Сусветная група па барацьбе з адмываннем грошай хоча ўнесці Расію ў Чорны спіс
Унясенне ў Чорны спіс FATF паставіла б Расію ў адзін шэраг з Паўночнай Карэяй. Як гэта ўскладніць жыццё бізнесу і расіянам?
Група распрацоўкі фінансавых мер барацьбы з адмываннем грошай (FATF, Financial Action Task Force) плануе сабрацца на пленарнае пасяджэнне 19–23 чэрвеня, піша Th*nkTanks.
Пакуль яна публічна не заяўляла аб планах уключыць Расію ў шэры або чорны спісы. Аб спробах прасунуць такое рашэнне паведамляў кіраўнік “Росфинмониторинга” Юрый Чыханчын яшчэ летам 2022 года. Галоўным наступствам ён называў адключэнне Расіі «ад усіх магчымасцяў у правядзенні фінансавых аперацый з калегамі за мяжой».
Паводле інфармацыі Bloomberg, Масква спрабуе пазбегнуць унясення ў Чорны спіс — і заклікае найбуйнейшых партнёраў, у прыватнасці Індыю, выступіць супраць гэтага кроку.
FATF ужо прыпыніла сяброўства Расіі 24 лютага 2023 года, у гадавіну пачатку «спецаперацыі».
Наступствы ад гэтага рашэння былі ў асноўным арганізацыйнымі, адзначала намеснік дырэктара “Росфинмониторинга” Галіна Бобрышава ў пачатку сакавіка. Расіі забаранілі ўдзельнічаць у пасяджэннях FATF, галасаваць і ацэньваць іншыя краіны. Тым не менш менавіта выключэннем краіны з FATF разам з яе трапляннем у Еўрапейскі чорны спіс падатковых юрысдыкцый Bank of Cyprus тлумачыў закрыццё рахункаў расійскіх кліентаў у красавіку. А банкі Казахстана пасля прыпынення сяброўства Расіі ў FATF значна ўзмацнілі камплаенс валютных аперацый, для чаго выйшла асобная пастанова і дэталёвая рэгуляторыка па банкаўскім сектары, піша Forbes.ru.
Унясенне ў Чорны спіс FATF зрабіла б любыя міжнародныя плацяжы для Расіі альбо немагчымымі, альбо вельмі складанымі. Гэта прымусіла б краіны праяўляць павышаную абачлівасць па любых транзакцыях з Расіяй. Такое дзеянне як вынік павысіць кошт вядзення бізнесу ў краіне.
Цяпер у чорным спісе «юрысдыкцый высокай рызыкі» (High-Risk Jurisdictions) FATF знаходзяцца Іран, М'янма і Паўночная Карэя. Гэта краіны з сур'ёзнымі стратэгічнымі недахопамі ў сістэмах па барацьбе з адмываннем грошай, фінансаваннем тэрарызму і распаўсюджаннем зброі масавага знішчэння. «Яны ў ізаляцыі не адзін дзясятак гадоў і маюць мала спраў са знешнім светам — свабодна праводзіць фінансавыя аперацыі з імі практычна немагчыма», — кажа эксперт Forbes.