Хлявы — знішчыць, курэй — выселіць!

Слуцкія ваенныя пенсіянеры, іх жонкі, удовы спрабуюць выратаваць свае хлявы ад знішчэння. На днях на дзвярах хлявоў па вуліцы Гагарына былі размешчаны аб’явы з просьбай да 1 чэрвеня 2016 года вызваліць іх ад прадметаў побыту дзеля ліквідацыі будынкаў.

img_6215_1_logo.jpg

Патрэбна вынесці не толькі банкі з гуркамі, бульбу ды ровары, але выселіць за лічаныя дні кудысьці курэй. Рашэнне аб знішчэнні хлявоў «у сувязі з іх аварыйным станам» было громам сярод яснага неба для случчан. 

 

padval_1_logo.jpg



Дамы №№ 22-28 на вуліцы Гагарына на ўскраіне Слуцка некалі належалі воінскай частцы. Да гэтага часу мікрараён носіць назву «12-ы ваенны гарадок». Першапачаткова 4-хпавярховыя дамы, пабудаваныя яшчэ ў 1961 годзе, выдзяляліся сем’ям ваенных пад часовае жыллё, якое для многіх засталося пастаянным. У якасці кампенсацыі адсутнасці гарачай вады і падвальных памяшканняў насельнікам дома ўручылі ключы ад падсобных памяшканняў – хлявоў побач з дамамі. Каб сем’ям ваенных жылося яшчэ весялей, і яны не сумавалі па камунальных выгодах цэнтра горада, надалі зямлю пад агароды. Жыхары іх абжылі, павыкопвалі ўнутры хлявоў пограбы, абсталявалі памяшканні ўсім неабходным для захавання дроў, агародніны, ровараў і г.д.

 

img_6234_logo.jpg


Пасля вываду ракетнай часткі на тэрыторыю Расіі ў 1996 годзе жылыя дамы былі перададзены на баланс жыллёва-камунальнай гаспадаркі горада. А хлявы засталіся на балансе камунальна-эксплуатацыйнай часткі ўзброеных сіл (КЭЧ УС), бо слуцкія камунальнікі ад іх адмовіліся. Случчане прывыклі карыстацца імі і не ўяўлялі, што прыйдзе ліхі час, які заставіць развітацца з нажытым дабром.

 

img_6220_logo.jpg



Зінаіда Пятроўская, жонка былога механіка Слуцкай КЭЧ засялілася ў дом №28 яшчэ ў1982-м годзе. Сям’я атрымала кватэру, а ў дадатак — дабротны новы хлеў, які быў пабудаваны ў тым жа годзе. Выкапалі падвал, абсталявалі ўсім неабходным. Яна не згодная з высновай, што хлеў — аварыйны, і што патрабаванне вызваліць яго з 1 чэрвеня абгрунтаванае.

 

img_6233_logo.jpg



«Вы паглядзіце, якая тут дабротная кладка, — жанчына падводзіць да сцяны. — У некаторых кватэрах сцены горшыя, чым гэтыя. Ніякія яны не аварыйныя. Канешне, можна ліквідаваць пэўныя самаробныя непрыгожыя прыбудоўкі, але навошта ж нішчыць ўсё запар?»

 

Жанчына лічыць, што камусьці спатрэбілася ціхае месца пад забудову, і гэты «нехта» прыспешвае падзеі. Па яе словах, каля будынкаў апошнім часам сталі з’яўляцца падазроныя асобы, якія для надання памяшканням аварыйнага стану разбураюць бетонныя перакрыцці паміж першым і другім паверхамі, пашкоджваюць дзверы.

 

«29-мая некалькі п’янаватых мужчын пашкодзілі мае дзверы і спрабавалі разбурыць бетоннае перакрыцце жалезнымі ламамі, — расказвае пенсіянерка. — Выклікалі міліцыю. Гэта ўжо не першы выпадак. Нават міліцыянты сказалі, што мы перайшлі некаму дарогу».

 

img_6230_logo.jpg


img_6229_logo.jpg



Жыхарам вельмі не падабаеца таямнічая забудова, якая з’явілася непадалёк ад хлявоў за іхнімі дамамі. Па іх сведчаннях, каля дома знік плот, знішчана вялікая колькасць дрэў.

 

30 мая я таксама пабыла на месцы будаўніцтва. Пашпарта будаўнічага аб’екта вакол пляцоўкі не так і не знайшла. Каля месца будоўлі — некалькі маладых мужчын у рабочай вопратцы. Адзін з іх на пытанне жыхароў пра будаўнічы аб’ект і яго пашпарт літаральна зняў штаны і паказаў нам голую ж…



 

img_6237_logo.jpg



Раісе Лоскутавай 85 гадоў. Працоўная дзейнасць пачалася і скончылася ў воінскай частцы. Была замужам за лётчыкам. «Не ўяўляю сваё жыццё без маіх курэй, падвалу, агурочкаў. Мы тут усе небагатыя, і нам так патрэбныя хлявы», — кажа яна. 

 

img_6226_logo.jpg



Інвалід 2-й групы Валянціна Перахадзюк жыве на 4-м паверсе. Яе муж таксама загінуў на працы. На пенсію цяжка выжыць, і яна, нягледзячы на хворыя ногі, утрымлівае агарод. Актыўна карыстаецца хлявом — сховішчам. «Не магу ўсвядоміць, як я буду абыходзіцца без гэтага памяшкання, — уздыхае яна. — Хай бы чыноўнікі пры сваіх катэджах таксама не рабілі ніякіх забудоў — дык у іх усё ёсць. У нас жа як быццам яшчэ сацыяльная дзяржава. Калі не можа забяспечыць годную пенсію, каб мы абыходзіліся без агародаў, дык хай пакіне нам нашыя хлявы і вырашыць праблему ў нашых інтарэсах», — робіць выснову інвалід.

 

Аляксандр Міхневіч, былы старэйшы прапаршчык, лічыць, што тут мае месца звычайны захоп зямлі. «Калі ліквідуецца стары дом, людзям звычайна выдзяляюць кватэры. Калі наш хлеў стары, хай выдзеляць замест яго новы, — гаворыць Аляксандр. — У гэтых дамах без гарачай вады жывуць, у асноўным, ветэраны — удовы, ваенныя інваліды. З 1961 года ў дамах не было ніводнага капітальнага рамонту. У некаторых сценах такія шчыліны, што можна руку засунуць. І чамусьці не лічаць іх аварыйнымі. У некаторых  людзей да гэтай пары ў кватэрах стаяць «цітаны», якія грэюцца дрывамі. І куды яны цяпер падзенуцца з гэтымі дровамі?».

 

img_6223_logo.jpg



Спіс абяздоленых людзей можна працягваць бясконца. Калектыўны зварот у райвыканкам з просьбай пакінуць людзям хлявы для карыстання падпісалі каля 80 чалавек.

 

Райвыканкам ў адказе спасылаецца на рашэнне Бабруйскага ЭУ УС аб ліквідацыі хлявоў. Замначальніка Бабруйскага ЭУ УС у сваю чаргу спасылаецца на загад Міністра абароны аб ліквідацыі непатрэбнай спадчыны.

 

Супрацоўнікі Бабруйскага эксплуатацыйнага ўпраўлення Узброеных Сіл, якое ўтварылася пасля зліцця мясцовых КЭЧ, дарэчы, і не супраць пайсці насустрач людзям і падараваць гэтую спадчыну Слуцкаму райвыканкаму.

 

Пакуль што ваенныя пенсіянеры грукаюць ва ўсе дзверы райвыканкама і пішуць чарговыя калектыўныя звароты ў Слуцкі райвыканкам, у Бабруйск, у Мінскі аблвыканкам з надзеяй быць пачутымі дзяржавай.

 

На мае пытанні, з якімі я звярнулася да адказных супрацоўнікаў ў райвыканкаме, пакуль што ёсць толькі некалькі пазітыўных адказаў.

 

img_6229_logo.jpg



Галоўны архітэктар горада Алена Ярашэвіч паабяцала высветліць законнасць будоўлі і знішчэння дрэў каля дома №28 па вуліцы Гагарына. Начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва Ю.Ціханенка, які ўваходзіў ў склад камісіі па даследаванню аварыйнага стану будынкаў, паведаміў, што сам акт аб аварыйнам стане пакуль што не складзены і не падпісаны.