У Маскве адкрыюць дзесяць крам беларускага аналага IKEA: змагаюцца з санкцыямі

Саюз гандлёвых цэнтраў Расіі падпісаў пагадненне аб супрацоўніцтве з беларускай кампаніяй Swed House, якая вырабляе аналагі тавараў шведскай IKEA.

Фота з афіцыйнага сайту diamond city

Фота з афіцыйнага сайту diamond city

Нагадаем, IKEA абвесціла аб прыпыненні працы ў Беларусі і Расіі ў сакавіку 2022 года пасля нападу на Украіну. У сярэдзіне жніўня рэтэйлер паведаміў аб ліквідацыі расійскай «дачкі» ТАА «Ікеа Дом», якая кіравала крамамі ў Расіі.
У лістападзе стала вядома, што беларускія ўлады плануюць стварыць уласны аналаг IKEA — праект «Да Дому», які стане альтэрнатывай еўрапейскім брэндам. Канцэпцыя праекта — у размяшчэнні на адной гандлёвай пляцоўцы максімальна шырокага асартыменту беларускай прадукцыі для дома. Сетка такіх мультыбрэндавых крам планавалі адкрыць як на ўнутраным рынку, так і за межамі краіны.
У снежні сыход IKEA з беларускага рынка пракаментаваў Лукашэнка: «Да спаткання! Мы гэтыя зэдлічкі, крэслы і іншае зробім. Або дэталі для ложкаў... Што, мы не можам зрабіць? Тым больш, яны ж нічога не забралі, і людзі засталіся. Пайшоў гаспадар — ну і ідзі. На рынку попыт прыстойны, на тым жа рынку ў Расіі, Беларусі і гэтак далей мы можам вырабляць гэтыя дэталі і ім пастаўляць, як пастаўлялі».


Прадстаўнік Swed House заявіў, што кампанія вядзе перамовы аб імпарце мэблі вытворцаў з Кітая і дзяржаў ЕАЭС.
Як паведаміў кіраўнік расійскага саюза гандлёвых цэнтраў Булат Шакіраў, у 2023 годзе плануецца адкрыць дзесяць крамаў Swed House у Маскве плошчай да тысячы квадратных метраў, а ў наступныя гады — да 50 магазінаў па ўсёй Расіі.
«Мы зараз атрымалі больш за сто запытаў ад гандлёвых цэнтраў, якія хочуць у сябе іх размясціць. Усё роўна, дзе гэта будзе знаходзіцца — у цэнтры Масквы, на МКАД або ў спальных раёнах. У любым выпадку мэбля, тавары для дома, тэкстыль будуць запатрабаваны», — распавёў ён.
Крама кампаніі Swed House ужо працуе ў мінскім ГЦ Diamond City.
Пасля рашэння шведскай кампаніі сысці з рынкаў агрэсараў на гомельскім прадпрыемстве, што вырабляла для іх прадукцыю ўзніклі сур’ёзныя праблемы з вытворчасцю.

Як распавядалі супрацоўнікі прадпрыемства, там выплачваюць толькі дзве траціны заробку. А таксама супрацоўнікам давядзецца прыходзіць на працу і «проста сядзець». Нават у начную змену.


Прадпрыемства «Делком40» — даччыная кампанія польскай групы кампаній «COM40», якая вырабляе мэблю і іншую прадукцыю для IKEA. На сайце кампаніі пазначана, што ў штаце працуюць 2100 чалавек, «у асноўным, рабочыя прафесіі». Некалькі з іх распавялі пра тое, што цяпер адбываецца на прадпрыемстве.

— Першыя праблемы пачаліся пасля вайны і сыходу IKEA з расійскага рынку, — кажуць работнікі. — Нас усіх адправілі ў чарговыя адпачынкі. Пасля перавялі на 2/3 акладу (гэта крыху больш за 350 рублёў на рукі). У гэты час мы сядзелі дома.

А 27 красавіка на агульным сходзе супрацоўнікам «Делком40» абвясцілі: з наступнага тыдня ім прыйдзецца прыходзіць на працу і проста знаходзіцца ў месцы для прыёму ежы. Гэта значыць, у сталовай. Такое распараджэнне тычыцца як мінімум цэха вытворчасці мяккай мэблі.
«Мы страцілі 90% збыту, вытворчасць практычна спыненая»
Кіраўнік праекта па закупцы металу «Делком40» Сяргей Патапаў прызнаваўся, што ў той момант вытворчасць практычна спыненая. Хоць раней прадпрыемства рабіла для IKEA каля 20 тысяч канап на тыдзень.
— IKEA сышла, а ў нас уся вытворчасць была арыентаваная на іх, — кажа Сяргей Патапаў. — Цяпер мы стараемся знайсці альтэрнатыўныя крыніцы, куды можна рэалізоўваць сваю прадукцыю, — запусціць лінейку мэблі пад сваёй гандлёвай маркай. Стараемся знайсці новыя рынкі збыту — гандлёвыя сеткі, можа, аптовых пакупнікоў. Робім усё для таго, каб адкрыць уласную рознічную сетку, як было ў далёкіх планах. Мы страцілі 90% збыту, вытворчасць практычна спыненая.
Патапаў адзначыў: для таго, каб выйсці хоць бы ў нуль, па яго разліках, спатрэбіцца дзесьці каля паўгода