Медалі ДНР-ЛНР прадаюцца ў Беларусі за капейкі
Узнагароды бутафорскіх рэспублік з «дзяржаўнымі» дакументамі і пячаткамі можна набыць за 10-15 даляраў.

Знак Гвардыі ДНР
Найбольш вядомы сярод айчынных калекцыянераў
сайт ay.by прапаноўвае цэлы калейдаскоп медалёў, крыжоў і зорак Наваросіі.
Кошты на ўзнагароды вагаюцца ад 20 да 55 рублёў. Пагадзіцеся, зусім недорага
для знакаў адрознення, «аплочаных крывёю».

Старонка аўкцыёну
Напрыклад, медаль «Абаронцу Навароссіі» можна набыць за 22,80 рублёў. «Ордэн ДНР за вайсковую адвагу» 2-й ступені з чыстым дакумантам – 25 рублёў. Медаль «За службу ў выведцы Наваросіі» – зноў жа, 22,80 рублёў… і г.д.

Медаль «Абаронцу Наваросіі»

Ордэн ДНР «За вайсковую адвагу» з дакументам
Ёсць у продажы і цалкам фантастычныя ўзнагароды, прыкладам,
медаль «За вызваленне Адэсы» (35 руб.), выпушчаны, імаверна, на выпадак
перамогі сепаратыстаў у прыморскім горадзе.

Фантастычны медаль «За вызваленне Адэсы»
Да большасці медалёў ёсць ў дадатак дакументы, часам – адразу з «дзяржаўнымі» пячаткамі. То бок уладальніку застаецца толькі запоўніць наградную кніжачку і, пры жаданні, выдаваць сябе за змагара з «укра-фашызмам».

Медаль «Баявое брацтва Крыма» з дакументам

Дакумент, гатовы да запаўнення
Паток медалёў ДНР-ЛНР фіксуецца, пачынаючы з 2014 году, як ва Украіне, так і ў Расеі. Напрыклад, у Маскве іх адкрыта прадаюць на «Вернісажы ў Ізмайлава», пра што пісалі расейскія журналісты. Як і паштовыя маркі акупаванага Данбасу, медалі сталі хадавым таварам сярод калекцыянераў, то бок сродкам дадатковага заробку для кіраўнікоў сепаратыстаў.

Медалі Наваросіі на «Вернісажы ў Ізмайлава» ў Маскве
Пры гэтым, былы міністр абароны ДНР Ігар Гіркін-Стралкоў, у свой час, пагражаў прадаўцам медалёў турэмнымі тэрмінамі. Відаць, не падзейнічала, альбо пагрозы былі толькі фарсам.

Ардэнаносец ДНР баевік «Матарола»
Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што на тым жа аўкцыёне прадаюцца і медалі ўкраінскага боку. Але не афіцыйныя, а выпушчаныя рознымі брацтвамі ды фондамі, продаж, абмен і ўзнагароджанне якімі ўкраінская дзяржава не рэгламнтуе.