ЕЦБ запатрабаваў ад банкаў адсочваць транзакцыі кліентаў з Расіі і Беларусі

Еўрапейскі цэнтральны банк вырашыў узмоцніць кантроль за транзакцыямі расіян і беларусаў, якія пражываюць у Еўрасаюзе.

_hroszy___valjuta__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__5__logo.jpg


Еўрапейскі цэнтральны банк (ЕЦБ) даў указанне еўрапейскім банкам старанна адсочваць грашовыя пераводы расіян і беларусаў.
Пра гэта паведамляе «Reuters» са спасылкай на ўласныя крыніцы.
Паводле слоў суразмоўцаў агенцтва, ЕЦБ прыняў такія меры з боязі, што такія грашовыя пераводы могуць выкарыстоўвацца для абыходу санкцый краін Захаду супраць Расіі.
Зрэшты, буйныя плацяжы і дэпазіты грамадзян Расіі і Беларусі, якія знаходзяцца ў ЕС, ужо адсочваюцца.
«У першую чаргу меры былі накіраваныя на тых, хто мае расійскае грамадзянства <...> , а затым былі распаўсюджаныя на беларусаў», — прыводзіць агенцтва «Reuters» словы аднаго са сваіх суразмоўцаў.
Пад павышаны кантроль падпадаюць у тым ліку грамадзяне названых краін, якія маюць статус доўгатэрміновага рэзідэнта Еўрасаюза. Ім будзе складаней ажыццяўляць кантроль за сваімі банкаўскімі рахункамі.
Паводле даных еўрапейскага статыстычнага агенцтва Еўрастат, большасць расіян, якія жывуць у краінах-сябрах ЕС, знаходзяцца ў Германіі (больш за 230 тыс. чалавек) і Іспаніі (больш за 81 тыс.). Беларусы ў асноўным жывуць у Германіі, Літве і Італіі.
Паводле afn.today