Першамай у Берасці пад забаронай, як і 130 гадоў таму

Брэсцкі гарвыканкам забараніў правядзенне першамайскай дэманстрацыі і мітынгу прадстаўнікам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Аб'яднанай грамадзянскай партыі і партыі БНФ.

Фота Радыё Свабода

Фота Радыё Свабода


Арганізатары мерапрыемстваў Ігар Маслоўскі, Уладзімір Вуек і Зміцер Шыманскі мелі намер правесці дэманстрацыю па цэнтральных вуліцах Брэста, а завяршыць масавую акцыю мітынгам на плошчы Свабоды.

Мэтамі масавага мерапрыемства прадугледжвалася абмеркаванне і выказванне грамадзянамі свайго стаўлення да бягучых праблем у эканамічным і палітычным жыцці Беларусі, данясенне да ўдзельнікаў мітынгу адказаў органаў дзяржаўнай улады на рэзалюцыі мітынгу 25.03.2017г.

«Крок наперад, 2 крокі назад — гэта дзеянні ўладаў. Такая сітуацыя з правамі чалавека, такая сітуацыя ў палітыцы, у эканоміцы і сацыяльнай сферы. Пры такім падыходзе ніякія суботнікі і міжнародныя крэдыты не выратуюць нашу краіну ад беднасці і бяспраўя. Атрымліваецца, што праз 130 гадоў з дня абвяшчэння Дня салідарнасці працоўных, для нашай краіны нічога не змянілася» — каментуе адказ мясцовых уладаў старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі БСДП Ігар Маслоўскі.

«Прынятае рашэнне гарвыканкама не адпавядае духу імкнення да агульнага пошуку рашэння лакальных і агульнарэспубліканскіх праблем, ідэі канструктыўнага дыялогу, пра які заяўлялі прадстаўнікі мясцовых уладаў на мітынгу 25-га сакавіка ў Берасці. Мы выказваем надзею на тое, што, нягледзячы на забарону дэманстрацыі і мітынгу 1 мая дамоўленасці, дасягнутыя паміж прадстаўнікамі гарвыканкама і аргкамітэтам Дня Волі будуць увасоблены ў рэальнасць» — выказвае сваю пазіцыю старшыня абласной структуры партыі БНФ Дзмітрый Шыманскі.

Па словах Маслоўскага ніхто не можа забараніць жыхарам горада адсвяткаваць 1 Мая — Дзень міжнароднай салідарнасці працоўных. «Краіна чакае пераменаў. Кожны жыхар Беларусі мае права на годны ўзровень жыцця і сацыяльную абарону. Мы будзем змагацца за справядлівасць і раўнапраўе ў нашай краіне. Мы верым, што нашы салідарныя дзеянні прывядуць да поспеху. Далучайцеся!» — заклікае Маслоўскі.

Прэс-служба аргкамітэта