Пасля выбараў у Беларусі падаражэе ўсё

Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў улады абвясцілі негалосны мараторый на рост коштаў. Але эксперты перакананыя: пасля абнародавання вынікаў галасавання, якое пры цяперашнім адміністрацыйным рэсурсе наўрад ці прывядзе да змены рэжыму, беларусаў зноў чакае цэнавая гонка.



e8ba9bac_5e47_4f64_9b83_2cd7ec0e8b19_w640_r1_s.jpg

Найперш, на думку эканамістаў, падскочаць тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі і праезд у грамадскім транспарце. Згодна з прэзідэнцкім указам, штоквартальна кошты павінны індэксавацца ў адпаведнасці з тэмпамі росту намінальнага заробку. Аднак сёлета зроблена ўсё дзеля таго, каб замарозіць прыбыткі — і, адпаведна, да пэўнага часу ўтрымаць цэннік на «камуналку».

Між тым у галіновых ведамствах яшчэ раней агучвалася, што кампенсацыю насельніцтвам камунальных выдаткаў паступова выведуць на 100-працэнтны ўзровень замест цяперашніх 30–40 %. Гэтага, дарэчы, патрабуюць і міжнародныя фінансавыя структуры, у якіх Мінск просіць новых крэдытаў.

Аналагічная сітуацыя і з праездам у грамадскім транспарце. Адказныя за галіну даўно наракаюць на стратныя пасажырскія перавозкі, кажучы, што іх кошт павінен быць удвая вышэйшы за цяперашні. На думку аналітыкаў, наўрад ці ўлады адважацца на радыкальныя крокі, абмежаваўшыся ростам на 20–30 %. Зрэшты, нават такая карэкцыя наўрад ці стане паратункам — інфляцыя хутка з'ядае дробныя надбаўкі.

Былы начальнік упраўлення жыллёвай гаспадаркі Мінгарвыканкаму, экс-старшыня рады Рэспубліканскага саюзу ЖКГ, эканаміст Іван Анташкевіч перакананы, што іншых варыянтаў, як паставіць на «лічыльнік» уласных грамадзянаў, папросту няма:

gdb.rferl.org__43bd1f1f_5f35_4_275157b989666308ccd0997b1754feb0.jpeg

Іван Анташкевіч

«Складана гаварыць за ўрад, ён арыентуецца ў адпаведнасці са сваімі задачамі. Але ў любым выпадку курсы бягуць. У Расіі, дзе асноўны наш экспарт, усё дрэнна. Сабекошт пры гэтым прывязаны да долара, даларызацыя краіны вялізная. Адпаведна, моцна змяншаецца заробак як у жыллёва-камунальнай, так і ў іншых сферах гарадской гаспадаркі. Таму грошы неяк і дзесьці трэба здабываць. За кошт эканомікі — доўга, хоць трэба падцягваць і такім чынам. Таму я ўсё ж схіляюся да таго, што крок за крокам кошты будуць уздымаць. Тым больш пасля выбараў ужо будуць новыя аргумэнты: можна прыкрыцца зімовым перыядам, можна нагаварыць пра маразы і г.д. Асабіста я больш схільны думаць, што тарыфы непазбежна падымуцца, чым — што яны застануцца на цяперашнім узроўні. Калі ўжо прывязвацца да 11 кастрычніка, усё як бы зразумела: урад вытрымаў, прэзідэнт вытрымаў. Але далей эканоміку стрымліваць нельга, інакш яна задыхнецца».

Нягледзячы на прагнозы рэзкага паслявыбарнага абвалу рубля, нават незалежныя эксперты ня бачаць для гэтага аб’ектыўных падставаў. Беларускія грошы шчыльна завязаныя на працэсы ў Расіі, аднак кошт нафты, якая мае стратэгічнае значэнне для сыравіназалежнай расійскай эканомікі, прыкметна вагаецца, пакідаючы поле для манеўру на фінансавым рынку.

Тым не меней аналітыкі мала сумняюцца ў тым, што плаўная дэвальвацыя — непазбежнасьць. Да канца году пры адсутнасці эканамічных шокаў і захаванні цяперашняга адмоўнага сальда па бягучых рахунках курс рубля можа адкаціцца да 18 тысяч за долар. Пры больш адчувальных працэсах, выкліканых наступствамі ўдзелу Расіі ў сырыйскай авантуры, — да 19 тысяч. Паводле "Радыё Свабода"