Беларусь пагражае санкцыямі ў адказ на літоўскую забарону транзіту беларускага калія

Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду падрыхтаваць меры ў адказ у дачыненні да Літвы з-за абмежаванняў на транзіт беларускага калія. Аб гэтым ён заявіў сёння, прымаючы прэм'ер-міністра Рамана Галоўчанку і кіраўніцтва "Беларуськалія" і БКК.

scanpix.com

scanpix.com


«Калі, напрыклад, Літва не хоча прапускаць нашы грузы ў порт і ў порце перавальваць, добра, гэта іх права. Калі гэта адбудзецца, Раман Аляксандравіч, значыць, літаральна на працягу некалькіх дзён павінны быць рэалізаваны тыя мерапрыемствы, аб якіх мы дамаўляліся ў адносінах да самой Літвы. Я проста хачу, каб літоўцы разумелі. Цяпер вострыя пытанні гэтыя, хапаюцца за ўсё і пачынаюць мяне абвінавачваць. Я яшчэ раз хачу падкрэсліць: мы не ініцыюем ніякіх там працэсаў, якія б прывялі нас у клінч з Літвой, Латвіяй, Польшчай ці Украінай. Нам гэта не трэба», — сказаў ён, перадае яго прэс-служба.
Лукашэнка таксама спаслаўся на свой пятнічны выступ. Ён не стаў канкрэтызаваць меры, аднак тады ішла размова аб пераводзе ўсіх беларускіх грузаў у расійскія парты, забарона на транзіт літоўскіх перавозчыкаў і г.д.
«Тым больш, я ж сказаў у пятніцу: мяне мала хвалюе — захаваць твар — не захаваць... Трэба ім захаваць твар — няхай выходзяць і дамаўляюцца. Мы гатовы да таго, каб дамаўляцца. Але калі яны і далей будуць нас ціснуць, значыць, мы задзейнічаем той план, які ў нас ёсць. Няхай потым не крыўдзяцца. А народы Літвы, Польшчы і іншых дзяржаў павінны разумець, што мы проста адказваем на гэтыя выклікі», — дадаў ён.
Ён таксама зазначыў, што хацеў бы абмеркаваць санкцыі і з іншымі галінамі.
«Я хацеў бы пасля банкаўскай сістэмы, разгледзеўшы, як яны працуюць у гэтых умовах санкцыйных, паслухаць, як працуюць нашыя прадпрыемствы ў гэты перыяд, і як мы працуем, каб знайсці іншыя шляхі па пастаўках нашых хімічных, калійных угнаенняў, абыходзячы, дапусцім, традыцыйныя парты. Вось сутнасць нашай размовы. А далей я папрашу, каб і "Белавія", і іншыя кампаніі былі гатовы далажыць разам з урадам, як яны працуюць», — сказаў ён.
Нагадаем, урад Літвы прызнаў не адпаведнай інтарэсам нацыянальнай бяспекі дамову Літоўскай чыгункі і «Беларуськалія» на перавозку ўгнаенняў. Рашэнне паслужыла падставай для скасавання кантракта з 1 лютага. Беларуская кампанія спрабуе аспрэчыць рашэнне ў судзе. ЛЧ пакуль не задаволіла ніводнай заяўкі, пададзенай на перавозкі беларускага калія іншымі кампаніямі. Частка з іх накіравана на разгляд урадавай камісіі.
reform.by