Эксперт: «Калі на нерухомасць не хапае, захоўваеце валютныя зберажэнні ў банках — пажадана ў шкляных»
Эканаміст і сябра палітрады Аб'яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін у інтэрв'ю «Филину» распавядае, як беларусам выжыць ва ўмовах эканомікі ваеннага часу.
— Пасля таго, як ва Украіне пачалася вайна, наша краіна
трапіла пад заходнія санкцыі і зарплаты абясцэньваюцца на вачах. Нашы
суайчыннікі зараз задумваюцца аб тым, каб вырошчваць гародніну і зеляніну на
агародзе. Ці ёсць у гэтым сэнс?
— Гэта не пазбаўлена логікі. Больш за тое, гэта
неаднаразова ратавала беларускі народ і ў 20-30-40-я гады мінулага стагоддзя.
Адзначу, што ў нашай краіне не было Галадамору, які зведалі Украіна і Паволжа.
Гэта было менавіта таму, што ў нас заўсёды былі хатнія падсобныя гаспадаркі.
Гэта не гаворыць пра тое, што беларусы больш працавітыя і
разважлівыя. Проста дзякуючы прыродным умовам беларусы ніколі не былі
галоднымі.
У нас казалі звычайна так: саджай бульбу — і заўсёды будзеш
сыты. Калі будуць дажджы і бульба вымакне на тарфяніках, значыць, яна
ўрадзіцца добра на пясчаных землях, на пагорках. Калі будзе засуха і там яна
высахне, значыць, на тарфяніках будзе добры ўраджай.
Таму я ўпэўнены, што ў Беларусі голаду сапраўднага не будзе,
нягледзячы на тыя намаганні, якія да гэтага прыкладаюць цяперашнія ўлады.
— Ці чакаецца адток насельніцтва з гарадской мясцовасці ў
сельскую? Напрыклад, з Мінска — у вёску?
— Адтоку не будзе, таму што вакол Мінска дастаткова зямлі, і
больш за тое, садовыя, дачныя ўчасткі досыць лёгка набыць, трэба толькі жаданне
іх апрацоўваць.
Людзі па-ранейшаму будуць імкнуцца пераязджаць у Мінск, бо
эканоміка не спыніцца, і прамысловасць з будаўніцтвам таксама.
Логіка тут простая: Мінск вялікі горад, тут сотні
прадпрыемстваў і калі нейкі працэнт гэтых прадпрыемстваў закрыецца, усё роўна
іх застанецца значна больш, чым у Лагойску або Бешанковічах.
Калі будзе прыпыненне вытворчасці, то гаворка будзе ісці пра асобныя прадпрыемствы, перш за ўсё тыя, якія патрапілі ці патрапяць пад
вонкавыя санкцыі, а таксама тыя, якія завязаныя з імі ў тэхналагічныя
ланцужкі.
— У што цяпер варта інвеставаць асабістыя зберажэнні? Можа
быць, варта заняцца птушкагадоўляй, развядзеннем хатняй жывёлы?
— Калі вы жывяце на 17-м паверсе, то наўрад ці заведзяце
карову і куранят.
Я ведаю людзей, якія ў спрыяльныя часы заводзілі на дачы
куранят. Яйкі ўвесь сезон, у кастрычніку-лістападзе рэзалі кур, рабілі тушонку і на
ўсю зіму былі забяспечаныя мясам. Гэта цалкам нармальны падыход, калі ёсць
дача.
Калі сям'я з дзецьмі застаецца без працы або зарплата ёсць,
але за яе мала што купіш, гэта магчымасць не памерці з голаду.
— Што будзе з цэнамі на нерухомасць?
— Калі гаворка ідзе пра кватэры ў Мінску, то я не думаю, што
тут будуць сур'ёзныя змены, таму што цэны, якія існуюць цяпер, агулам забяспечваюць пэўную рэнтабельнасць, таму зніжацца не змогуць. Расці таксама не
змогуць, таму што будзе абмежаваная плацежаздольнасць.
Мяркую, на рынку нерухомасці пэўны час будуць ваганні, а
потым цэны зафіксуюцца на пэўным узроўні і, акрамя сезонных ваганняў, іншых не
будзе.
Што тычыцца сельскай нерухомасці, не думаю, што будзе расці
попыт на дамы і кватэры ў пасёлках і вёсках. Можа быць, будзе попыт на дачныя
ўчасткі. Але гэта тычыцца хутчэй вялікіх гарадоў — Мінска, абласных цэнтраў — там, дзе людзі часцяком адрэзаныя ад вёскі не толькі тым, што жывуць у
шматпавярховых пабудовах, але і тым, што ў іх няма сваякоў у сельскай
мясцовасці, якія маглі б дапамагчы.
10-20 гадоў таму ў нас было вельмі папулярна сумеснае
вядзенне гаспадаркі, калі людзі, якія паходзяць з сельскай мясцовасці, жылі ў
горадзе і прымалі актыўны ўдзел у вядзенні сельскай гаспадаркі са сваімі
сваякамі: дапамагчы пасадзіць бульбу, прыбраць нейкія культуры і забяспечыць
кормам на зіму. У выніку яны прывозілі дадому некалькі мяшкоў бульбы, мяса,
сала і гэтак далей.
Цяпер гэта будзе актыўна адраджацца сярод тых, у каго
захаваліся карані ў сельскай мясцовасці. А тым, у каго такіх магчымасцей не
будзе, прыйдзецца, калі жыццё прымусіць, шукаць дачы, дзе можна будзе прыкласці
намаганні для таго, каб забяспечыць сваю сям'ю.
— Ці закрануць санкцыі лекі?
— Не, таму што гэта цвёрдае правіла як ЕС, так і ЗША:
гуманітарных пытанняў санкцыі дакранацца не павінны.
Могуць узнікнуць некаторыя іншыя праблемы, якія не звязаны з
санкцыямі. Напрыклад, лагістычныя. Вядомая дацкая фірма, якая займаецца
кантэйнернымі перавозкамі, адмовілася адгружаць кантэйнеры і суправаджаць у
напрамку Расіі. Цалкам магчыма, што яна адмовіцца гэта рабіць і ў напрамку
Беларусі. А большасць лекаў якраз адпраўляецца такімі кантэйнернымі
перавозкамі — буйнымі партыямі ў Расію, адтуль часам у Беларусь.
Мы бачым аўтамабільныя чэргі на межах. Часам гаворка ідзе пра тое, што супраць беларускіх перавозчыкаў прымяняюцца спецыяльныя меры. Гэта
таксама можа прывесці да запаволення тавараабароту, і, адпаведна, могуць быць
перабоі з асобнымі лекамі.
Тут многае залежыць ад дзяржавы, таму што ва ўмовах санкцый
становіцца праблематычным набыццё валюты. Але, улічваючы, што ў нашай краіне
такія праблемы ўжо не першы раз за апошнія 20 гадоў, мы бачылі, што дзяржава
разумее важнасць паставак лекаў, і калі ёсць абмежаванні на продаж валюты, у
першую чаргу, яна вылучаецца на набыццё тавараў крытычнага імпарту, а лекі туды
ўваходзяць. Думаю, часовыя перабоі могуць быць, можа быць, падвысяцца цэны,
але яны не знікнуць.
— Ва ўмовах, калі заходні бізнэс сыходзіць з Расіі і Беларусі,
чыноўнікі ў чарговы раз кажуць пра імпартазамяшчэнне. Напрыклад, у РФ збіраюцца
замест сеткі «Макдональдс» адкрыць сваю. Ці можна ў Беларусі сёння
адкрыць бізнэс, які будзе прыбытковым?
— Калі я чую размовы пра тое, што «цяпер мы разгорнемся»,
задаю пытанне: а што вам перашкаджала разгарнуцца раней? Могуць адказаць: ну як
жа, канкурэнцыя з боку вядомых заходніх брэндаў і г. д.
Так, сапраўды вы можаце нешта замясціць, але гэта будзе
альбо больш нізкай якасці, альбо больш дарагім. Калі б тавары маглі канкурыраваць
па якасці або цане, яны вырабляліся б і раней. Часцей за ўсё размовы пра імпартазамяшчэнне так і застаюцца на ўзроўні размоў.
Мне спадабалася выказванне эксперта Сяргея Гурыева,
расійскага эканаміста, які цяпер выкладае ў Парыжы. Ён прызнаў, што расіяне навучыліся рабіць і хамон, і сыры, але, тым не менш, усе яго сябры, якія
прыязджаюць па справах у Францыю, перш за ўсё імкнуцца набыць сыры, каб адвезці
дадому.
Можна паверыць, што ў «Гарызонта» і «Атланта» адкрыецца другое дыханне і мы замест «LG» і іншых марак
пачнём купляць беларускія тэлевізары і лядоўні, але я не думаю, што гэта будзе
ад добрага жыцця.
— Наша чытачка, у прыватнасці, цікавіцца магчымасцямі
адкрыць бізнэс па вырабе тавараў з дрэва.
— Што перашкаджала рабіць тавары паўгода таму? Няўжо
найжорсткая канкурэнцыя з зэдлічкамі з «Ікеі»?
З іншага боку, бізнэс ніколі не позна пачынаць. Калі ў чалавека з'явілася жаданне адкрыць сваю справу менавіта цяпер, чаму не? Тым больш, ва ўмовах, калі на нашу драўніну і прадукцыю дрэваапрацоўкі накладзеныя санкцыі. Думаю, што з набыццём сыравіны і матэрыялаў стане значна лягчэй на ўнутраным рынку.
— У чым беларусам захоўваць зберажэнні?
— Усё залежыць ад таго, колькі іх.
Калі зберажэнняў досыць шмат, каб купіць нерухомасць, трэба
гэта зрабіць. Прычым гэта можа быць і дача, і садовы домік, і кватэра ў Мінску,
і нават пакой. Таму што ёсць жалезнае правіла эканомікі: нерухомасць часам
таннее. У сярэднетэрміновай перспектыве нерухомасць заўсёды даражэе.
Калі на нерухомасць не хапае, захоўваеце зберажэнні ў валюце
ў банку — пажадана шкляной. Гэта будзе надзейней.
— Якія спецыяльнасці будуць запатрабаваныя ў Беларусі праз
паўгода-год?
— Калі гаворка пра рабочыя спецыяльнасці, то заўсёды і ва
ўсе часы запатрабаваныя сантэхнікі, электрыкі, газаэлектразваршчыкі, кіроўцы,
кранаўшчыкі і гэтак далей.
Што тычыцца прафесій, звязаных з інтэлектуальнай дзейнасцю,
вядома, гэта ўсё, што звязана з кампутарам, з ІТ-тэхналогіямі. Гэта можа быць і
праграміст, і вэб-дызайнер, і тэсціроўшчык.
Па астатніх спецыяльнасцях залежыць ад сітуацыі. Юрысты,
эканамісты і перакладчыкі патрэбныя заўсёды. Але ў дадзены момант не факт,
што чалавек зможа ўладкавацца.
Бяспройгрышны варыянт — укладвацца ва ўласнае навучанне.