Незадаволеныя «Лайфам» карыстальнікі скардзяцца на папулярнага аператара мабільнай сувязі
На інтэрнэт-форумах усё часцей можна пабачыць скаргі на дзеянні мабільнага аператара «Life:)». Многія карыстальнікі незадаволеныя сервісам мабільнага мадэму “3G Life, які «на законных паставах» спісвае вялікую суму з рахунку пры націсканні «не на тую кнопку», а некаторыя наўпрост абвінавачваюць кампанію ў вымагальніцтве ды навязванні паслугаў і адстойваюць сваю пазіцыю праз суд.
На інтэрнэт-форумах усё часцей можна пабачыць скаргі на дзеянні мабільнага аператара «Life:)». Многія карыстальнікі незадаволеныя сервісам мабільнага мадэму “3G
Life, які «на законных паставах» спісвае вялікую суму з рахунку пры націсканні «не на тую кнопку», а некаторыя наўпрост абвінавачваюць кампанію ў
вымагальніцтве ды навязванні паслугаў і адстойваюць сваю пазіцыю праз суд.
Кампанія «Turkcell» увайшла на беларускі рынак у 2008 годзе, перакупіўшы ў ЗАТ «БеСТ» 80% акцый. І адразу ўзяла быка за рогі, запаланіўшы беларускія медыі
напорыстай рэкламай свайго брэнду «Life:)» з прапановай самых танных тарыфаў на мабільную сувязь. «Фішкай» новага аператара стаў стандарт — 3G: у
адрозненні ад простай мабільнай сувязі, гэтую паслугу кампанія ўвяла з сярэдзіны 2009-га, апярэдзіўшы канкурэнтаў. Прапановы былі самымі зваблівымі — «Life:)» імкліва
заваяваў сабе армію аматараў новых тэхналогій. Калі ў студзені 2009 года абанентаў «Life:)» была 231 тысяча, у лістападзе кампанія абвясціла пра лічбу 700 тысяч. Трэба меркаваць, не
ў апошнюю чаргу паўмільённы рывок адбыўся, дзякуючы мабільнаму інтэрнэту.
«Самі вінаватыя!»
«Самі вінаватыя!» Менавіта так грамадскасць рэагуе на лямант абкрадзенага пасажыра, які пакінуў без нагляду багаж на вакзале або даверыў грошы махляру-напарстачніку. Але, здавалася
б, усё гэта тычыцца экстраардынарных абставінаў, сітуацыі дарогі, рынку. І тым больш дзіўна, што падобныя эмоцыі і рыторыка могуць тычыцца такой звыклай і бяскрыўднай на сёння рэчы, як мабільная
сувязь, якая для многіх стала прадметам першай неабходнасці. «Самі вінаватыя!» — стандартны адказ, які чуюць абураныя карыстальнікі «лайфаўскіх»
3G-мадэмаў, калі «белая флэшка» з’ядае 20, 50 а то і 100 тысяч рублёў за суткі.
Карыстальнік мабільнага інтэрнэту «3G Life:)» — сапёр. Варта памыліцца адзін раз — і ваш бюджэт падарваны. Справа ў тым, што тарыф «3G Life:)»
дзейнічае «пакетамі» — новы трафік залічваецца на рахунак раз на месяц. Скажам, напрыканцы месяца ў вас заканчваецца трафік. Вы, як і просіць сістэма з дапамогай смскі,
ідзяце ў банк і аплачваеце інтэрнэт на наступны месяц. Дапусцім, гэта тарыф, які абяцае 2 гігабайты за 49 тысяч. Уключаеце інтэрнэт, бачыце на рахунку грошы і вырашаеце, што ўсё ў парадку. Але
літаральна праз пару гадзін інтэрнэт знікае. Сістэма паведамляе, што грошай бракуе...
Званок у тэхпадтрымку (дзе, трэба сказаць, рэдка калі бывае свабодная лінія), адкрывае вам вочы: «Вы не дачакаліся смскі пра залічэнне новага трафіку!»
«Чаму ж мадэм мяне ўвогуле выпускае ў сеціва, калі ў мяне яшчэ не актываваная паслуга? — абураецца мая знаёмая Алена, якая страціла на гэтых смсках каля 120 тысяч за паўгода. Яна
лічыць, што гэтая паўза паміж залічэннем грошай і стартам паслугі — пастка для няўважлівых, праз якую кампанія «Life:)» прыўлашчвае грошы. Бо ў кароткі перыяд, калі грошы
залічылі, а пакет яшчэ не «распакавалі», 1 мегабайт трафіку каштуе 1000 рублёў. Толькі вось інфармацыі пра такія расцэнкі на сайце кампаніі мы з Аленай як ні шукалі, не знайшлі. Яе
прадстаўляе служба тэхпадтрымкі па тэлефоне — вусна.
Пасля размовы з «тэлефоннай паненкай» вам не застаецца нічога іншага, як адчуць сябе адсталым ад прагрэсу, унесці чарговыя 49 тысяч, уключыць кампутар і чакаць смскі. Дарэчы, калі
рабіць усё правільна, то можна прасядзець без інтэрнэту і некалькі сутак, і тыдзень. У выніку, вы не кіруеце інтэрнэтам, а наадварот — залежыце ад яго капрызных тарыфаў. Не вельмі мабільны
варыянт.
Многія кліенты, зразумеўшы, што карыстацца такім інтэрнэтам ім нязручна, перастаюць плаціць за «3G «Life:)» і закідваюць мадэм на паліцу. І тады праз пэўны час ім
прыходзіць заказны ліст з патрабаваннем аплаціць «штраф у памеры 588 тысяч у бясспрэчным парадку». Гэта ўмова гадавога кантракту, які заключае кожны абанент кампаніі пры набыцці
тарыфу.
І тут пачынаецца самае цікавае.
«3G — гэта назва тарыфу»
«За мінулы год ЗАТ «БеСТ» спагнала праз суд са сваіх абанентаў 1,5 мільярды рублёў. За што? За прадстаўленую паслугу? Не! Гэтыя людзі не карысталіся мабільным інтэрнэтам!
Тады за што яны плацяць?» — задае рытарычныя пытанні Mavetan. У студзені 2011 года гэты жыхар Маладзечна апісаў на форуме onliner.by гісторыю свайго судовага працэсу з мабільнай
кампаніяй «Life:)».
У канцы 2009 года, калі паслуга толькі пачала дзейнічаць, «Life:)» прадаваў мадэмы людзям, якія фізічна не маглі імі скарыстацца, бо 3G-сувязі ў іх мясцовасці яшчэ не было. Людзі
вярталіся ў сервісны цэнтр праз дзень, але ў разрыве кантракту ім адмаўлялі. Большасць з іх сплаціла штраф у 588 тысяч. Найбольш пацярпелі жыхары вёсак і райцэнтраў. Вось і Mavetan набыў мадэм, які
спатрэбіўся яму для выдаленай працы па інтэрнэце. Але дома выявіў, што інтэрнэт працуе ледзь-ледзь — паштовы сэрвер адкрываецца пяць хвілінаў. Між тым, супрацоўніца кампаніі паказвала яму
карту пакрыцця і пераконвала, што ў яго раёне ёсць сігнал. Раззлаваны карыстальнік кінуў інтэрнэт у шуфлядку, бо нават падарыць яго нікому не мог — мадэм не працаваў па ўсім Маладзечна. А
праз паўгода атрымаў позву ў суд за нясплату. Хлопец не разгубіўся і з дапамогай Таварыства абароны спажыўцоў падаў сустрэчную позву, у якой патрабаваў 40 мільёнаў кампенсацыі за сарваную па віне
аператара выдаленую працу.
На судзе выявілася, што мадэм маладзечанцу прадалі 18 лістапада, а кантракт на правядзенне 3G-інтэрнэту ў Маладэчна ЗАТ «БеСТ» заключыла... 19-га лістапада! Запрацаваў жа
3G-інтэрнэт толькі ў студзені 2010 года. «Кампанія «Life:)» будуе сваю абарону на тым, што 3G — гэта не стандарт сувязі, а... назва тарыфу, — кажа
Mavetan. — Паводле дамовы, «Life:)» абавязаны прадстаўляць карыстальнікам не сувязь трэцяга пакалення, а стандарт GSM 900/1800. А гэта нават павольней, чым тэлефонны
мадэм!»
Гэта значыць, што калі вы купілі «запарожац» з прыкручаным да капота значкам «мэрсэдэсу» па цане «мэрсэдэсу», то вы... Правільна — самі
вінаватыя.
У маі 2011 года позву жыхара Маладзечна адхілілі ўжо ў абласным судзе. «Цяпер наша мэта — Вярхоўны суд РБ, — кажа хлопец з нейкай самаіроніяй у голасе. — Але
паколькі я перакананы, што і там нашу позву не задаволяць, я маю намер звяртацца ў Страсбургскі суд». Па яго звестках, беларускі суд прынцыпова не вырашае пытанне на яго карысць:
«Каб не ствараць прэцэдэнту». Бо калі Mavetan пераможа, яшчэ сотні маладзечанцаў, якія купілі мадэм «3G Life:)» напрыканцы 2009 года, могуць запатрабаваць ад
мабільнай кампаніі кампенсацыі.
«Кампанія «Life:)» прыйшла ў правільную краіну», — з сумнай іроніяй кажа Крысціна — маладая журналістка, якая ў 2008 годзе страціла 40 у.а. па
віне гэтай кампаніі. Схемы, па якіх з людзей спаганяюць грошы, тыповыя, і з імі рэальна змагацца, калі дзейнічаць разам, але падманутыя беларусы і не думаюць аб’ядноўвацца, каб абараняць
свае спажывецкія правы. Нягледзячы на тое, што, паводле юрыстаў, сам кантракт на паслугу «3G Life:)» супярэчыць беларускаму заканадаўству, за апошнія два гады
«Life:)» прайграла толькі адзін судовы працэс. І калі падзяліць «прыбытак» кампаніі «Life:)» у 1,5 мільярды на 588 тысяч (сума штрафу), то гэта
2500 чалавек. Якія, зразумела, самі вінаватыя...
Парады юрыстаў «Як абараніцца ад «Life:)» і «Як разарваць дамову з «Life:)» чытаеш як брашуры «Як кінуць паліць» або
«Што рабіць, калі вас прадалі ў сэксуальнае рабства за мяжу». Выснова адна: разарваць хітра складзены кантракт магчыма, але трэба быць гатовым да зацяжной і крывавай бітвы. Таму
найлепшы спосаб кінуць паліць — не пачынаць. Найлепшы спосаб выбрацца з турэцкага бардэлю — не трапляць у яго...
------------------------------------------------------------------------------------
Магчыма ўсё...
Яшчэ задоўга да 2009 года іншыя мабільныя аператары спрабавалі атрымаць ад Міністэрства сувязі ліцэнзію на мабільны інтэрнэт стандарту 3G. Але ўсім кампаніям было адмоўлена. Тое, што ў 2009 годзе
гэта ўдалося ЗАТ «БеСТ», выклікала шмат здзіўлення ў шэрагах IT-спецыялістаў і дало нагоду для самых розных чутак і плётак...
Інтэрнэтчыкі пішуць і пра адзінкавыя выпадкі, калі ў суд выклікалі людзей, якія ніколі не набывалі мадэм «3G Life:)». Нехта скарыстаўся копіямі іх пашпартоў, каб заключыць ліпавы
кантракт на набыццё мадэму, а потым гаротным прыйшлі штрафы.
«Я нават захварэў на нервовай глебе. Справа нават не ў тым, што для мяне 588 тысяч — вялікія грошы (...) Мяне найбольш абурае сама несправядлівасць, што я павінен за нейкага махляра
цярпець, ды яшчэ ў судовых цяжбах удзельнічаць», — піша dj_karapuz.
У маі 2011 года аператар “life:) стаў адзіным інтэрнэт-правайдэрам, які заблакаваў сайты charter97.org і «першы віртуальны абменнік» prokopovi.ch, на якім
публікуюцца незалежныя эканамічныя навіны і адбываюцца здзелкі па куплі-продажы валюты.