Эрозія эканамічнай стабільнасці: «экспартны цуд» наўрад ці атрымаецца паўтарыць

Новы год пачаўся для Беларусі выключна неспрыяльнымі эканамічнымі азнакамі. З улікам глабальнага эканамічнага спаду з-за кавіду леташні «экспартны цуд» наўрад ці атрымаецца паўтарыць, піша газета «Белорусы и рынок».

Беларуская калійная кампанія. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Беларуская калійная кампанія. Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

А наступствы санкцый, якія Беларусь адчувае ўжо з першых дзён новага году, пагражаюць эканоміцы сур'ёзнымі праблемамі. І, мяркуючы па тэндэнцыі, якая намецілася, з цягам часу гэтых праблем будзе толькі больш.

Уразлівы транзіт


"Добрасуседскія адносіны" Беларусі з Літвой дасягнулі ўжо такога крытычнага ўзроўню, што Вільня гатова пайсці на сур'ёзныя страты, каб дапячы беларускім уладам. І як блізкі сусед Літва, вядома, лепш за іншых ведае, чым можна абразіць больш балюча. Таму яе рашэнне аб разрыве з 1 лютага дамовы на транзіт беларускага калія можа стаць самай сур'ёзнай санкцыяй з усіх, якія да гэтага часу ўводзіў супраць беларускіх уладаў Захад.
Вядома, наўрад ці транзіт спыніцца ў адзін момант. Эстафетную палачку, якая ўпала ў Літве, могуць перахапіць прыватныя кампаніі-перавозчыкі. Але, з іншага боку, не затым літоўскі ўрад падставіў дзяржаўныя чыгункі, каб дазволіць прыватным кампаніям здымаць вяршкі. А з улікам аб'ёмаў транзіту адна толькі пагроза яго спынення можа нанесці «Беларуськалію» і беларускай эканоміцы сур'ёзную шкоду.
Пачатак года — час, калі заключаюцца доўгатэрміновыя кантракты на пастаўку калійных угнаенняў. Для "Беларуськалія" гэта Кітай, Індыя і нарвежская Yara. Пры гэтым Yara, якая забяспечвала "Беларуськалію" 10-15% даходаў, ужо аб'явіла аб адмове ад працягу адносін.
Індыя і, асабліва Кітай, вядома, менш схільныя да палітычнай кан'юнктуры. Але гэта значыць, што яны ўсяго толькі не стануць рабіць гучных заяў аб спыненні адносін. Проста Беларуская калійная кампанія можа аказацца выключанай з пула абраных пастаўшчыкоў, таму што для падпісання доўгатэрміновага кантракту пастаўшчык як мінімум павінен гарантаваць магчымасць пастаўкі. А калі над адзіным даступным беларускаму калію маршрутам навісла пагроза закрыцця, ніякія гарантыі не могуць быць пераканаўчымі.
Альтэрнатыўныя маршруты дастаўкі настолькі сумнеўныя, што нават беларускі ўрад ужо перастаў пра іх успамінаць. Альтэрнатыўнымі маршрутамі добра было выхваляцца, пакуль пагроза спынення транзіту насіла тэарэтычны характар. Але ніякія брацкія пачуцці не дапамогуць расійскім партам абзавесціся дадатковымі магутнасцямі для перавалкі беларускіх калійных угнаенняў, улічваючы, што гэтых магутнасцяў не хапае нават для расійскіх угнаенняў. Можна паспрабаваць пацясніць "Уралкалій", але наўрад ці ён добраахвотна пойдзе на гэта дзеля галоўнага канкурэнта.
А калійныя ўгнаенні — гэта не толькі падаткі і дабрабыт «Беларуськалія». Хоць і тое і іншае таксама мае значэнне. Экспарт калійных угнаенняў — другая па значэнні знешняя крыніца валюты, якая забяспечвае і папаўненне золатавалютных рэзерваў, і выплаты па знешніх даўгах. У год, калі Мінску трэба выплаціць крэдыторам 3,2 млрд долараў, яго скарачэнне можа аказацца крытычным. Нават з улікам перамоваў аб чарговым рэфінансаванні расійскага доўгу.
На гэты год Сусветны банк прагназуе беларускай эканоміцы спад на 2,8%, а дружалюбныя еўразійскія фонды прадказваюць інфляцыю не ніжэй за 10%. Але нават такія прагнозы захаваюць актуальнасць, толькі калі колькасць санкцый застанецца нязменнай. А для гэтага беларускім уладам яшчэ трэба будзе добра пастарацца, бо на вясну было абвешчана аб падрыхтоўцы шостага пакета, які, мяркуючы па анонсах, больш пагрозлівы, чым усе папярэднія разам узятыя.

Калі няма чаго сказаць у адказ


Пакуль заходнія санкцыі былі збольшага сімвалічнымі, беларускія ўлады не саромеліся ў выразах. Але наступствы асіметрычных адказаў аказаліся супрацьлеглымі тым, на якія яны разлічвалі. Пасадка самалёта абярнулася чацвёртым пакетам санкцый, а міграцыйны крызіс — пятым. Нават частковае перанакіраванне транзіту нафтапрадуктаў на расійскія парты не паставіла літоўскую эканоміку на калені. А контрсанкцыі, якія ўрад увёў з пачатку года супраць імпартнага харчавання, наогул аказаліся хутчэй сродкам для пераразмеркавання ўнутранага рынку.
За тыдзень, які прайшоў з часу рашэння літоўскага ўрада, прыдумаць дастойны адказ Мінск так і не змог. Беларускія ўлады лічаць за лепшае рабіць выгляд, што ні пра якія пагрозы транзіту яны не чулі. І нават дзяржаўныя медыя праяўляюць незвычайную для сябе стрыманасць і ўвогуле імкнуцца лішні раз пра гэтае рашэнне не згадваць. (Акурат у дзень выхаду публікацыі Лукашэнка прыгразіў Літве санкцыямі ў адказ на забарону транзіта беларускага калія, праўда, не назваўшы канкрэтныя крокі. — НЧ).
Справа ў тым, што ўсе даступныя для сябе варыянты адказу беларускія ўлады ўжо вычарпалі. І цяпер у іх арсенале мала што засталося. А ад тых адказаў, якія яшчэ ёсць у рэзерве, спадарожная шкода можа аказацца большай, чым з-за саміх санкцый.
Спроба перакрыць транзіт паміж Літвой і Украінай, якім Мінск ужо пагражаў у больш паспяховыя для сябе часы, можа справакаваць вымушаныя ўкраінскія санкцыі супраць Беларусі. А гандлёвая вайна любых маштабаў нясе рызыку ўвогуле закрыць для беларускіх тавараў межы з ЕС.
Застаецца яшчэ замежны бізнес, наступствамі для якога беларускія ўлады ўжо даўно спрабуюць напалохаць Захад. Але любыя санкцыі супраць заходніх кампаній удараць па беларускай эканоміцы раней, чым іх заўважаць у ЕС. А пасля таго, як усё ж такі заўважаць, удараць яшчэ раз — ужо ў выглядзе дадатковых санкцый. Гэта значыць, у лепшым выпадку афіцыйны Мінск можа атрымаць пачуццё лёгкага маральнага задавальнення, але яно не акупіць матэрыяльных страт.
Захад, здаецца, канчаткова расчараваўся ў любых формах дыялогу з беларускімі ўладамі. І адзіная мова, на якой ён збіраецца далей размаўляць з афіцыйным Мінскам, — гэта мова санкцый. Каб заходнія апаненты перагледзелі сваю палітыку, Мінску трэба прапанаваць нешта больш істотнае, чым канстытуцыйная рэформа. І чым даўжэй беларускія ўлады будуць цягнуць са сваімі прапановамі, тым цяжэй потым будзе завязаць канструктыўны дыялог.