Супрацьзаконныя паборы дзеля новых працоўных месцаў
У Берасці за стварэнне новых працоўных месцаў доўгі час збіралі супрацьзаконныя паборы з суб'ектаў гаспадарання, якія будавалі аб'екты вытворчага прызначэння.
Праблема недахопу працоўных месцаў ніколі не хвалявала мясцовыя улады. Сапраўднае становішча з колькасцю беспрацоўных у горадзе выявілася толькі з-за катастрафічнага падзення эканомікі краіны.
Афіцыйная статыстыка за ўвесь час незалежнасці краіны амаль у дзесяць разоў заніжала фактычны ўзровень беспрацоўя — замест рэальнага ўзроўню ў 11% паказвалі толькі 1,1%. Гэта, канешне, была заведамая хлусня. Беспрацоўны чалавек, як вядома, з-за адсутнасці працы адчувае сябе ізгоем і ў дзяржаве, і ў грамадстве, і ў сям’і. У Берасці налічылі 22 тысячы так званых дармаедаў пры ўзроўні зафіксаванага беспрацоўя ў памеры ўсяго ў 1,1%. Амаль у кожнага беспрацоўнага ёсць сем’і, а гэта азначае, што праблема дармаедаў значна закранула не менш чым 80 тысяч жыхароў горада.
Замест прыняцця эфектыўных мер, закліканых забяспечваць занятасць і даступнасць медыцынскіх паслуг для ўсіх слаёў насельніцтва, дзяржаўныя ўлады на працягу дзясяткаў гадоў рабілі інакш: яны паставілі грамадзян у поўную залежнасць ад мясцовых чыноўнікаў, якія наўмысна пазбаўлялі людзей працы, а значыць і сацыяльнага статуту. На ўзрост беспрацоўя вялікі ўплыў аказвала наўмыснае банкруцтва Брэсцкім гарвыканкамам буйных прадпрыемстваў, у тым ліку будаўнічых.
Такая несправядлівасць выклікала магутны сацыяльны пратэст насельніцтва, які і выліўся ў Дзень Волі.
Хлусня і масавае парушэнне канстытуцыйных правоў грамадзян сталі звычайнымі нормамі паводзін чыноўнікаў. Тэмпы росту інвестыцый у асноўныя сродкі з-за росту карупцыі ў мясцовых органах улады, вельмі рэзка скарачаюцца. Толькі залімітавы ўзровень карупцыі ў Брэсцкім гарвыканкаме прымусіў людзей пайсці на маршы пратэсту.
Дакументальным доказам сказанаму, напрыклад, з’ яўляецца незаконнае рашэнне Брэсцкага гарвыканкама ад 14 снежня 2006 г. № 2057 "Аб зацвярджэнні Інструкцыі аб упарадкаванні вядзення інвестыцыйнага працэсу ў будаўніцтве…"
Агульнавядома, што інвестыцыйна-будаўнічы комплекс заўжды з'яўляецца свайго роду лакаматывам росту эканомікі рэгіёна і дзяржавы ў цэлым.
Сутнасць гэтага "ўпарадкавання” заключалася ў тым, што для суб'ектаў гаспадарання, якія ажыццяўлялі ў межах горада будаўніцтва аб'ектаў вытворчага прызначэння, уводзіліся супрацьзаконныя паборы за стварэнне новых працоўных месцаў у памеры да 20% ад кошту будаўніча-мантажных работ на гэтых аб'ектах. I для нiкога не было ўжо дзівосным такое "мудрае” рашэнне карумпаваных чыноўнікаў, але здзіўляла другое, як такое "рашэнне” прайшло юрыдычную экспертызу.
Вельмі важна адзначыць, што поўнамаштабная праверка выканання законнасці ў Брэсцкім гарвыканкаме наўмысна ні разу не праводзілася, нягледзячы на масавыя патрабаванні насельніцтва .
Адным з фактараў, які абмяжоўваў павелічэнне інвестыцый у рэальны сектар эканомікі горада, стала інструкцыя аб "упарадкаванні” вядзення інвестыцыйнага працэсу ў будаўніцтве аб’ектаў вытворчага прызначэння.
Зыходзячы з сэнсу і зместу інструкцыі, можна зрабіць вывад а б тым, што паборы за стварэнне новых працоўных месцаў былі незаконнымі, а чыноўнікі асабіста маглі вырашаць, колькі грошай павінна паступіць на разліковы рахунак гарвыканкама і колькі ім у кішэню.
Які ж сацыяльны і эканамічны ўрон быў нанесены такім "упарадкаваннем”?
Па-першае, не атрымалася істотна знізіць узровень незанятасці працаздольнага насельніцтва рэгіёна.
Па-другое, пры вытворчасці будаўнічай прадукцыі (выкананні будаўнічых работ) ускосна, ці непасрэдна прымаюць удзел амаль усе галіны эканомікі краіны, якія забяспечваюць будаўніцтва будаўнічымі машынамі, цэментам, металам і металаканструкцыямі, лесаматэрыяламі, сродкамі транспарту, палівам, энергетычнымі рэсурсамі і г.д. Будаўніцтва, як правіла, у выніку паглынае больш за 20% металапракату, каля 50% прадукцыі прамысловасці будаўнічых матэрыялаў, 40% піламатэрыялаў і больш за 10% машынабудавання.
Па-трэцяе, пасля ўводу аб'ектаў вытворчага прызначэння у эксплуатацыю на аснове недзяржаўных інвестыцый адразу ж атрымалася б працаўладкаваць шмат беспрацоўных. Апроч гэтага, была б выяўлена падаткаабкладаемая база (падаткі на даданую вартасць, на прыбытак арганізацыі і на маёмасць).
Па-чацвёртае, уласныя інвестыцыі суб'ектаў гаспадарання, якія б дазвалялі развіваць эканоміку будаўнічай галіны на аснове недзяржаўных інвестыцый, былі значна зменшаны. У структуры жыллёвага будаўніцтва доля прыватнай уласнасці на аснове недзяржаўных інвестыцый таксама значна паменшылася.
Чыноўнікі дзеля захавання сваёй улады надумалі атрымаць яшчэ адну, на іх погляд, лёгкую перамогу "дабра над злом” — прымусіць беспрацоўных грамадзян працаваць з дапамогай дубінак. Але дзе знайсці зараз працоўныя месцы? І які ўплыў можа аказаць на стварэнне новых працоўных месцаў арганізаванае на Дзень Волі публічна-паказальнае лупцаванне беспрацоўных дубінкамі, акрамя, канешне, месцаў для тых, хто лупцаваў?
Вектар развіцця эканомікі дзяржавы павінен быць накіраваны ў першую чаргу на забеспячэнне значнага павышэння ўзроўню жыцця грамадзян і на скарачэнне разрыву дабрабыту паміж простым народам і дзяржаўнымі служачымі.
Гэтых мэтаў можна дасягнуць толькі шляхам пабудовы рынкавай эканомікі, якая дынамічна развіваецца, са стабільным і зразумелым заканадаўствам, з больш нізкай залежнасцю ад сусветнай кан'юнктуры коштаў на энерганосьбіты, аптымальным удзелам дзяржавы ў гаспадарчай дзейнасці пры ўзмацненні яе ролі як гаранта бяспекі, а таксама ў забеспячэнні эканамічнай свабоды, фінансавай стабільнасці і празрыстасці арганізацый усіх формаў уласнасці, сацыяльных стандартаў і эфектыўнай інфраструктуры.
Што трэба зрабіць у першую чаргу, каб знізіць рост сацыяльнага напружання насельніцтва? Трэба неадкладна забяспечыць жорсткі і пастаянны кантроль за выкананнем заканадаўства мясцовымі уладамі. Карумпаваныя чыноўнікі павінны быць у самы кароткі час звольнены з пасад і прыцягнуты да адказнасці. Трэба таксама неадкладна правесці радыкальнае скарачэнне дзяржаўных служачых.
Фёдар Петрусевіч, БХД, Берасце, прамоўца падчас парламенцкіх кампаній 2012 і 2016 гадоў
bchd.info