Георгі Дзмітрук: у Беларусі падаўлена прадпрымальніцкая ініцыятыва
У Менску адбылася штогадовая канферэнцыя РГА "Хрысціянская дзелавая ініцыятыва" на тэму "Дыялог — формула ўзаемаразумення". Удзел у ёй узялі Тыла Штайнбрынк, каардынатар "Еўрапартнёры" (Германія), Уладзімір Карагін, старшыня ГА "Менскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў", Дзмітрый Бурлака, рэктар Расійскай Хрысціянскай Гуманітарнай Акадэміі (Санкт-Пецярбург, РФ), Дзмітрый Лазута, галоўны рэдактар «Христианская культура» і іншыя.
Георгі Дзмітрук на канферэнцыі РГА "Хрысціянская дзелавая ініцыятыва"
Як адзначыў старшыня ХДІ, сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя" Георгі Дзмітрук, канферэнцыя прайшла паспяхова. Падчас
абмеркавання сітуацыі ў Беларусі былі адзначаныя некаторыя пазітыўныя зрухі ў краіне ў пытанні прыцягнення замежных інвестыцый, у прыватнасці, у пытаннях афармлення ўласнасці і ўмоваў стварэння
прадпрыемстваў.
"Але гэтага недастаткова. Беларусь — па-ранейшаму сярод аўтсайдэраў па прыцягненні інвестыцый", — падкрэсліў Георгі Дзмітрук. Паводле яго словаў, найбольшыя
вострыя пытанні ў гэтай сферы — падатковы цяжар і дастаткова высокія рызыкі для інвестараў.
"Альтэрнатывы замежным інвестарам для правядзення мадэрнізацыі ў Беларусі няма. Унутраных рэсурсаў для яе ва ўладаў зараз няма, і наўрадці яны будуць у будучым, каб можна было правесці
мадэрнізацыю самастойна", — дадаў сустаршыня БХД.
Удзельнікі канферэнцыі таксама адзначылі цікавасць Беларусі, якая знаходзіцца на стыку Расеі і ЕС, для партнёраў з Захаду і Ўсходу. У выпадку станоўчых зменаў іміджу краіны, на іх думку, яна будзе
толькі ўзрастаць. "Для нас няважны вектар інвестыцый, для нас важна, каб яны былі. Перадусім, у малы і сярэдні бізнэс", — адзначыў Георгі Дзмітрук.
"Улады Беларусі праводзяць прыватызацыю, але робяць гэта непісьменна. Дый прыняць удзел у ёй могуць толькі вялікія прадпрыемствы, у той час як у малога і сярэдняга бізнэсу перспектыў
няма", — лічыць лідар ХДІ.
Таксама на канферэнцыі абмяркоўвалася пытанне маральнасці бізнэсу, якая пакуль не надта характэрная для Беларусі. "Пакуль бізнэс не будзе ўсведамляць сваёй адказнасці перад
грамадствам, нічога не зменіцца", — мяркуе Георгі Дзмітрук.
Апроч таго, удзельнікі канферэнцыі адзначылі малую колькасць лідараў прадпрымальніцтва ў Беларусі, нежаданне людзей да атрымання практычных ведаў у бізнэсе. "У Беларусі падаўлена прадпрымальніцкая ініцыятыва. Сітуацыя патрабуе сур'ёзнай рэстаўрацыі, я б нават сказаў, хірургічнага ўмяшальніцтва", — падкрэсліў сустаршыня БХД.