Bloomberg: ЕС увядзе санкцыі супраць «Беларуськалія», магчыма, ужо ў чэрвені
Крыніцы ў кіраўніцтве ЕС паведамілі 26 траўня, што падрыхтоўка санкцый супраць улад Беларусі ідзе поўным ходам. Плануецца, што яны будуць уведзены ўжо ў чэрвені.
У Еўрапейскім саюзе свае намеры тлумачаць вымушанай пасадкай рэйса FR4978 авіякампаніі «Ryanair» і арыштам журналіста ў Мінску, піша «Тэлеграф».
Санкцыі могуць быць накіраваны, у першую чаргу, на калій і угнаенні, сказаў «Bloomberg» еўрапейскі чыноўнік, папрасіўшы не называць яго імя.
Калійныя ўгнаенні з’яўляюцца адным з асноўных артыкулаў экспарту краіны, які забяспечвае значную долю еўрапейскага попыту, і адзіным мінеральным рэсурсам, якога поўна ў Беларусі, піша выданне.
Цяпер юрысты ЕС працуюць над тым, каб рамкі санкцый былі дакладна вызначаны, каб прадухіліць патэнцыйныя судовыя разборы і заручыцца падтрымкай усіх дзяржаў-чальцоў.
«Многае будзе залежаць ад таго, які тып санкцый будзе рэалізаваны», — кажа аналітык «ВТБ Капіталу» Алена Сахнова ў інтэрв’ю «Bloomberg».
«Калі гэта проста сектаральныя санкцыі, такія, як абмежаванне магчымасцей беларускай калійнай прамысловасці атрымліваць фінансаванне ў еўрапейскіх банках, гэта не выкліча збояў на рынку, паколькі Беларусь усё роўна выкарыстоўвае альтэрнатыўныя крыніцы фінансавання», — лічыць экспертка.
Гэта можа прывесці да кароткатэрміновага росту цэн на калійныя ўгнаенні ў Еўропе, паколькі Беларусь забяспечвае каля 25% попыту ў рэгіёне, хоць сітуацыя павінна нармалізавацца даволі хутка, сказала яна. Паводле яе слоў, такія вытворцы, як расійскі «Уралкалій», могуць замяніць беларускія аб’ёмы ў Еўропе.
Паводле дадзеных агенцтва «Argus», санкцыі могуць закрануць дзяржаўныя або кантраляваныя дзяржавай прадпрыемствы па вытворчасці не толькі ўгнаенняў, але і сталі, жалезных дарог, нафтаперапрацоўчых або нафтахімічных прадпрыемстваў, а таксама гандаль сыравіннымі таварамі, уключаючы лясную гаспадарку, якая ажыццяўляецца на дзяржаўнай Беларускай універсальнай таварнай біржы.
Таксама ў ЕС рыхтуюць 4 пакет санкцыйнага спісу, куды ўваходзяць беларускія чыноўнікі і сілавікі. Пра гэта ў сераду, 26 траўня, паведаміў журналіст «Радыё Свабода» Рыкард Ёзвяк у Twitter.
«Чацвёрты пакет санкцый у дачыненні да Беларусі павінен быць прыняты ў чэрвені. Таксама павінны быць складзеныя спісы асоб, адказных за вымушаную пасадку рэйса "Ryanair". Сектаральныя санкцыі, верагодна, зоймуць трохі больш часу, але мэта — зрабіць гэта да летніх канікул ЕС у жніўні», — напісаў Ёзвяк.