МНС цалкам спыняе праверкі малога і сярэдняга бізнесу

Навіна з шэрагу сенсацыйных. Па словах міністра па надзвычайных сітуацыях Уладзіміра Вашчанкі, яго ведамства цалкам спыняе праверкі малога і сярэдняга бізнесу.

proverka_1.jpg

Ён адзначыў, што ўжо цалкам забароненыя праверкі аб'ектаў малога і сярэдняга бізнэсу: «Сёння пастаўлена задача аператыўна завяршыць праверкі аб'ектаў, якія ўключаны ў каардынацыйны план».
Кіраўнік ведамства адзначыў, што ў поле зроку застануцца выбухапажаранебяспечныя аб'екты, месцы з масавым пражываннем людзей — лякарні, інтэрнаты, школы, дзіцячыя сады.
Міністр падкрэсліў, што МНС гатова аказваць дапамогу кіраўнікам аб'ектаў у навядзенні парадку, кансультаваць, праводзіць навучанне, тлумачальную працу. Як і раней міністэрства будзе рэагаваць на звароты грамадзян. Вядзецца праца па скарачэнні работнікаў нагляду.
Кіраўнікам арганізацый, прадпрыемстваў рэкамендавана вывучыць патрабаванні і абавязкі, прапісаныя ў заканадаўстве, якое датычыцца забеспячэння пажарнай бяспекі, супрацьпажарнага рэжыму.
Па просьбе кіраўнікоў прадпрыемстваў супрацоўнікі МНС гатовы прыйсці і аказаць дапамогу пры правядзенні заняткаў, тлумачэнняў патрабаванняў нормаў, а таксама аказваць іншую падтрымку.
Нагадаем, падчас «Вялікай размовы» кіраўнік дзяржавы паскардзіўся, што дзяржава шмат крытыкуюць за тое, што «немагчыма працаваць прыватніку, немагчыма прадпрымальніцтвам займацца», а бізнэс «задушылі, задушылі, ходзяць і правяраюць».
«Назавіце хоць адну краіну, дзе не ходзяць і не правяраюць. Адзінае пытанне, напэўна, дзесьці лішні раз прыходзяць, — ужо занадта часта мы часам бываем у гэтых прадпрымальнікаў», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
«Я не ведаю, так гэта ці не, але калі так, мной рашэнне прынята, сёння ва ўрадзе над гэтым працуюць, — паведаміў ён. — Будзе гэтак жа, як з ільготамі, хутчэй за ўсё. Мы цалкам перакрэслім гэтыя ўсе нарматывы МНС, міліцэйскія, санітарныя і іншыя і пакінем толькі тыя, якія патрэбныя, без якіх не абысціся».
На думку кіраўніка дзяржавы, абноўленая сістэма павінна працаваць так: «Няхай, адкрываецца новае прадпрыемства. Прыйшлі туды санстанцыя, пажарнікі, прынялі. Калі раптам нешта здарыцца — загарэлася, выбухнула, то па законе ўся адказнасць на кіраўніку. І мы зрабілі больш жорсткімі законы ў дачыненні да кіраўніка. Тады не МНС, не санстанцыя, а кіраўнік будзе бегаць і дрыжаць, каб на вытворчасці было нармальна».
Паводле naviny.by