы» досвед. Яшчэ не так даўно, каб выехаць за мяжу ў турыстычную паездку, кітаец павінен быў пакінуць грашовы заклад у памеры двухгадовай зарплаты. Які ён губляў у выпадку свайго невяртання. Як вам?

Падыходзіць?

Глядзіце таксама

Ну і быў жа савецкі вопыт, калі без праходжання «партыйнай камісіі» было немагчыма выехаць нават у Балгарыю.

Праўда партый у нас цяпер чатыры (не адна, як у СССР, цяпер — разгул дэмакратыі), так што гэтыя ўзгадненні прыйдзецца неяк падзяліць. Па справядлівасці.

Напрыклад, беларускія камуністы, могуць узгадняць шараговым грамадзянам паездкі на Кубу, у Кітай і Паўночную Карэю.

Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці (я ведаю, вы пра такую і не чулі), маглі б займацца недарагімі (раней) марскімі курортамі, дзе працоўныя папраўляюць здароўе, падчас належнага ім працоўнага водпуску (Турцыя, Егіпет, Крым).

А вось як падзяліць астатні свет паміж «Белай Руссю» і ліберал-дэмакратамі?

Памятаючы, як ідэалагічны «бацька» Гайдукевічаў, Уладзімір Вольфавіч Жырыноўскі, абяцаў «памыць боты ў Індыйскім акіяне», я б прапанаваў аддаць яго ідэалагічным спадчыннікам экзатычныя рэгіёны — Афрыку, Індыю, Тайланд з Бразіліяй, а нашай «партыі наменклатуры» даручыць варожыя краіны — Еўропу з Амерыкай.

Бо адпраўляючыся менавіта ў гэтыя краіны, цнатлівая, чыстая свядомасць беларуса, выхаванага на лясах, азёрах і Мірскім замку, адчувае найбольшы стрэс, і схільная да высокай ступені рызыкі.

Як думаеце, падтрымаюць мяне нашы «партыйцы»?

Глядзіце таксама