Эксперт: Пакуль не позна, Беларусі трэба пакінуць за сабой іранскую нафту
На ўсходнім фронце без пераменаў: перамовы па пастаўках расійскага газу ў Беларусь з 4 лютага не прасунуліся ні на крок. Віцэ-прэм'ер Расіі Аркадзь Дварковіч «чакае прапановаў» ад беларускага боку. Але беларусы прапануюць толькі скінуць цэны на газ з $132,77 да $83 за тысячу кубаметраў. І ўжо год плацяць нешта сярэдняе паміж гэтымі дзвюма лічбамі — $107.
Газавае пытанне Расія звязвае з нафтавым і цісне на
беларускі ўрад скарачэннем бяспошлінных паставак «чорнага золата».
Ужо зараз ёсць пагроза, што ў 2017 годзе Беларусь атрымае 12 млн тон расійскай
нафты, то бок крыху больш за палову ад патрэбнага аб'ёму паставак.
Нафтаперапрацоўчым заводам у Мазыры і Наваполацку не хапае сыравіны, каб
працаваць у поўную моц. Але якраз у гэтым дырэктар украінскай «Кансалтынгавай групы А-95» Сяргей Куюн бачыць магчымасці
для беларускай эканомікі.
Расіяне рыхтуюць Беларусь да пераходу на рынкавыя рэйкі
Еўрарадыё: У спробах Беларусі наладзіць рэгулярныя пастаўкі нафты праз Украіну, у абыход Расіі, больш палітычнага гандлю ці рэальных планаў?
Сяргей Куюн: Па маіх адчуваннях, першага. Бо на ўкраінскім напрамку пакуль што цішыня. А калі нехта хоча нешта пастаўляць, гэта адразу прасочваецца на рынак, бо задзейнічаныя і перавозчыкі, і сюрвееры, і трэйдары, і транспартыроўшчыкі (і па марскім транспарце, і па сухапутным). Пакуль што гэтага няма.
Еўрарадыё: Украіна, калі набывала расійскі газ, таксама вяла цяжкія перамовы і сутыкалася з ціскам.
Сяргей Куюн: Размовы пра тое, што мы тэарэтычна можам нешта аднекуль пастаўляць, як правіла, не працуюць. Каб весці перамовы, неабходна мець альтэрнатыўны канал паставак, які рэальна працуе. У нас гэта былі пастаўкі газу з Еўропы — калі яны пачынаюцца, адразу ж і танальнасць, і, што характэрна, кошты змяняюцца. Бо ўсе разумеюць, што ёсць альтэрнатыва. Але я не ведаю, наколькі гэтым досведам можа скарыстацца Беларусь, бо трэба разумець, што яна ад пачатку знаходзіцца не ў рынкавай сітуацыі.
Еўрарадыё: Што гэта значыць?
Сяргей Куюн: Нафта з Расіі нярынкава танная. Сёння яна таннейшая як мінімум на памер экспартнай пошліны, а гэта прыкладна на $100 за тону. Гэта даволі вялікія грошы. Можна сказаць шчыра: ніякая альтэрнатыўная крыніца не дасць лепшы кошт.
Мне, напрыклад, падаецца (і ва Украіне гэтае меркаванне папулярнае), што расіяне рыхтуюць Беларусь да пераходу на рынкавыя рэйкі. Бо Расіі папросту нявыгадна пастаўляць нафту ў Беларусь. Яны губляюць па $100 на кожнай тоне. Пытанне: навошта ім гэтыя страты?
«У Мінску шмат хто жыве надзеяй узнавіць стасункі з Расіяй па нафце»
Еўрарадыё: То бок, час "нафты ў абмен на пацалункі" мінае?
Сяргей Куюн: Так, гэты час мінае, бо кожная льгота мае свой канец. Льгота — гэта часова, і гэта трэба раз і назаўжды зразумець. І, зыходзячы менавіта з гэтага, спрабаваць выбудаваць альтэрнатыву. Тым больш, што сёння няма гаворкі пра тое, каб у адзін момант адмовіцца ад расійскай нафты.
Еўрарадыё: Але расіяне ўжо знізілі пастаўкі.
Сяргей Куюн: Так, і гэта значыць, што ўжо цяер ёсць магчымасці прапрацаваць альтэрнатыўныя шляхі. Баяцца беларускім ўладам няма чаго, ніякай канфліктнасці ў гэтым няма. Ёсць на НПЗ вольныя магутнасці на 2-3 млн тон дакладна, якімі можна было б скарыстацца для адпрацоўкі маршрутаў. Ёсць разлікі ўдзельнікаў рынку. З ільготным рэжымам канкураваць немагчыма, але калі ўявіць, што расійская нафта заходзіць у Беларусь па рынкавых коштах, нават іранскія пастаўкі сёння выглядаюць канкурэнтаздольнымі.
Еўрарадыё: Якраз з Ірана Беларусь спрабуе прывезці нафту праз Украіну.
Сяргей Куюн: Іранская нафта можа канкураваць з расійскімі пастаўкамі, бо яна вельмі танная. І тут размова пра тое, каб паспець скокнуць у гэтую лодку. Цяпер вельмі спрыяльны перыяд. Іран шукае сваё месца на рынку. Спрабуе вярнуць сабе пазіцыі, якія меў да заходніх санкцый. А што гэта азначае? Што ён дае вельмі добрыя кошты на свае рэсурсы. І менавіта цяпер час добрыя аб'ёмы па добрых коштах пакінуць за сабой. Бо што будзе праз паўгода? Іран свае рэсурсы размяркуе і выраўняе цэны з астатнімі на рынку. І гэтае акно магчымасцяў закрыецца. Сёння ў Беларусі ёсць магутнасці і магчымасць паўдзельнічаць у гэтай сітуацыі. Але я бачу, што ў Мінску шмат хто жыве надзеяй узнавіць стасункі з Расіяй па нафце. А я, калі шчыра, вельмі сумняваюся ў магчымасці гэтага.
«Не будзе таго прыбытку, які цяпер ёсць на расійскай нафце. Але ж і той нафты няма!»
Еўрарадыё: А ўкраінская транспартная сістэма гатовая да дадатковай нагрузкі?
Сяргей Куюн: Яна і 20 млн тон качне, калі будзе трэба. Запас магутнасцяў аграмадны. Раней расійскія пастаўкі ў Беларусь былі роўныя 22 млн тон. Цяпер у першым квартале далі 4 млн, то бок, па годзе будзе 16 млн. Магутнасцяў хапае. Але я добра разумею, чаму Мінску цяжка змірыцца з пераменамі. Гэта як два розныя светы: льготны свет ЕАЭС і рэальны, у якім жывуць усе астатнія.
Еўрарадыё: Скарачэнне расійскіх паставак балюча б'е па беларускім бюджэце.
Сяргей Куюн: Вялікі рынак збыту для беларускіх нафтапрадуктаў — Украіна, якая набывае нафту па сусветных коштах. Без расійскіх ільгот, маржа ад якіх асядае недзе ў Беларусі. Але нават калі Беларусь сёння па рынкавым кошце будзе набываць нафту і па рынкавым кошце прадаваць паліва, маржа нафтаперапрацоўкі за кошт мадэрнізацыі беларускіх заводаў (і, у прыватнасці, Мазырскага НПЗ) будзе абсалютна нармальнай. Гэтая перапрацоўка не будзе стратнай. Так, не будзе таго прыбытку, які цяпер ёсць на расійскай нафце. Але ж і той нафты няма! Адпаведна, няма і прыбытку: ні вялікага, ні малога! А для завода дадатковая загрузка — гэта зніжэнне удзельнага сабекошту прадукцыі.
Даведка
Сяргей Куюн — дырэктар «Кансалтынгавай групы А-95», эксперт па пытаннях энергетыкі. Працаваў у кампаніі UPECO, рэдагаваў прафесійны штотыднёвік «НафтаРынак».
Паводле Еўрарадыё