У Расіі экстрэмізмам прызналі нават геаграфічныя карты

Дзярждума РФ прыняла закон аб прызнанні экстрэмісцкімі матэрыяламі геаграфічных карт, якія «аспрэчваюць тэрытарыяльную цэласнасць Расіі».

_belavia__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__1__1_logo.jpg

Да экстрэмісцкіх матэрыялаў расійскія заканадаўцы прапануюць аднесці «картаграфічныя і іншыя дакументы і выявы, якія аспрэчваюць тэрытарыяльную цэласнасць Расіі».

Цяпер за распаўсюджанне геаграфічных карт, якія «аспрэчваюць тэрытарыяльную цэласнасць Расіі», будзе пагражаць штраф да 1 мільёна рублёў альбо арышт да 15 дзён.

Змены ўносяцца ў артыкул аб «Вытворчасці і распаўсюджанні экстрэмісцкіх матэрыялаў» (артыкул 20.29 КаАП РФ). За распаўсюджанне карт і іншай падобнай прадукцыі грамадзянам пагражае штраф ад 1 тысячы да 3 тысяч рублёў або арышт да 15 сутак, службовым асобам — ад 2 да 5 тысяч рублёў, юрыдычным асобам — ад 100 тысяч да 1 мільёна рублёў.

Законапраект быў прыняты Дзярждумай РФ адразу ў другім і трэцім чытанні. На думку аўтараў закона, карты, на якіх Крым пазначаны як рэгіён Украіны, з'яўляюцца «часткай гібрыднай вайны, развязанай Захадам супраць Расіі». Законапраект апублікаваны на сайце Дзярждумы.

Аўтары законапраекта лічаць, што ў апошні час актыўна распаўсюджваюцца карты і іншыя выявы, дзе аспрэчваецца тэрытарыяльная прыналежнасць анексаванага Крыма, Курыльскіх астравоў, іншых тэрыторый Расіі.

Нагадаем, у 2014 годзе Расія анексавала Крым і горад Севастопаль. Анексію не прызнала пераважная большасць краін свету. Пасля поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну Расія абвясціла аб анексіі Данецкай, Луганскай, Запарожскай і Херсонскай абласцей Украіны. Пры гэтым ніводная з гэтых абласцей цалкам не кантралюецца расійскай арміяй.

Больш за тое, да канца незразумелыя і межы, якія Расія цяпер лічыць сваімі (і якія павінны быць адлюстраваны на картах, каб апошнія не прызналі экстрэмісцкімі). З большасці выказванняў афіцыйных асоб вынікае, што гаворка ідзе аб адміністрацыйных межах абласцей.