Нашага журналіста пазбавілі акрэдытацыі на выбарчым участку
Журналіста "Новага часу" Арцёма Ляву пазбавілі акрэдытацыі на выбарчым участку №29, што месціцца ў сярэдняй школе №134, на вуліцы Пляханава, 107.
Ужо ўчора ў Арцёма пачаліся праблемы. Сябрам камісіі раптам стала не падабацца, што наш журналіст робіць фотарэпартаж з участка. Учора дзякуючы высілкам двух праўладных назіральнікаў і аднаго сябра камісіі на Арцёма Ляву было напісана тры скаргі, у якіх "абураліся дзеяннямі" журналіста і лічылі іх "недапушчальнымі".
У выніку старшыня камісіі прыняла рашэнне выдаліць Арцёма з участка.
Сёння Арцём прыйшоў зноў і пачаў рабіць сваю справу: рыхтаваць фотарэпартаж з чарговага дня датэрміновага галасавання. Пасля гэтага да камісіі прыбегла Алена Васільеўна Пазенка, дырэктарка школы, у якой месціцца ўчастак, і пачала расказваць, што ёй, маўляў, скардзяцца бацькі, што яны нібыта баяцца галасаваць, бо іх фатаграфуюць. І гэта пры тым, што Арцём не зрабіў ні аднаго здымка без згоды тых, каго фатаграфаваў.
Але дырэктарка не супакойвалася. Тады Арцём звярнуўся да камісіі з прапановай выдаліць старонняга чалавека з участка, паколькі гэта прадугледжвае закон. А ў дадзеным выпадку дырэктар школы і была гэтым староннім чалавекам. Як вы думаеце, каго ў выніку выдалілі? Правільна, Арцёма Ляву. Старшыня камісіі Пінчук Тамара Яўгеньеўна адмыслова сабрала пасяджэнне, на якім канешне ж было прынята рашэнне пазбавіць журналіста акрэдытацыі.
Вось фотаздымкі копіі рашэння камісіі:
Журналіст напісаў скаргу ў Цэнтральную выбарчую камісію.