Тарыфы на ЖКГ абяцаюць зрабіць "нармальнымі і сумленнымі"
На нарадзе па пытаннях аплаты жыллёва-камунальных паслуг 14 сакавіка Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад урада распрацоўкі празрыстых, аб'ектыўных і рэальных тарыфаў.
Фота: bel.sputnik.by
Ён нагадаў, што даручаў "аб'ектыўна і прынцыпова" палічыць, і пры неабходнасці пералічыць, тарыфы на ЖКП. "Самае галоўнае для нас было — не панізіць
тарыфы, як гэта ўсюды ў сродках масавай інфармацыі зараз падаецца, што вось прэзідэнт там накруціў-навярцеў усім, зараз будзем паніжаць тарыфы. Так, дзе трэба, мы панізім, і панізілі тарыфы. Але
пытанне не ў гэтым. Пытанне ў тым, каб выпрацаваць тарыфы аб'ектыўныя, якія будзе ведаць усё насельніцтва, і зацвердзіць іх у прэзідэнта", — цытуе Лукашэнку БелТА.
"Тады чалавек, адкрыўшы сваю жыроўку, паглядзіць: водазабеспячэнне аднаго кубаметра каштуе столькі, ён паглядзіць на лічыльніку — столькі вось кубоў. Паглядзеў на лічыльнік, памножыў
на кошт — атрымаў вынік. А не так, што чалавеку прыносяць гэтую жыроўку, як у народзе яе называюць, ён паглядзеў — якая там цана?! Ды і гэтая жыроўка... чорт ногі зломіць, не кожны
эканаміст разбярэцца!" — абурыўся кіраўнік дзяржавы.
"Гэта значыць, трэба зрабіць так, каб людзі бачылі цану паслугі, аб'ём у іх ёсць, — падкрэсліў ён. — Калі хочуць дакладна — значыць, павінны стаяць
лічыльнікі на ваду, на газ, на цяпло. Няма лічыльнікаў — іншая методыка. Але цана гэтай паслугі, тарыф павінны быць рэальнымі".
"Да гэтых дзён мне павінны былі адказныя асобы пад кіраўніцтвам Камітэта дзяржаўнага кантролю падрыхтаваць гэтыя тарыфы на паслугі, — нагадаў Лукашэнка. — Я хачу сёння
пачуць, што гэта за тарыфы, і потым апублікаваць для насельніцтва. Мы ж для гэтага робім, каб людзі ведалі цану кожнай паслугі і маглі выразна бачыць, за што яны плацяць".
У студзені субсідаваныя тарыфы на ацяпленне і падагрэў вады выраслі ў Беларусі на 33,3%, на халодную ваду і каналізацыю — у 3,54 разу. Поўны тарыф на ацяпленне і падагрэў вады павысіўся на
83,4%, электраэнергія падаражэла на 29,5%. На фоне падзення заробкаў рэзкае падаражэнне паслуг ЖКГ выклікала вельмі негатыўную рэакцыю ў грамадстве.
Новымі тарыфамі абурыўся і Аляксандр Лукашэнка. На нарадзе 22 лютага ён запатрабаваў прыцягнуць вінаватых да адказнасці. "Надзеньце наручнікі тым, хто не выканаў даведзеныя па маім загадзе
тарыфы. Надзеньце і публічна пасадзіце дзясятак-іншы чалавек. Усё стане на свае месцы, — заявіў Лукашэнка, звяртаючыся да старшыні Камітэта дзяржкантролю (КДК) Леаніду Анфімаву. —
Хопіць з імі жартаваць. Мы тут нешта лічым, плануем, а яны робяць усё па-свойму". Кіраўнік дзяржавы даручыў да 1 сакавіка прадставіць яму разлікі тарыфаў на паслугі ЖКГ і папярэдзіў, што
службовыя асобы, якія не справяцца з гэтымі даручэннямі, панясуць за гэта адказнасць. Вынікі гэтай працы пакуль не апублікаваныя.
Праз дзень пасля нарады дэпартамент фінансавых расследаванняў КДК паведаміў пра распачынанне 13 крымінальных спраў у дачыненні да службовых асоб прадпрыемстваў сістэмы ЖКГ. Па апошняй інфармацыі, лік
такіх справаў пераваліў за два дзясяткі.
2 сакавіка на сустрэчы з калектывам Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч паведаміў, што чакаецца выхад новага
ўказа прэзідэнта, які рэгулюе аплату жыллёва-камунальных паслуг. Паводле яго слоў, Савет Рэспублікі і ўрад ужо падрыхтавалі дакументы, неабходныя для прыняцця адпаведнага ўказа. "У
прапановах, якія ўжо адпрацаваны (хоць я не магу сцвярджаць, што яны будуць як ёсць прынятыя), ёсць абмежаванні для маламаёмных гаспадарчых суб'ектаў і хатніх гаспадарак, — сказаў
Мясніковіч. — Калі выдаткі на аплату ЖКП у горадзе перавышаюць 20% сукупнага даходу сям'і (уключаючы пенсіянераў, студэнтаў і гэтак далей), то ўсё, што звыш, будзе кампенсавацца за
кошт бюджэту. І 15% — мяжа ў сельскай мясцовасці, да якой адносіцца і большасць райцэнтраў".
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН