Сярэдні заробак у Беларусі на фоне суседзяў выглядае нават не «сціпла», а «гаротна»

Эканамісты праекта «Кошт Урада» штоквартальна прадстаўляюць агляд індэкса «Чарка-шкварка». Гэтым разам яны вырашылі паглядзець, наколькі адрозніваюцца сярэднія заработныя платы ў чарка-шкварачным эквіваленце ў пяці краінах-суседках.

Фота з foto-ram.ru

Фота з foto-ram.ru

«Кошт Урада» аналізуе цэны за першы квартал 2023 года ў Беларусі, Расіі, Літве, Латвіі і Польшчы. На жаль, праз тое, што міжнародная статыстыка, як правіла, адстае ад нацыянальнай на месяц-два, складана аператыўна параўноўваць паказчыкі ў Беларусі з краінамі-суседзямі, таму статыстыка — за першы квартал года, калі лічбы ўжо даступныя.

Акрамя таго, у індэкс свядома не дадавалі Украіну, бо было б абсалютна несправядліва параўноўваць эканомікі ўзятых краін і дзяржавы, на тэрыторыі якой вядзецца поўнамаштабная вайна. Таксама многія даныя па эканоміцы Украіны на сённяшні дзень недаступныя.

Такім чынам, спачатку паглядзім на паказчыкі сярэдняй заработнай платы. Мы ўзялі мясцовую валюту: еўра, расійскі рубель і польскі злоты і перавялі іх у беларускія рублі па курсе Нацбанка. Вынікам дзесяцігоддзяў нашага «асаблівага эканамічнага шляху» стала тое, што сярэдні заробак у Беларусі на фоне суседзяў выглядае нават не «сціпла», а хутчэй — «гаротна».

Расійскі сярэдні заробак апярэджвае беларускі роўна на 800 беларускіх рублёў. Наша сярэдняя зарплата больш чым удвая адстае ад заробкаў у Латвіі і Польшчы, дзе, калі верыць беларускаму тэлебачанню, людзі эканомяць на солі і грэчцы і мыюцца ў тазіках з дажджавой вадой.

А жыхар гаротнай Літвы можа бессаромна пахваліцца, што зарабляе сярэднегадавы беларускі заробак (калі б ён заставаўся на адным узроўні) усяго за 3,5 месяцы.

Але давайце будзем рэалістамі, адна справа — зарплата, і зусім іншая — яе пакупніцкая здольнасць. Для таго, каб яе ацаніць, мы і паспрабуем прымяніць да паказчыкаў усіх краін індэкс «Чарка-шкварка», высветліўшы, колькі камплектаў з 100 грамаў гарэлкі і 100 грамаў бескасцёвай свініны могуць сабе дазволіць нашы суседзі.

Даведка:Пасля таго, як Лукашэнка калісьці сказаў, што нашаму народу трэба «чарка і шкварка», беларускія эканамісты распрацавалі індэкс «Чарка-шкварка». Гэты індэкс складаецца з кошту 100 грамаў свініны і 100 грамаў гарэлкі і разлічваецца на падставе звестак Белстата.

Аказваецца, што самая танная чарка і шкварка — у Беларусі (3 рублі 57 капеек), крыху даражэйшая яна ў Расіі (4 рублі 22 капейкі), яшчэ даражэйшая ў Польшчы (4 рублі 57 капеек), у Латвіі кошт падымаецца да 6 рублёў 84 капеек, і самы высокі паказчык у Літве — 7 рублёў 41 капейка.

Зыходзячы з гэтых коштаў, мы можам цяпер высветліць, колькі «чарак-шкварак» могуць сабе дазволіць на сярэдні заробак жыхары суседніх краін. Аказваецца, што нават нізкі кошт «народных» прадуктаў не дазваляе Беларусі вылучыцца на фоне суседзяў, мы зноў скочваемся на апошняе месца, праўда, ужо не з такім аглушальным адрывам ад суседніх краін.

Пры гэтым месцы ў нашым рэйтынгу некалькі змяняюцца. На 116 «чарак-шкварак» нас апярэджвае Расія, на 148 — Латвія, літовец можа сабе дазволіць на 297 «чарак-шкварак» больш. Але самым павабным выглядае ўжыванне «чарак-шкварак» у Польшчы, дзе сярэднямесячны заробак у пераліку на наш індэкс вышэйшы на 546 пунктаў — больш чым у два разы.

2023_367_7_9_1366x1364.webp

У заключэнне мы хацелі б адзначыць вельмі важны момант. Кошт «чарак-шкварак» у Літве і Латвіі значна большы за беларускі ў першую чаргу за кошт цаны моцнага алкаголю — у гэтых краінах праводзяць усвядомленую і досыць жорсткую палітыку ў барацьбе з алкагалізмам (акрамя высокіх коштаў там абмежаваны продаж алкаголю ўвечары і ў выходныя дні). У Польшчы на кошт гарэлкі глядзяць нашмат лаяльней, у Расіі кошт напою, які лічыцца «нацыянальным», таксама невялікі.

Для разумення параўнаем кошты. Бутэлька гарэлкі ў сярэднім каштуе ў Беларусі 11 рублёў, у Расіі — 13 рублёў, у Польшчы — 15 рублёў, у Латвіі — 25 рублёў, у Літве — 28 рублёў. Са свінінай розніца зусім не такая вялікая: кілаграм у Беларусі каштуе 14 рублёў, у Польшчы — 15 рублёў, у Расіі — 17 рублёў, у Латвіі — 18 рублёў, у Літве — 19 рублёў.

А гэта значыць, што калі не бухаць, а толькі есці, то атрымаецца, што на сярэдні заробак можна купіць: у Беларусі — 123,5 кілаграмаў свініны, у Польшчы — 314 кілаграмаў, у Расіі — 148 кілаграмаў, у Латвіі — 239 кілаграмаў, у Літве — 304 кілаграмы.

Глядзіце таксама